29 октября — День образования Департамента охраны. Милиционер Кореличского Департамента охраны Валерия Томчик о профессиональных буднях и женском счастье
29 кастрычніка адзначаюць прафесійнае свята супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. За час існавання Дэпартамента, а сёлета ведамству спаўняецца 72 гады, яго супрацоўнікі неслі варту на ўсіх прадпрыемствах, арганізацыях краіны, ахоўвалі цэлыя вёскі, пацярпелыя ад Чарнобыльскай трагедыі. У сваё прафесійнае свята яны таксама будуць на сваіх пастах, ахоўваць давераныя ім аб’екты.
Калі чуеш выраз “супрацоўнік Дэпартамента аховы”, уяўленне малюе суровага мужчыну, які пільна сочыць за аховай аб’екта, літаральна зазірае ў душу. Але сённяшняя наша гераіня сустракае кожнага, хто ўваходзіць у будынак Карэліцкага райвыканкама, прыемнай усмешкай.
— Валерыя Томчык, — прадстаўляецца жанчына. — Міліцыянер узвода міліцыі Карэліцкага аддзялення Дэпартамента аховы.
Валерыя нарадзілася ў г. Слонім. Пасля школы скончыла Навагрудскі аграрны каледж па спецыяльнасці “камерцыйная дзейнасць. Эканаміст”. На службу ў Дэпартамент аховы прыйшла амаль два гады таму. Даведалася, што Карэліцкаму аддзяленню патрабуюцца міліцыянеры, прыехала на субяседаванне:
— Сустрэлася з начальнікам аддзялення Максімам Уладзіміравічам, паразмаўлялі, — успамінае жанчына. — З першых дзён працы за мной замацавалі настаўніка, вопытнага міліцыянера, у якога за плячыма больш за пятнаццаць гадоў выслугі, Дзмітрыя Мурашку, які дапамагаў мне ў самым пачатку.
Калектыў сустрэў новага супрацоўніка вельмі цёпла і прыязна. Валерыя асабліва падкрэслівае падтрымку калег і адзначае, што адчувае сябе часткай згуртаванай каманды, гатовай прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну.
— Разам мы спраўляемся з цяжкасцямі. Гэта вельмі важна ў любой прафесіі — адчуваць плячо падтрымкі сваіх калег. Кожны ведае сваю працу, мы абмяркоўваем нейкія выпадкі, сітуацыі, дзелімся вопытам, нешта падказваем адзін аднаму.
Адной з галоўных якасцяў сваёй службы Валерыя лічыць камунікабельнасць. Жанчына падкрэслівае, што вельмі важна ўмець трымаць сябе ў руках, не паддавацца эмоцыям, не дазваляць іншым маніпуляваць сабой.
— За час службы ў Дэпартаменце я вырасла як прафесіянал і цяпер я сама падказваю нешта маладым калегам. Дзякуючы больш вопытным саслужыўцам я больш упэўнена ў сабе, і працаваць намнога лягчэй.
Увесь вольны час жанчына прысвячае сям’і. Разам з мужам яны жывуць душа ў душу амаль дзесяць гадоў, гадуюць дзвюх дачушак. Старэйшая Ксенія вучыцца ў школе і іграе на баяне, малодшая Паліна наведвае дзіцячы садок і любіць маляваць.
— Ксеніі падабаецца займацца англійскай мовай, таму перыядычна набываем для яе анлайн-курсы.
Усёй сям’ёй вельмі любяць падарожнічаць. Два разы на месяц яны адпраўляюцца ў вандроўку па гарадах Беларусі. Наведваюць Гродна, Мінск, Слонім, Ліду. Ездзяць туды на дзень альбо два, каб проста адпачыць, убачыць нешта новае, з цікавасцю правесці час разам.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара