На планерке у председателя: выполнение программы по энергосбережению и профилактика подростковой преступности

Прынцыпы эканоміі і беражлівасці паліўна-энергетычных рэсурсаў сталі вызначальнымі для ўсіх галін эканомікі нашай краіны. Аб гэтым сказаў старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей на штотыднёвай аператыўнай нарадзе падчас разгляду выканання праграмы «Энергазберажэнне» на тэрыторыі раёна за 9 месяцаў бягучага года.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама Ігара Лазарэвіча, на 2024 год Карэліцкаму раёну даведзены заданні па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў у аб’ёме 578 тон умоўнага паліва. Доля мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў у кацельна-пячным паліве павінна складаць 70%, а аднаўляльных крыніц энергіі ў кацельна-пячным паліве — 58%.

У раённую праграму «Энергазберажэнне» ўключаны 6 сельгасарганізацый: птушкафабрыка «Чырвонаармейская», ДП «Чарняхоўскі-Агра», «Лукі-Агра», СВК «Маяк-Заполле», «Свіцязянка-2003», «Жухавічы», а таксама ААТ «Карэлічы-Лён», РУП ЖКГ, аддзел адукацыі райвыканкама, ДРБУ-158.

Па выніках 9 месяцаў за кошт рэалізацыі арганізацыямі раёна мерапрыемстваў па энергазберажэнні ўдалося зэканоміць 274,1 т умоўнага паліва, або 114,2% ад гадавога задання. Так, Карэліцкім РУП ЖКГ праведзена рэканструкцыя кацельні па вул. Гастэлы ў райцэнтры і ачышчальных збудаванняў у в. Беразавец. Энергазберагальныя мерапрыемствы адбыліся і ў сферы АПК.

Аднак заданне па долі мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў у кацельна-пячным паліве не выканана: пры плане 70 працэнтаў склала 56,2%. Прычына ў тым, што рэканструкцыя кацельні РУП ЖКГ па вул. Гагарына ў г.п. Карэлічы з заменай цвёрдапаліўных катлоў праводзілася ў ацяпляльны перыяд і прыйшлося выкарыстоўваць газ. Акрамя таго, у гэты ж час спыняўся на рамонт цвёрдапаліўны кацёл на кацельні па вул. Гастэлы.

На нарадзе разгледжана і пытанне падлеткавай злачыннасці і правапарушэнняў.

— Важна, каб у падлеткаў было як мага больш станоўчых інтарэсаў і захапленняў, — адзначыў Андрэй Гардзей. — Калі падлетак заняты карыснай справай, яму некалі будзе хуліганіць. У нашым раёне шмат што для гэтага робіцца: рабяты працуюць у будатрадах, адпачываюць у лагерах, займаюцца ў гуртках і секцыях. Калі сям’я, у якой выхоўваюцца дзеці, выклікае насцярожанасць, праводзіцца  сацыяльнае расследаванне. Спецыялісты дапамагаюць бацькам знайсці выйсце з цяжкай жыццёвай сітуацыі, накіраваць у правільнае рэчышча.

Так, у летніх аздараўленчых лагерах адпачыла 741 дзіця. Папрацавалі ў рамках праграмы «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» 97 падлеткаў, у тым ліку 9 рабят з падуліковай катэгорыі. Вопыт работы ў студатрадах атрымалі 144 непаўналетнія. Не даюць сумаваць падлеткам клубы і заняткі па інтарэсах, якія існуюць у школах і Дамах культуры.

Такая шырокамаштабная прафілактычная работа дае свой плён, адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан.

Па выніках 9 месяцаў бягучага года колькасць падлеткаў, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа інспекцыяй па справах непаўналетніх РАУС, зменшылася з 22 да 14.

Значна зменшылася колькасць бацькоў, з 22 да 11, у адносінах да якіх разгледжаны пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях за невыкананне абавязкаў па выхаванні сваіх дзяцей.

Аднак па выніках 9 месяцаў у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года ў раёне вырасла колькасць правапарушэнняў, учыненых падлеткамі. У 2023 годзе падлеткі ўчынілі 14 правапарушэнняў, у 2024-м — 21. — Аб’яднанне намаганняў дзяржавы, школы і сям’і з’яўляецца лепшай прафілактыкай падлеткавай злачыннасці, — падкрэсліў кіраўнік раёна. — Калі ж бацькі западозрылі, што сын ці дачка «займаюцца чымсьці не тым», не варта баяцца звяртацца ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Супрацоўнікі міліцыі зацікаўлены не пакараць маладога чалавека, а дапамагчы знайсці выйсце з цяжкай сітуацыі.

Іна ЛЕЙКА