Вместе теплее. Узнали, как перезимуют одинокие старики из Кореличского района
СКАЗАНА
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка:
— Жыццёвыя сітуацыі ў людзей бываюць розныя, але дзяржава ў любым выпадку павінна абараняць інтарэсы старых і інвалідаў. Ёсць старыя, якіх ніхто не даглядае, незалежна ад наяўнасці дзяцей. Ёсць дзеці, няма дзяцей — іх ніхто не даглядае. Наша задача — гэтых старых забяспечыць. Бо чалавек павінен правесці сваю старасць як мае быць, дастойна. Трэба, каб старыя жылі ў нармальных умовах.
Падчас наведвання гарадскога дома-інтэрната для ветэранаў вайны і працы “Cвітанак”, 5 студзеня 2016 года.
На надомным абслугоўванні ў ЦСАН знаходзяцца 450 пажылых грамадзян і інвалідаў. 24 — атрымоўваюць паслугі сядзелкі, 4 — пражываюць у доме сумеснага самастойнага пражывання. У бальніцы сястрынскага догляду ў агр. Лукі, на сацыяльных ложках у г.п. Мір і ў пансіянаце «Івушка» ў агр. Жухавічы — па 14 чалавек.
Актуальнасць жыццеўладкавання адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян залатога ўзросту ўзрастае ў асенне-зімовы перыяд, бо клопатаў у старых, асабліва ў сельскай мясцовасці, у гэты час значна больш. Прынесці дровы і брыкет, каб прапаліць у печы, расчысціць сцежку ад снегу і набраць вады са студні для многіх становіцца складанай задачай. Хто і як дапаможа перазімаваць людзям пажылым, адзінокім, адзінока пражываючым і тым, хто мае патрэбу ў клопаце, я пацікавілася ў дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэсы Сямібратавай.
— Усе адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя людзі нашага раёна знаходзяцца пад увагай спецыялістаў ЦСАН, — сцвярджае Інэса Мікалаеўна. — Ужо прыкладна з сярэдзіны лета мы пачынаем працаваць над тым, каб вызначыць, ці змогуць пажылыя людзі самастойна перазімаваць у сваіх дамах, або іх забяруць да сябе сваякі, ці ёсць неабходнасць на зімовы перыяд аформіць іх у сацыяльныя ўстановы з кругласутачным знаходжаннем.
Перад надыходам асенне-зімовага перыяду назіральныя камісіі абследуюць усіх адзінокіх і адзінока пражываючых у дамах з пячным ацяпленнем, каб выявіць праблемы і неадкладна іх вырашыць. У першую чаргу гэта тычыцца рамонту пячнога ацяплення, электраправодкі, устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» на 2021-2025 гады на гэтыя мэты выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі. Так, у гэтым годзе было выдаткавана 43400 рублёў, якія былі накіраваны на рамонт пячнога ацяплення, электраправодкі, устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Было ўстаноўлена 71 святло-гукавое прыстасаванне з вывадам сігналу на фасад. Калі гаварыць у цэлым, то дадатковая сацыяльная падтрымка была аказана 599 адзінокім грамадзянам.
Інэса Мікалаеўна адзначыла, што на 1 кастрычніка ў раёне налічваецца 398 адзінокіх пажылых грамадзян, 94 адзінокіх інваліда 1-й і 2-й групы, якія яшчэ не дасягнулі пенсійнага ўзросту, два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і 9 пажылых грамадзян з ліку асоб, якія пацярпелі ў гады вайны. Вядома, большасць з іх яшчэ могуць самастойна абслугоўваць сябе ў зімовы перыяд, а тыя, каму патрабуецца дапамога, не застаюцца па-за ўвагай.
— На сённяшні дзень на надомным абслугоўванні ў ЦСАН знаходзяцца 450 пажылых грамадзян і інвалідаў. 24 грамадзянам, якія страцілі здольнасць абслугоўваць сябе, аказваюцца паслугі сядзелкі. 23 адзінокіх, якія не могуць пражываць самастойна ў зімовы перыяд, з’язджаюць на гэты час да сваякоў у горад. Яшчэ чатыры чалавекі мы размясцілі ў дом сумеснага самастойнага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у г.п Карэлічы. У бальніцы сястрынскага догляду ў агр. Лукі і на сацыяльных ложках у г.п. Мір знаходзяцца 14 чалавек. У пансіянаце «Івушка» для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў агульнага тыпу ў агр. Жухавічы – таксама 14 чалавек, — расказвае Інэса Мікалаеўна.
— Можна сказаць, што пажылыя людзі, якія не маюць працаздольных сваякоў і маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе і клопаце, усе знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні. Вядома, у жыцці здараюцца розныя моманты, і магчыма, што дапамога спатрэбіцца яшчэ і іншым пажылым людзям, таму сітуацыя пастаянна трымаецца на кантролі і сельскімі Саветамі, і раённым Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Назіральныя камісіі пастаянна выязджаюць да грамадзян гэтых катэгорый. І ў выпадку выяўлення людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе ў асенне-зімовы перыяд, мы зможам іх размясціць у бальніцах сястрынскага догляду.
У асноўным інтэрнатныя ўстановы разлічаны для прыёму грамадзян, якія не маюць працаздольных дзяцей, таму і знаходзяцца яны тут на дзяржаўным утрыманні. Але ў цяжкай жыццёвай сітуацыі могуць апынуцца і грамадзяне, якія выгадавалі і выхавалі сваіх дзяцей, а ў старасці засталіся без неабходнай дапамогі і падтрымкі родных людзей — у гэтым выпадку дзецям неабходна будзе даплачваць за ўтрыманне сваіх бацькоў у інтэрнатных установах. Не сакрэт, што пажылыя людзі больш за ўсё хочуць жыць са сваякамі, і, калі ёсць магчымасць уладкаваць іх у сям’ю, мы будзем толькі рады. Хачу адзначыць, што дзеці абавязаны клапаціцца пра сваіх бацькоў па законе, а ва ўнукаў такога абавязку ў дачыненні да бабуль і дзядуляў няма, але, на шчасце, яны часта забіраюць пажылых грамадзян у свае сем’і.
Усім пажылым грамадзянам хачу яшчэ раз нагадаць: калі ў сілу свайго ўзросту, стану здароўя самі не можаце вырашыць праблемы, якія ўзнікаюць, тэлефануйце па нумарах 7-30-52 або 7-11-98 да нас у Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна – тут вам абавязкова прыйдуць на дапамогу, – заключыла дырэктар Цэнтра.
У доме часовага знаходжання
У доме самастойнага сумеснага пражывання пажылых грамадзян у г.п. Карэлічы саграваюцца тыя, хто сутыкнуўся з жыццёвымі праблемамі і па розных прычынах не можа жыць у адзіночку. Тут бабулям забяспечаны догляд, клопат і душэўная хатняя абстаноўка.
– Нам тут добра, – дзеляцца пражываючыя. – Зручна, цёпла, сытна. Нас паважаюць, за намі глядзяць, ды і весялей разам.
У двухпакаёвай кватэры па вуліцы Гагарына ў райцэнтры створаны выдатныя ўмовы, набліжаныя да павышанай камфортнасці: утульныя пакоі, абсталяваная кухня, санвузел, пральная машына. Дом разлічаны на чатыры чалавекі. Зараз кватэра цалкам укамплектавана. Дзве жанчыны – пастаянныя жыхары, яшчэ дзве прыехалі, каб перазімаваць у камфортных умовах.
– Сацыяльныя службы робяць усё, каб не пакінуць сацыяльна ўразлівых людзей сам-насам са сваімі праблемамі, – гаворыць загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Алена Арцюх. – За восем гадоў свайго існавання такая форма сацыяльнай дапамогі дапамагла дзясяткам пажылых людзей з аддаленых і маланаселеных вёсак. Яны здольныя сябе абслугоўваць, але для іх важна, каб хтосьці быў побач: купіў прадукты, нагадаў прыняць лекі і проста пагаварыў.
З «пражываючымі» – так па дакументах называюць жыхароў дома – працуюць людзі з вялікімі сэрцамі. Сацыяльныя работнікі не толькі прыбіраюць памяшканні, купляюць прадукты, але і выслухоўваюць іх гісторыі, суцешаць, падбадзёраць. Разам праводзяць будні і святкуюць святы, пякуць пірагі, абмяркоўваюць навіны, фактычна замяняючы дзяцей і ўнукаў.
Аказваюць дапамогу састарэлым члены валанцёрскай групы з ліку грамадзян пажылога ўзросту «Саюз добрых сэрцаў» і іншыя грамадскія арганізацыі раёна.
Так, на Дзень пажылых людзей жанчыны атрымалі прыемныя падарункі ад Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас».
Кругласутачна пад наглядам
Пра пражыванне ў пансіянаце “Івушка” расказала дырэктар установы Вольга Богук.— У нашым пансіянаце пражывае 85 чалавек. Гэта адзінокія, пажылыя, інваліды, якія воляю лёсу апынуліся ў сценах нашай установы. Тут людзі набылі свой другі дом, у якім адчуваюць падтрымку, клопат і ўвагу.
Пражываючы ў нас, кожны можа знайсці занятак па душы: гэта чытанне кніг, выраб розных сувеніраў, настольныя гульні. Працуе гурток «Мелодыя», дзе жадаючыя могуць пад кіраўніцтвам культарганізатара займацца спевамі. Пры жаданні нашы пражываючыя даглядаюць кветкі, займаюцца ўборкай тэрыторыі пансіяната. На розныя царкоўныя святы нас наведваюць святары. З канцэртамі бываюць у гасцях работнікі Жухавіцкага Дома культуры, хоры ветэранаў з Карэліч, Міра, дзеткі з бліжэйшых школ, такіх як Ярэмічы, Цырын, Жухавічы, розныя валанцёры. Былі ў нас нават артысты беларускай эстрады. Таксама мы наведваем музеі, выставы.
Пражываючыя маюць магчымасць займацца з псіхолагам. У пансіянаце ёсць камп’ютарны клас, сэнсарны пакой для псіхалагічнай разгрузкі.
Як відаць, у нашай краіне створана сур’ёзная сістэма аказання дапамогі пажылым людзям не толькі ў плане пенсійнага забеспячэння, але і ў справе стварэння бяспечных умоў іх пражывання. Дзяржава падтрымлівае сваіх грамадзян ад самага нараджэння і да глыбокай старасці.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара