Журналист газеты «Полымя» побывала на премьере исторического блокбастера «Черный замок»

12 верасня ў кінатэатры “Беларусь” у г. Мінску адбыўся прэс-паказ гістарычнага блокбастэра пад назвай «Чорны замак». На прэм’ерны паказ былі запрошаны прадстаўнікі цэнтральных і рэгіянальных выданняў.

Кінастужка “Чорны замак” была знята ў 2024 годзе РУП “Нацыянальная кінастудыі “Баларусьфільм” і ТАА “Нью Арт Сінема Прадакшн” (Расія). Сцэнарый па матывах першакрыніцы, раману У. Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”, напісаў прадзюсар Глеб Шпрыгаў. А рэалізаваў яго расійскі рэжысёр Кірыл Кузін, у партфоліа якога шмат работ у жанры фэнтэзі.


У спецыяльным паказе прынялі ўдзел: аўтар сцэнарыя, прадзюсар Глеб Шпрыгаў, кінарэжысёр-пастаноўшчык Кірыл Кузін, народны артыст Расійскай Федэрацыі Віктар Вяржбіцкі, мастак-пастаноўшчык Наталля Навоенка, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Баларусьфільм” Павел Скалабан.
– Гэта вялікае забаўляльнае сучаснае кіно, у якім шмат батальных сцэн з каскадзёрамі і камп’ютэрнай графікай. Праца над праектам вялася больш за год. Дзеянні фільма перанесены з 70-х гадоў ХХ стагоддзя ў нашы дні. У кінакарціне ўдалося захаваць «беларускасць», нават улічваючы, што галоўныя ролі выканалі расійскія акцёры, – распавёў рэжысёр-пастаноўшчык фільма Кірыл Кузін.


Ён адзначыў, што архітэктурным прататыпам новай карціны стаў Гальшанскі замак-рэзідэнцыя роду Сапегаў у Гродзенскай вобласці. Маршрут быў пабудаваны ў тры дзясяткі лакацый. У тым ліку ў кадры апынуліся касцёл Святой Веранікі ў вёсцы Селішча, сядзіба Чапскіх у Прылуках, Мірскі замак і многія іншыя помнікі архітэктуры.


– У нас найбагацейшая гісторыя, у якой ёсць свае злыдні, свае героі, прыгожыя пачуцці, якія ўсіх нас акультурваюць, – працягнуў сцэнарыст праекта Глеб Шпрыгаў.


Ён заўважыў, што фільм не з’яўляецца гістарычна дасканалым, а прылічваецца да жанру гістарычнага фэнтэзі.


Галоўныя ролі ў фільме выканалі расійскія акцёры Яўген Шварц і Вераніка Усцімава.
Для кінапракату выйдзе скарочаная версія фільма. На вялікіх экранах «Чорны замак» пакажуць у сярэдзіне снежня. А на анлайн-пляцоўках яго можна будзе паглядзець з лютага будучага года.


У ліку ўдзельнікаў прэм’ернага паказу фільма ”Чорны замак” была журналіст раённай газеты “Полымя” Кацярына Куканава, якая падзялілася ўражаннямі ад прагляду:
– Цудоўная сучасная кінастужка, якая разлічана на масавага гледача. У аснову фільма пакладзена аповесць Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі». Аўтар здолеў стварыць займальны сюжэт, у якім цікава, захапляльна раскрываюцца і пераплятаюцца дзве часавыя лініі: сучаснасць і эпоха Сярэднявечча. Безумоўна, параўноўваеш новую карціну “Чорны замак» з экранізацыяй савецкіх часоў. У сучаснай інтэрпрэтацыі аповесці Уладзіміра Караткевіча дададзена больш дынамікі. У фільме выкарыстаны элементы фэнтэзі і гістарычнага дэтэктыва, што захапляе гледача з першай хвіліны і да заключных цітраў. Глядзець фільм было і цікава, і пазнавальна, паколькі ў сюжэце выкарыстаны асобныя рэальныя факты беларускай гісторыі.


Мне здаецца, што фільм «Чорны замак» спадабаецца гледачам. Асабліва прывабным ён будзе для моладзі, бо тут ёсць усё, што ім падабаецца: і містыка, і гісторыя, і прыгоды. Хочацца спадзявацца, што маладое пакаленне, пазнаёміўшыся з новай кінаверсіяй, з большай цікавасцю будзе ставіцца да творчасці вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча і з вялікім задавальненнем будуць чытаць яго творы.


Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара