В Кореличской ЦРБ состоялось заседание совета по демографической безопасности

У канферэнц-зале Карэліцкай ЦРБ  прайшло пасяджэнне савета па дэмаграфічнай бяспецы. У ім прынялі  ўдзел  намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан, галоўны ўрач  УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Данута Скварада, намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе УАЗ “ГАКЦ “Псіхіятрыя-наркалогія” Сяргей Букін.

У ходзе пасяджэння абмеркавалі стан дэмаграфічнай сітуацыі на Карэліччыне, прааналізавалі выпадкі смяротнасці ад суіцыдаў і эфектыўнасць работы суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын.

Сяргей Букін адзначыў, што праблема самагубстваў існавала ва ўсе стагоддзі, але ў апошні час яна стала больш актуальнай. І гэта тычыцца большасці краін. Спецыялісты ва ўсім свеце ламаюць галаву над тым, як паменшыць колькасць фактараў, якія даводзяць людзей да «кропкі». Некалькі гадоў таму сур’ёзна забілі трывогу і ў нашай краіне, дзе штогод добраахвотна развітваюцца  з жыццём больш за 3 тысячы чалавек. Лекі ад суіцыдаў пакуль ніхто не знайшоў. Чаму ж людзі, не знайшоўшы ніякіх іншых выхадаў, хапаюцца за лязо, нож, вяроўку, жменямі глытаюць таблеткі? Фактараў шмат. Паводле дваццацігадовых назіранняў, на чатыры суіцыды сярод мужчын прыпадае адзін жаночы. Што тычыцца ўзросту, то на самагубства часцей ідуць людзі 30-60-гадовага ўзросту, і часцей гэта адбываецца ў ранішні, вячэрні або выхадны дзень.

Так,  на тэрыторыі Карэліцкага раёна за дзевяць месяцаў 2024 года  было  здзейснена тры выпадкі  самагубства, або 3% ад усіх  выпадкаў у Гродзенскай вобласці. Вельмі часта адчайны крок у нікуды робяць не толькі псіхічна хворыя або тыя, хто знаходзіцца ў неўратычным стане, але і зусім здаровыя.

Калі ва ўстановах адукацыі ёсць сацыяльныя педагогі і псіхолагі, то дарослае насельніцтва не ахоплена такой работай. І тут будуць  дарэчы гутаркі ў працоўных калектывах, псіхалагічныя трэнінгі.  Трэба выяўляць дэманстратыўных асоб і звяртаць на іх павышаную ўвагу. Вядома, не ўсе самазабойствы  можна прадухіліць. Але калі мы папярэдзім хоць адно ці два,  гэта ўжо будзе вялікая справа.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара