Солдат срочной службы из г.п. Кореличи Владислав Жарко получил благодарность министра обороны Республики Беларусь Виктора Хренина
У Цэнтральным Доме афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ушаноўвалі салдат тэрміновай службы, якія выдатна праявілі сябе падчас службы, а зараз звальняюцца ў запас. На ўрачыстае мерапрыемства былі запрошаны і мамы вайскоўцаў. Прыемна адзначыць, што 60 выдатнікаў баявой падрыхтоўкі прадстаўлялі ўсе воінскія гарнізоны краіны, адзін з іх, Уладзіслаў Жарко — ураджэнец г.п. Карэлічы.
— Сёння тысячы беларускіх юнакоў з розных куткоў нашай Радзімы праходзяць службу ва Узброеных Сілах, ахоўваюць мірную працу грамадзян нашай краіны, — звярнуўся да прысутных міністр абароны Рэспублікі Беларусь Віктар Хрэнін. —Кожны з іх варты павагі і пахвалы. Але менавіта вы, прысутныя сёння ў гэтай зале, здолелі дасягнуць самых высокіх вынікаў і сталі лепшымі з лепшых. Гэта значыць адно: вы змаглі стаць сапраўднымі абаронцамі Айчыны, сваёй сям’і і свайго дома. Карпатлівай штодзённай працай вы даказалі, што сучасная моладзь годна захоўвае памяць аб подзвігу пакалення пераможцаў, адчувае асабістую адказнасць за мір на роднай зямлі.
Звяртаючыся да запрошаных на ўрачыстасць мам, кіраўнік абароннага ведамства адзначыў:
— Як бацька я разумею ўсе вашы трывогі. Але як службовая асоба, як міністр абароны я ўпэўнены, што дзякуючы мудрым матчыным наказам вашы сыны сталі лепшымі з лепшых. Вы не толькі падарылі ім жыццё, але і сфарміравалі характар і перакананні, тым самым заклаўшы аснову іх патрыятызму. Ваенная служба загартавала вашых дзяцей, умацавала іх жыццёвыя арыенціры. Вы маеце права ганарыцца вашымі сынамі!
Добрыя словы, пажаданні, поціск рукі міністра абароны Рэспублікі Беларусь, наручны гадзіннік і футболка з цытатай Прэзідэнта “Вы прыгажуны!” у падарунак атрымалі салдаты тэрміновай службы, а іх матулі — Падзячныя пісьмы і букеты кветак. Завяршылася святочная цырымонія салодкім сталом і канцэртнымі нумарамі.
Маці салдата Уладзіслава Жарко Марына Уладзіміраўна прызнаецца, што перажывала за сына, пакуль ён нёс службу:
— Да прызыву ва Узброеныя Сілы мы з мужам паставіліся станоўча. Служба ў арміі многае дае юнакам. Наш сын пасталеў, стаў больш сур’ёзным, сабраным і адказным. Хачу падзякаваць камандзірам за навуку для сына, за добрае стаўленне да яго. Ганарымся сынам! Дзякуй за высокую ацэнку яго службы! Прыемна, што ён адзін з лепшых.
Уладзіслаў Жарко службу праходзіў у ваеннай камандзе супрацьпажарнай абароны і аварыйна-выратавальных работ 116 гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы ў г. Лідзе. Перад арміяй скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт і нават уладкаваўся на працу ў гаспадарку “Новы Двор-Агра” Свіслацкага раёна. У лістападзе 2023 года яго прызвалі ва Узброеныя Сілы РБ.
– Я не бегаў, не хаваўся, хоць пасля вучобы хацелася працаваць, набірацца вопыту ў прафесіі інжынера. Але я добра разумеў: служба ў арміі – гэта абавязак кожнага мужчыны, доўг патрыёта Радзімы, – кажа юнак.
Армія для Уладзіслава пачалася з вучэбнага пункта. Асновам службы навабранца вучылі сяржанты.
– Не баяўся, што мяне нехта пакрыўдзіць. Не маленькі хлопчык, магу за сябе пастаяць. Ды і дзедаўшчыны ў нас наогул не было, – адзначае суразмоўца.
На пытанне, што карыснага дала яму армія, малады чалавек не задумваючыся адказаў, што армія – гэта сапраўдная школа мужнасці, сталення і сяброўства, велізарны багаж ведаў і незабыўных гісторый. Зараз гэта ўсё ззаду, пасля службы юнак плануе вярнуцца на першае месца працы.
Цырымоніі ўшанавання салдат тэрміновай службы сталі для Беларусі традыцыяй. У гэтыя дні ўрачыстыя мерапрыемствы праходзяць ва ўсіх часцях і падраздзяленнях Узброеных Сіл краіны.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара