Председатель районного Совета депутатов Алексей Гаврош провел встречи с депутатским активом Турецкого сельисполкома и населением агр. Луки
24 кастрычніка старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош правёў сустрэчы з дэпутацкім актывам Турэцкага сельвыканкама і з насельніцтвам аграгарадка Лукі.
У сваім выступленні Аляксей Іванавіч падкрэсліў:
– Выбары Прэзідэнта, якія адбудуцца 26 студзеня 2025 года, вызначаюць будучыню Беларусі на бліжэйшыя гады. Іх вынікі, безумоўна, маюць ключавое значэнне для кожнага грамадзяніна, грамадства і дзяржавы ў цэлым. Неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб яны прайшлі адкрыта, дэмакратычна і аб’ектыўна. І цалкам відавочна, што стабільнасць, дабрабыт і бяспека, якія мы маем сёння, павінны быць захаваны.
Падчас сустрэч Аляксей Іванавіч прааналізаваў развіццё нашага грамадства і канстатаваў, што нам сёння цяжка ўявіць, што ў 90-х работнікі не атрымлівалі зарплату ва ўстаноўленыя тэрміны і не адзін месяц. Эканоміка стаяла. Сёння мы не сутыкаемся з такой праблемай. Заробкі выплачваюцца своечасова, і яны штогод растуць. Можа, яны не ўсіх задавальняюць, але ж выраслі і нашы запыты. Мы добра жывём. Усе канстытуцыйныя правы нашых грамадзян рэалізуюцца праз дзяржаўны бюджэт. Эканоміка раёна развіваецца. А колькі пабудавана сельскагаспадарчых ферм, жылля па дзяржаўных праграмах, пры дапамозе выдзялення льготных крэдытаў для грамадзян, рамантуюцца дарогі, умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, аховы здароўя. А галоўная задача кожнага з нас – выконваць свае абавязкі на месцах з поўнай аддачай, спрыяючы далейшаму паспяховаму развіццю нашага раёна, краіны.
Дэлегат Усебеларускага народнага сходу Фёдар Жук, які таксама прыняў удзел у сустрэчы з дэпутацкім актывам Турэцкага сельвыканкама, адзначыў:
– Трыццацігоддзе інстытута прэзідэнцтва, якое наша краіна адзначыла сёлета, відавочна пацвердзіла, што менавіта Кіраўнік дзяржавы ўвасабляе адзінства нашага народа і з’яўляецца гарантам суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Наша краіна паспяхова пераадолела найцяжэйшы эканамічны крызіс 90-х, зберагла і прымножыла патэнцыял прамысловасці і сельскай гаспадаркі, захаваўшы самае галоўнае, – эканамічную стабільнасць і мір на нашай беларускай зямлі. Суверэнная Беларусь ёсць, і цяпер наша галоўная задача — удасканальвацца і добрасумленна працаваць. Кіраўнік дзяржавы ў мяне асацыіруецца з сапраўдным гаспадаром у доме. Ён перажывае за свой народ, і ніколі не здрадзіць яму.
Перад жыхарамі аграгарадка Лукі выступіў супрацоўнік Карэліцкага РАНС Данііл Логішынец, які нагадаў аб правілах пажарнай бяспекі ў асенне-зімовы перыяд.
Старшыня Лукскага сельвыканкама Генадзій Арцюх раіў прысутным прайсці вакцынацыю супраць грыпу.
Падчас сустрэчы вяскоўцы паскардзіліся на слабы напор вады па вуліцы Юбілейнай у аграгарадку Лукі. Таксама жыхары выказалі пажаданне, каб урач агульнай практыкі прымаў пацыентаў не адзін раз на тыдзень, як гэта адбываецца зараз, а два, асабліва падчас піку захворванняў.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара