Прикосновение к творчеству пожилых людей. В Кореличах открылась выставка «Добрых рук мастерство»

У Карэліцкім Доме рамёстваў адкрылася выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Добрых рук майстэрства». Аўтарамі незвычайных у сваёй прыгажосці работ сталі  карэліччане залатога ўзросту. Мерапрыемства прымеркавана да Дня пажылых людзей.

Напачатку прамовы намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан выказаў словы ўзячнасці людзям сталага ўзросту за актыўную жыццёвую пазіцыю, пажадаў ім моцнага здароўя і заклікаў часцей наведваць раённыя святы.

«Вельмі добра, што вы прадаўжаеце весці актыўны лад жыцця», — адзначыў Яўген Мікалаевіч, даўшы высокую адзнаку выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Добрых рук майстэрства»: вырабы выкананы па-майстэрску, кожная рэч захапляе па-свойму.

Галоўны спецыяліст Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Вольга Куляка назвала сталы ўзрост элегантным і залатым, пажадаўшы яго прадстаўнікам не заглядваць у пашпарт і быць здаровымі. У гады маладосці яны мелі вытрымку і цярпенне, сумленныя адносіны да працы, жаданне рухацца наперад — і гэтае стаўленне да жыцця пажадала прывіваць сённяшняй моладзі.

На выставе прадстаўлены работы наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Карэліцкага раёна — удзельнікаў гурткоў «Кудесница» і «Сундучок идей». Работы таленавітых майстрых радавалі вочы: вышыўка крыжыкам, гладдзю, атласнымі стужкамі, сурвэткі. Наведвальніца гурткоў Людміла Хвеська сказала: «Ніколі не позна пачынаць вучыцца. У гуртках вяжам, вышываем, размаўляем аб усім. Свае рэчы дорым іншым людзям».

У сваю чаргу начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш адзначыла, што быць валанцёрам можна ў любым узросце і заклікала прыходзіць у Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Прысутныя пазнаёміліся з выставай работ і прынялі ўдзел у майстар-класе па вышыўцы атласнымі стужкамі ад Галіны Лагуты.


Святлана РАМАНЮК,
жыхарка г.п. Карэлічы:
— Мяне запрасілі на адкрыццё выставы і ўрачыстасць з нагоды Дня пажылых людзей. Выстава вельмі спадабалася. Глядзіш на гэтыя цудоўныя рэчы — і душа радуецца: колькі цярпення і любові ўкладзена ў іх. Захапляюць вышыўкі, вырабы з саломкі, лялькі. Сэрца радавалася і таму, што на выставу прыйшло вельмі шмат людзей залатога ўзросту — значыць ім цікава майстэрства карэліччан.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА