В этом году коллектив СПК «Маяк-Заполье» отмечает 75-летний юбилей
СВК “Маяк-Заполле”, які ў лістападзе 2024 года адзначыць 75-гадовы юбілей, заўжды быў і застаецца арыенцірам у галіне сельскай гаспадаркі. Тут заўжды працавалі і сёння шчыруюць, руплівыя людзі, якія па-гаспадарску адносяцца да сваёй працы і дасягаюць значных вынікаў. Нягледзячы на ўсе дасягненні і ўзнагароды, калектыў прадпрыемства не збіраецца спыняцца на дасягнутым.
Згодна з архіўнымі звесткамі, у 1940-1941 гадах на тэрыторыі сучаснага сельгаскааператыва “Маяк-Заполле” існавалі калектыўныя гаспадаркі: імя Молатава ў в. Кальчычы, імя Будзённага ў Заполлі, імя Чапаева ў Дольнай Руце, “1 Мая” ў Вірышчы і “Парыжская камуна” ў Пагор’і. У пасляваенныя гады адбывалася масавая калектывізацыя. Літаральна ў кожным населеным пункце сяляне аб’ядноўваліся для сумеснай работы ў сельгасарцелі з патрыятычнымі назвамі: “Барацьбіт за мір” у Тудараве, “Полымя рэвалюцыі” ў Стрэльніках, “Маяк камунізму” ў Мянючычах, “Сцяг перамогі” ў Руціцы. Жыхары Востухава выбралі назву “Новае жыццё”.
З тых часоў пройдзены слаўны шлях. Створана выдатная матэрыяльная база, забяспечана добрая пераемнасць пакаленняў і дасягнуты вынікі, якімі можна ганарыцца. Прадпрыемства заўжды служыла арыенцірам па ўраджайнасці зерневых і зернебабовых культур, рапсу, кукурузы, цукровых буракоў і асноўных паказчыках галіны жывёлагадоўлі. Па выніках “Маяка” звяраюць свае паказчыкі аграрыі ўсёй вобласці.
На гэтых землях заўсёды шчыравалі працавітыя і сумленныя земляробы. Аб этапах развіцця гаспадаркі могуць расказаць ардэнаносцы і заслужаныя калгаснікі. Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ўзнагароджаны 8 працаўнікоў, ордэнам Знак Пашаны — 7 чалавек, 2 Героя Сацыялістычнай Працы, медалём “За працоўную адзнаку” — 6 калгаснікаў. 5 працаўнікоў адзначаны ордэнам Працоўнай Славы, чацвёра — медалём “За працоўныя заслугі”.
— 75 гадоў — салідная лічба, — кажа старшыня СВК “Маяк-Заполле” Віктар Маковік. — За гэтыя гады з невялікай гаспадаркі мы выраслі ў сур’ёзнае прадпрыемства, якое ставіць перад сабой усё больш высокія мэты і паспяхова вырашае іх.
Жніво на вышыні
Уборку зерневых на 1766 га, з якіх 1580 — азімыя, сёлета правялі ў аптымальныя тэрміны і сабралі нядрэнны ўраджай.
Для гэтага ў гаспадарцы зрабілі ўсё неабходнае: пасеялі зерневыя культуры ў агратэхналагічныя тэрміны, унеслі поўны комплекс мінеральных угнаенняў, правялі неабходныя мерапрыемствы, каб захаваць зерневыя ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля.
У выніку намалочана 13904 тоны з ураджайнасцю 80,1 цэнтнера на круг. Нарыхтавана 25402 тоны сенажа, што на 127% перавышае план. На адну ўмоўную галаву нарыхтавана 29,22 ц кармавых адзінак, што на 8,23 ц к.а больш, чым летась.
— Так атрымалася, што адвожу ў траншэі тую кукурузу, якую сеяў вясной. Паглядзіце, якая вырасла, значыць працу выканаў якасна, — усміхаецца механізатар Сяргей Сцепанчук. — У нашай справе галоўнае — своечасова і на належным узроўні выконваць сваю работу. А працаваць на зямлі я прывык — ужо 22 гады шчырую механізатарам. Прыемна бачыць, што твае намаганні прыносяць карысць, гэта дае новыя сілы, стымулюе працаваць.
Клапоцяцца на прадпрыемстве і пра ўраджай будучага года. Ужо ў канцы жніўня на 600 га быў пасеяны азімы рапс. У пачатку верасня “маякоўцы” пачалі высяваць азімую пшаніцу.
— Калі працаваць сумленна, тады і вынік будзе, — кажа Віктар Маковік. — У нас падабраўся выдатны калектыў, кожны адказна ставіцца да сваіх абавязкаў і па-сапраўднаму любіць сваю справу.
Малочныя рэкі
Каб атрымаць годныя вынікі ў жывёлагадоўлі, павінны сысціся некалькі фактараў: граматная племянная работа, кадры, кармы. Не менш важнымі застаюцца і ўмовы ўтрымання статка. Таму ў “Маяку” будуюцца і аднаўляюцца памяшканні для вырошчвання жывёлы. У студзені 2024 года быў уведзены ў эксплуатацыю новы малочна-таварны комплекс “Востухава” на 610 галоў, ідзе рэканструкцыя памяшканняў старой МТФ “Востухава”.
— На новай ферме створаны ўсе ўмовы для камфортнай работы, — расказвае аператар машыннага даення Таццяна Стрэчань. — І працаваць стала лягчэй, і паказчыкі сталі вышэй: выраслі якасць даення, таварнасць малака, працэнт “экстры”.
— Асноўны накірунак дзейнасці сельгаспрадпрыемства – вытворчасць малака, ялавічыны, свініны, — адзначае Віктар Маковік. — Малако — гэта “жывыя” грошы круглы год, яно запатрабавана перапрацоўчымі прадпрыемствамі. Таму інвестыцыі, укладзеныя ў малочную вытворчасць, абавязкова акупяцца.
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы на прадпрыемстве — 4319 галоў, дойны статак — 1589. За 8 месяцаў бягучага года гаспадарка рэалізавала 9114,3 тоны малака ў заліковай вазе, што на 104,4% больш, чым у мінулым годзе. 82,3% малака рэалізавана гатункам “экстра”.
— У першую чаргу гэтых вынікаў удалося атрымаць дзякуючы прафесіяналізму жывёлаводаў, якія пастаянна павышаюць прадуктыўнасць дойнага статка. Па малаку працуем вельмі скрупулёзна, новыя тэхналогіі дазваляюць дасягнуць добрых вынікаў, — кажа старшыня СВК “Маяк-Заполле”. — Усе вынікі і паказчыкі сельгаспрадпрыемства сталі рэальнасцю дзякуючы нястомнай штодзённай працы спецыялістаў, аграрыяў, жывёлаводаў і іншых работнікаў гаспадаркі.
Сяргей Столяр
Фота аўтара