На планерке у председателя: пожарная безопасность, состояние кладбищ и выездная торговля
Штотыднёвая нарада з удзелам старшыні райвыканкама Андрэя Гардзея пачалася з аналізу аператыўнай абстаноўкі па надзвычайных сітуацыях.
Па словах намесніка начальніка РАНС Мікалая Шуляка, з пачатку года ў раёне адбылося 19 пажараў, на якіх загінулі чацвёра чалавек, яшчэ трое траўміраваны.
— Гэтая сумная статыстыка не можа не насцярожваць, — сказаў кіраўнік раёна. — Каб абараніць нашых людзей ад бяды, работа па абследаванні жылля была актывізавана. У цэнтры ўвагі назіральных камісій аказаліся не толькі катэгарыраваныя грамадзяне з ліку пенсіянераў і інвалідаў, але і працаздольная частка насельніцтва. Нямала бюджэтных сродкаў затрачана на тое, каб дамы ўразлівых катэгорый грамадзян сталі бяспечнымі: адрамантаваны печы і электраправодкі, устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і святло-гукавыя ўстройствы.
Паводле інфармацыі РАНС, з пачатку года выяўлена 329 парушэнняў пажарных правіл. Пераважная большасць — 97,6%, або 321 з іх ужо ліквідаваны. 8 домаўладанняў знаходзяцца на кантролі. Дарэчы, усе гаспадары гэтых дамоў знаходзяцца ў працаздольным узросце і здольныя правесці рамонт сваіх печаў.
— Да 1 лістапада ўсе парушэнні павінны быць ліквідаваны, — паставіў задачу перад кантралюючымі органамі Андрэй Гардзей. — Нельга дапусціць, каб людзі карысталіся няспраўнымі печамі. Да такіх грамадзян можна і трэба прымяняць меры адміністрацыйнага ўздзеяння.
Абмеркавалі на нарадзе і стан запазычанасці жыхароў шматпавярховай забудовы перад РУП ЖКГ. Некаторыя нядбайныя ўладальнікі кватэр з месяца ў месяц не аплачваюць жыллёва-камунальныя паслугі, хаця жывуць у цёплай кватэры, карыстаюцца гарачай і халоднай вадой, каналізацыяй, выкідваюць смецце. З 9769 карыстальнікаў паслугамі ЖКГ 708 маюць запазычанасць. Прычым пераважная большасць, 621 чалавек, не разлічыліся з жылкамунгасам на працягу аднаго-двух месяцаў. Аднак ёсць і тыя, у каго даўгі перавысілі тысячу рублёў.
— Людзі назапашваюць даўгі, часам не задумваючыся, што аплаціць іх будзе ўдвая цяжэй, — сказаў кіраўнік раёна. — Ім няма ніякай справы і да прадпрыемства, якое абавязана рэгулярна разлічвацца з пастаўшчыкамі прыроднага газу, электраэнергіі, набываць гаруча-змазачныя матэрыялы. Безумоўна, да такіх гаспадароў жылля прымяняецца ўвесь спектр мер, аж да высялення.
Санітарны стан могілак таксама аказаўся ў цэнтры ўвагі. Сёння ў раёне знаходзіцца 108 могілак, усе яны перададзены на баланс РУП ЖКГ, якое павінна ўтрымліваць месцы спачыну ў парадку. Аднак такую вялікую колькасць могілак не так проста абслужыць. Таму сваю руку ў справе добраўпарадкавання павінны прыкласці і святары, і прыхаджане. Не могуць пакінуць абыякавым і такія факты, калі мясцовыя жыхары вывозяць да могілак кучы бытавога смецця, якое назапасілася з часам. З такімі цынікамі, якія не маюць нічога святога, змагаюцца з дапамогай фотапастак. Сістэма працуе так: выкінуў смецце ў неналежным месцы — атрымаў фота на памяць, штраф і кампенсацыю прыродзе за нанесеную шкоду.
Абмеркавалі на нарадзе і выязное гандлёвае абслугоўванне насельніцтва. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Ігара Лазарэвіча, аўтамагазінамі абслугоўваецца 55,2% сельскага насельніцтва, ці 5,5 тысяч чалавек. Са 160 вёсак аўтакрамы прыязджаюць у 137, прычым у 30 вёсак, дзе жыве не больш за 20 чалавек. Асартымент вызначаны заканадаўча: пакупнікам прапануюць не менш як 57 відаў харчовых тавараў і 11 нехарчовых. Сацыяльна ўразлівым катэгорыям грамадзян прадастаўляецца скідка ў памеры 10 працэнтаў на 29 прадуктаў харчавання першай неабходнасці. Сума сацыяльных скідак у 2023 г. склала 25,2 тыс. рублёў, за 8 месяцаў бягучага года — 19 тыс. рублёў. Сёлета машынны парк мясцовага райспажыўтаварыства папоўнілі два новыя аўтамагазіны, на якія затрачана амаль 500 тыс. рублёў.
— Сёння Белкаапсаюз нясе сур’ёзную сацыяльную нагрузку. Аўтакрамы едуць у самыя аддаленыя вёскі, дзе жыве ўсяго 1-2 чалавекі. Па-іншаму ў нашай сацыяльна арыентаванай дзяржаве не можа быць, — падкрэсліў Андрэй Гардзей.
Іна ЛЕЙКА