Евгений Чичкан: «Мы всегда открыты к диалогу и готовы выслушать людей»

У актавай зале дзяржаўнай установы адукацыі «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» адбылася сустрэча работнікаў культуры з намеснікам старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўгенам Чычканом.

Гутарка атрымалася адкрытай і шчырай: абодва бакі, як прадстаўнік мясцовай улады, так і прысутныя ў зале, былі зацікаўлены, каб пачуць адзін аднаго і паведаць аб хвалюючым.

Яўген Чычкан адзначыў, што 24 кастрычніка дадзены старт прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Падчас такіх сустрэч у працоўных калектывах будуць падведзены вынікі работы за прайшоўшы перыяд бягучага года.

Прамоўца адзначыў, што на многіх аб’ектах пачалася мадэрнізацыя, і ў якасці яскравага прыкладу назваў установы культуры ў Міры, Ярэмічах, Баранавічах.

Чакаецца рамонт фасада і тэрыторыі Карэліцкага РЦКіНТ. Нядаўна для глядзельнай залы набыты святлодыёдны экран. Навінку ўжо змаглі ацаніць наведвальнікі галоўнай установы культуры раёна: экран заззяў прыгожымі і яркімі фарбамі. Узяты арыенцір і на закупку новай тэхнікі і сцэнічных касцюмаў.

Падчас сустрэчы Яўген Мікалаевіч нагадаў і пра работы, якія вядуцца на стадыёне «Юнацтва» ў райцэнтры. «Гэтае месца павінна стаць зонай адпачынку для карэліччан», — запэўніў ён.

Работнікі культуры не аказаліся неабыякавымі — яны задавалі пытанні прадстаўніку мясцовай улады. Першае датычылася стану веладарожкі, якая вядзе ад Дома быту да кальцавой дарогі. На гэты конт Яўген Чычкан адзначыў, што яна ёсць у запытах грамадзян, але з пажаданняў грамадзян будуць выбраны першачарговыя.

На сустрэчы прагучалі і словы падзякі ў адрас мясцовай улады ад жыхароў дома па вуліцы Гагарына, 4-а г.п. Карэлічы за тое, што пачута іх просьба: заасфальтавана дарога каля іх дома і зараз хадзіць вельмі зручна.

— Мы заўсёды адкрыты да дыялогу і гатовы выслухаць людзей, — адзначыў Яўген Чычкан.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ