В Кореличах на Дне подписчика журналист газеты «Полымя» встретилась с читателями

Стала ўжо добрай традыцыяй кожную пятніцу  работнікамі рэдакцыі Карэліцкай раённай газеты “Полымя” праводзіць ў аддзяленні паштовай сувязі г.п. Карэлічы  дзень падпісчыка.

18  кастрычніка не стала выключэннем. У аддзяленні раённага вузла сувязі было шматлюдна. Карэспандэнты з радасцю размаўлялі з сябрамі раёнкі, дзяліліся планамі і ідэямі па стварэнні новых праектаў, рубрык.  Падпісчыкі са стажам расказвалі, за што на працягу многіх гадоў застаюцца адданымі любімаму выданню, новыя падпісчыкі – пра тое, чаго чакаюць ад супрацоўніцтва з газетай.

Карэліччанкі Наталія  Варанко і Ірына Кулевіч  адзначылі, што ўжо не адно дзесяцігоддзе неразлучныя з раённай газетай і дадалі:

– Хочам адзначыць, што у апошнія гады газета стала больш насычанай і цікавай. З’явіліся новыя рубрыкі. Гэта значыць, што наша “Полымя“ сталее, мудрэе, умацоўвае свае пазіцыі сярод чытачоў, становіцца добрым дарадчыкам і сапраўдным сябрам. Праз газету даведваемся пра навіны раёна, герояў працы.  Падабаецца, калі пра людзей расказваюць не толькі як пра добрых спецыялістаў, але і раскрываюць іх маральныя якасці. Заўсёды цікава даведацца пра невядомыя факты з жыцця знакамітых землякоў. Тым больш, што ў нашым раёне сапраўды ёсць шмат людзей годных таго, каб пра іх пісала газета. Даўгалецця і далейшых поспехаў табе, раёнка!

Жыхарка райцэнтра Ганна Шадрына:

– Раённую газету выпісваю заўсёды. Гэта ўжо традыцыя. Мне падабаецца  яе чытаць, бо на яе старонках магу знайсці карысную і цікавую інфармацыю для сябе. Акрамя таго, газета аказвае добрую паслугу – віншаванне. Уявіце, як прыемна прачытаць цёплыя словы і пажаданні ад сваякоў або сяброў, аднакласнікаў.

Хочацца, каб “Полымя» і далей развівалася, цешыла   чытачоў цікавымі артыкуламі. Жадаю калектыву рэдакцыі творчых поспехаў!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара