В новую пятилетку — с новым лидером
4 кастрычніка на базе ДУА “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў” прайшла ХХІV справаздачна-выбарчая канферэнцыя Карэліцкай раённай арганізацыі “Беларускі прафесійны саюз работнікаў інфармацыі, спорту і турызму”. На мерапрыемстве былі падведзены вынікі работы за справаздачны перыяд і вызначаны планы на будучыню.
У мерапрыемстве прыняў удзел старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Дзяніс Малевіч і выконваючая абавязкі старшыні Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ірына Пянькоўская.
Са справаздачай аб працы галіновага прафсаюза выступіла Наталля Казарэз, якая на працягу многіх гадоў узначальвала раённую арганізацыю. У сваім выступленні прафсаюзны лідар адзначыла дасягненні пярвічак, падкрэсліла важнасць адзінства і падтрымкі сярод членаў прафсаюза.
Справаздачу трымала і рэвізійная камісія.
Заслухаўшы ўсіх выступаючых, дэлегаты аднагалосна прызналі працу раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму здавальняючай.
Шмат цёплых слоў падзякі было выказана ў адрас Наталлі Уладзіміраўны як выдатнага чалавека і прафсаюзнага лідара. Яна заслужыла павагу калег дзякуючы сваёй нястомнай працы, ініцыятыўнасці і клопату. Пад яе кіраўніцтвам было рэалізавана мноства паспяховых праектаў, накіраваных на абарону правоў работнікаў і паляпшэнне ўмоў працы.
У ходзе работы канферэнцыі новым прафсаюзным лідарам была выбрана Юлія Шахрай, метадыст па інфармацыйна-аналітычнай рабоце Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Удзельнікі мерапрыемства выказалі ўпэўненасць у тым, што Юлія Раманаўна зможа працягнуць традыцыі прафсаюзнага руху і ўнесці новыя ідэі для яго развіцця.
Старшыня абласнога прафсаюза Дзяніс Малевіч таксама адзначыў важнасць гэтай падзеі.
- Выбар новага лідара — гэта магчымасць для абнаўлення і ўкаранення новых падыходаў у работу. Мы ўпэўненыя, што Юлія Раманаўна справіцца з пастаўленымі задачамі і працягне ўмацоўваць прафсаюзныя пазіцыі ў раёне, — падкрэсліў прадстаўнік абласнога прафсаюза.
Падчас работы канферэнцыі былі ўручаны ўзнагароды Наталлі Казарэз, што стала сімвалам прызнання яе ўкладу ў развіццё арганізацыі. Падзяку за прафесіяналізм і садзейнічанне Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў інфармацыі, спорту і турызму атрымала загадчык сектара культуры Карэліцкага райвыканкама Наталля Шпакоўская.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара