В Кореличах продолжается благоустройство дворовых территорий

На Карэліччыне працягваюцца работы па рамонце і аднаўленні дарожнага пакрыцця. На адных аб’ектах дарожнікі ўжо навялі парадак, іншыя заканчаюць добраўпарадкаваць, па нейкіх адрасах  работа ў самым разгары. Карэспандэнт газеты “Полымя” накіравалася ў  “гарачую кропку” –  на дваровую тэрыторыю па вул. Арцюха, 13, дзе знаходзіцца будынак ДУ “Карэліцкі раённы ФСК”.

Як адзначыў галоўны інжынер Карэліцкага ДРБУ-158 Юрый Бабанскі, заказчыкам работ на аб’екце выступіў раённы фізкультурна спартыўны клуб. Брыгадай дарожнікаў  заасфальтавана 510 кв. метраў пад’язных шляхоў на стадыёне “Юнацтва”. Завершаны работы і ў двары ўстановы  па вул Арцюха, 13: тут  пакладзена 1300 кв. метраў новага асфальту.

На дваровай тэрыторыі па вул. Арцюха, 13

– Задзейнічана неабходная тэхніка. З асфальтабетоннага завода своечасова падвозіцца матэрыял, праца арганізавана так, каб максімальна хутка правесці дарожныя работы, – расказвае майстар ДРБУ-158 Аляксандр Кадлубай і дадае:

– Пастараемся зрабіць усё, каб перамяшчэнне па дваровай тэрыторыі было максімальна камфортным.

Старшыня Карэліцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Наталля Галушка  адзначыла, што  пад’язныя шляхі да будынка даўно чакалі абнаўлення.  Хоць сёння для тых, хто прыехаў на работу на машыне не зусім зручна, бо на звычайнае парковачнае месца аўтамабіль не паставіш, але пасля завяршэння работ, заезд стане ў радасць не толькі для  работнікаў, але і для ўсіх наведвальнікаў устаноў, што размясціліся ў гэтым будынку.

– Нас, як работнікаў устаноў фізкультуры і спорту ды  і проста жыхароў Карэліччыны, радуе і ўсё тое, што адбываецца на стадыёне “Юнацтва” ў райцэнтры. Гэта з’яўленне новых спартыўных і дзіцячых  пляцовак, а днямі тут  былі заасфальтаваны пад’язныя шляхі, заменена 250 метраў бардзюрнага каменя. Спадзяёмся, што хутка адрамантуюцца і бегавыя дарожкі.  Верыцца, што  наш стадыён стане месцам прыцягнення многіх карэліччан,  а заняткі фізкультурай і спортам  будуць   жыццёвай неабходнасцю.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара