Водителю СПК «Жуховичи» Борису Кулаку объявлена Благодарность Президента Республики Беларусь

За значны  ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх паказчыкаў Падзяка  Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлена вадзіцелю СВК “Жухавічы”  Барысу Іосіфавічу Кулаку.

Барыс Іосіфавіч ужо больш 30 гадоў шчыруе на жухавіцкай зямлі. Яго “МАЗ-6501”, які  безупынна курсіруе па калгасе, цяжка не заўважыць.  Сёлета, падчас уборачнай кампаніі, вадзіцель быў адным з першых у рэгіёне, хто перавёз адну, дзве, тры  і нават чатыры тысячы тон збожжа.

–        Добра ведаю цану хлеба, паколькі не першы год працую ў сельскай гаспадарцы. Уборачная для нас, хто ўбірае хлеб з палёў, – сапраўдны экзамен на прафпрыдатнасць. Тут улічваецца ўсё: тваё стаўленне да працы і да тэхнікі, на якой працуеш. Хтосьці скажа, круці баранку, цісні педалі – і ўсё. Але гэта далёка не так! Падчас перавозкі збожжа трэба быць уважлівым на ўсім шляху руху машыны з поля да збожжатоку. Ды і працу ў рытме з раніцы да вечара не ўсе вытрымаюць. Мы ж да такога рытму прывыклі!  А навіна аб такой высокай  узнагародзе – гэта, лічу, ацэнка таго, што свой экзамен хлебароба я здаў на выдатна, – падзяліўся Барыс Іосіфавіч.

Родам ён з Далматаўшчыны Лукскага сельскага Савета. Нарадзіўся ў простай вясковай сям’і. Бацька Іосіф Міхайлавіч і маці Глафіра Ігнацьеўна ўсё жыццё працавалі на ферме. Самі працавітыя, гаспадарлівыя, яны і ў дзецях выхавалі любоў да зямлі, адказнасць, добрасумленнасць, што ім і спатрэбілася ў жыцці.

–        У сям’і нас было чацвёра: дзве сястры, брат  і я. Дома бацькі  заўсёды трымалі вялікую гаспадарку: дзве каровы, свінні,  авечкі, птушку розную – таму  работы хапала ўсім. Бацькам асабліва  не было часу займацца нашым выхаваннем, таму выхоўваліся праз працу і замацаваныя за кожным з нас абавязкі, –  успамінае суразмоўца.

У 1985 годзе пасля заканчэння Лукскай дзесяцігодкі юнака ад ваенкамата накіравалі на вучобу ў Лідскае ДТСАФ.  І ўжо праз чатыры месяцы ён  моцна трымаў у руках заветнае вадзіцельскае пасведчанне.  А потым  была  армія, дзе за два гады шмат чаму навучыўся,  адтачыў на практыцы веды і ўменні, атрыманыя  падчас  вучобы. Служба ішла добра, але  малады чалавек сумаваў па родных мясцінах, па доме і адразу ж пасля доўгачаканага “дзембеля” паехаў на радзіму.  Працоўную дзейнасць пачынаў вадзіцелем “хуткай дапамогі” пры Жухавіцкай амбулаторыі, а ў 1990 годзе ўладкаваўся ў СВК “Жухавічы”.  І  з таго часу добрасумленна шчыруе на пасадзе вадзіцеля сельгаспрадпрыемства. За працу неаднаразова атрымліваў Ганаровыя граматы, падзякі і прэміі Карэліцкага райвыканкама і гаспадаркі, якой прысвяціў амаль усю сваю працоўную дзейнасць.

–        Работа вадзіцеля патрабуе ад чалавека асаблівых якасцяў: па-першае, чыста прафесійных, каб машына заўсёды была “на хаду”. Па-другое, трэба мець пачуццё абавязку, адказнасці пры перавозцы грузаў. Увага, хуткасць рэакцыі, добрае веданне правілаў дарожнага руху. І, нарэшце, добрае здароўе, цягавітасць, калі даводзіцца шмат гадзін сядзець за рулём машыны, і не проста сядзець, а працаваць, не зважаючы на стомленасць, а часам і недамаганне, – падзяліўся прафесійным сакрэтам  Барыс Іосіфавіч.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара