Выпускница Некрашевичской 8-летней школы Елена Матусевич вспоминает школьные годы
У кожнага чалавека свая малая радзіма і свая родная школа. Мая родная школа – Некрашэвіцкая васьмігадовая. Пабудаваны мясцовым калгасам імя Суворава ў сярэдзіне 60-х гадоў, будынак школы быў прыгожым і незвычайным для вёскі. Да гэтага ў Некрашэвічах была толькі пачатковая школа, якая размяшчалася ў прыстасаваным будынку. А дзяцей тады ў вёсцы было шмат. Мы любілі на перапынках пагуляць на вялікім ганку з масіўнымі калонамі. Школьны двор быў утульным і дагледжаным. У той час, калі я там вучылася – а гэта былі далёкія 70-я гады – у школе працаваў калектыў маладых, зацікаўленых, ініцыятыўных настаўнікаў.
З кім ні прыходзілася размаўляць пра свае школьныя гады – ні ў каго не было такой школы, як наша! Безумоўна, ужо не зусім помняцца ўрокі, але ў памяці засталося цікавае пазакласнае жыццё. Маладая настаўніца Тамара Трафімаўна Бандарэнка (потым Башко) прывезла ў школу ідэю правядзення прадметных КВЗ (Клуб вясёлых і знаходлівых), і першы такі КВЗ быў па біялогіі. Былі сфарміраваны дзве каманды з вучняў розных класаў, абраны капітаны, вызначаны конкурсы. А потым была доўгая і сур’ёзная падрыхтоўка. Мы вечарамі збіраліся ў каго-небудзь дома, перакладалі песні для прывітання камандзе-суперніцы і журы, складалі вершы, падбіралі пытанні, рыхтавалі выступленне на “дамашняе заданне”. Усё гэта рабілася ў сакрэце ад другой каманды і інтрыга трымалася да дня правядзення гульні. На вечар прыйшлі не толькі вучні і настаўнікі, але і бацькі, якія падтрымлівалі сваіх дзяцей. Мерапрыемства было вельмі цікавым і захапляльным, члены камандаў паказалі сваю эрудыцыю, веды, кемлівасць. Не памятаю, з якім лікам закончылася гульня, але ўсе былі задаволены.
Потым былі яшчэ КВЗ па матэматыцы, хіміі, геаграфіі. Добра памятаю КВЗ па хіміі. Наша каманда называлася “Крышталь”, і ў якасці падарунка для журы мы пад кіраўніцтвам Тамары Трафімаўны вырасцілі дзве ніткі крышталёў. Як гэта было прыгожа – на белай сурвэтцы сінія і чырвоныя самацветы-крышталі!
Нельга забыць і атмасферу навагодніх баль-маскарадаў. Вучні 4-8-х класаў, якія былі яго ўдзельнікамі, самастойна рыхтавалі навагоднія касцюмы і прыдумвалі абарону для іх – адпаведную песню, танец, або сцэнку. Да самага вечара зноў жа стараліся ўсё трымаць у сакрэце. Журы вызначала лепшыя касцюмы і ўзнагароджвала пераможцаў. А потым абавязкова былі танцы пад пласцінкі, а калі шанцавала, то Генадзій Уладзіміравіч Кулік браў свой акардэон. Як мы любілі, калі гэты таленавіты настаўнік іграў нам! У нас было прынята развучваць хуткія танцы: вальс, польку, і практычна ўсе нашы хлопчыкі ўмелі іх танцаваць. І гэта ўжо ў 7-8-м класах!
На працягу навучальнага году пад кіраўніцтвам настаўніцы спеваў Гарон Дануты Аляксандраўны, піянерважатай Ракач Лідзіі Міхайлаўны, класных кіраўнікоў і, безумоўна, Куліка Генадзія Уладзіміравіча рыхтавалі тры ці чатыры абавязковыя канцэрты, якія праводзіліся ў сельскім клубе – на Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, 23-га лютага, 8-га Сакавіка, 1-га Мая. Там было не праціснуцца ад людзей. Традыцыйным было выступленне школьнага хору, дзеці спявалі песні, чыталі вершы, выконвалі танцы. Добра памятаю, як мы недзе ў пачатковых класах танцавалі танец з лентамі і заблыталіся ў іх. Безумоўна, усе смяяліся, але гэта было зусім не крыўдна. Памятаю, як нас на гэтай сцэне прымалі ў акцябраты і мы расказвалі правілы акцябрат.
Наша школьнае жыццё было вельмі насычаным і цікавым, і ўсё гэта дзякуючы нашым любімым настаўнікам, якія не толькі далі нам моцныя і трывалыя веды па прадметах, але і навучылі быць самастойнымі, адказнымі, крэатыўнымі, не чакаць, што хтосьці будзе ўсё за нас і для нас рабіць. Гэтыя якасці асобы, закладзеныя ў школе, вельмі дапамагалі ў далейшым жыцці. Думаю, што абсалютная большасць выпускнікоў Некрашэвіцкай васьмігадовай школы пагодзіцца са мной. Потым школьны калектыў папаўняўся маладымі настаўнікамі, але мне здаецца, дух той нашай школы заўсёды захоўваўся, бо з яе сцен заўсёды выходзілі выхаваныя і моцныя вучні. Дарэчы, Некрашэвіцкая васьмігадовая школа была роднай для Макея Уладзіміра Уладзіміравіча, былога Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
На жаль, вёска састарэла, не стала чутна ў Некрашэвічах дзіцячых галасоў. У 2011 годзе Некрашэвіцкая базавая школа прыпыніла сваё існаванне. Школьны будынак дажывае, але і цяпер ён стаіць каля дарогі як сімвал нашай вёскі, бо я не магу ўявіць Некрашэвічы без гэтага будынка.
Паважаныя нашы Ракач Галіна Сяргееўна, Кароль Варвара Якаўлеўна, Башко Тамара Трафімаўна, Казарэз Таіса Аляксандраўна, Кулік Алена Уладзіміраўна! Вы былі самымі лепшымі! Мы, вашы выпускнікі, любім і памятаем вас. Вялікі вам дзякуй за наша шчаслівае і цікавае школьнае дзяцінства! З Днём настаўніка!
Алена МАТУСЕВІЧ, выпускніца Некрашэвіцкай ВШ 1979 года