6 октября — День архивиста. О специфике своей работы рассказывает заведующий Кореличским районным архивом Анжелика Шестак

6 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць архівісты Беларусі. Роля Дзяржаўнай архіўнай службы ў жыцці любога грамадства і дзяржавы надзвычай вялікая. Архіўныя дакументы з’яўляюцца найважнейшай крыніцай дакладнай інфармацыі практычна аб усіх магчымых аспектах развіцця грамадства. Асаблівасцю архіўнага фонду і адным з асноўных адрозненняў яго ад іншых інфармацыйных фондаў з’яўляецца тое, што яго аб’ём пастаянна ўзрастае за кошт новых паступленняў, прычым з цягам часу гістарычная і навуковая каштоўнасць архіўнай інфармацыі не зніжаецца, а, наадварот, пастаянна ўзрастае.

ДУ “Карэліцкі раённы архіў” узначальвае Анжаліка Шастак. Хоць у прафесію прыйшла зусім нядаўна, але яна пераканана, што праца, якой займаецца, не столькі руцінная, колькі цікавая і рознабаковая. Праўда, для гэтага патрабуюцца сабранасць і ўседлівасць, а таксама ўменне сістэматызаваць велізарны паток інфармацыі. Пра гэта карэспандэнт газеты “Полымя” і пагутарыла з дырэктарам вышэйзгаданай дзяржаўнай установы напярэдадні прафесійнага свята архівістаў.
— Карэліцкі раённы архіў быў створаны ў 2000 годзе з мэтай захоўвання дакументацыі ліквідаваных прадпрыемстваў раёна, — расказвае Анжаліка Мікалаеўна. — Аснову нашага фонду складаюць справы па асабістым складзе — гэта дакументы, якія ствараюцца пры прыёме на працу, пераводзе, звальненні работніка, аб прадастаўленні водпуску, камандзіраванні, заахвочванні, выплаце заработнай платы, прысвоеных кваліфікацыі, разрадзе, званні і іншыя, а таксама справы часовага захоўвання. Наш архіў спецыялізаваны, і, улічваючы спецыфіку інфармацыі сацыяльна-прававога характару, мы цесна супрацоўнічаем з аддзелам эканомікі, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Як правіла, да мяне звяртаюцца грамадзяне за даведкамі аб памеры заработнай платы і іншых звестках, неабходных для афармлення пенсіі. Робяць запыты на атрыманне той ці іншай інфармацыі і асобныя арганізацыі, службы, уключаючы праваахоўныя органы.
Колькасць зваротаў з кожным годам павялічваецца. Так, напрыклад, у 2016 годзе было 36 зваротаў, а сёлета за дзевяць месяцаў — 70.
Прафесія архівіста зусім не такая простая, як можа здацца на першы погляд. Праца, якую выконваюць спецыялісты дадзенай сферы дзейнасці, не пазбаўлена руціны, але вельмі патрэбная для грамадства, а карпатлівасць і адказнасць — галоўныя якасці архівіста. У Карэліцкім раённым архіве ўся інфармацыя захоўваецца выключна на паперы, а гэта значыць, каб задаволіць чый-небудзь запыт, часам даводзіцца перагледзець масу старых дакументаў на сотнях лістоў. Яны, дарэчы, датуюцца тут, пачынаючы з 1945 года але, як прызнаецца, Анжаліка Мікалаеўна здзьмухваючы пыл з гісторыі, — часцяком у самым прамым сэнсе гэтага слова — міжволі становішся сведкам даўно мінулых спраў і чалавечых лёсаў.
Яшчэ два гады таму праца з архіўнымі справамі была для маёй суразмоўцы абсалютна новай і шмат у чым незразумелай, ва ўсе нюансы даводзілася ўнікаць самастойна і паступова. Затое сёння Анжаліка Мікалаеўна, будучы ўжо дасведчаным і граматным спецыялістам, сама можа аказаць метадычную дапамогу ў афармленні дакументацыі арганізацыям і прадпрыемствам раёна, і гэта адзін з яе прафесійных абавязкаў.
— Часта ў пошуках неабходнай інфармацыі людзі звяртаюцца ў архіў як у апошнюю інстанцыю, — кажа суразмоўца. — У такія хвіліны выразна разумееш значнасць прафесіі, і калі чалавеку ўдаецца дапамагчы — гэта лепшая ўзнагарода за працу.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара