Состояние законности в отрасли животноводства, предупреждение падежа КРС и коррупции. В Кореличском районе состоялось координационное совещание
У Карэліцкім райвыканкаме пад старшынствам пракурора Карэліцкага раёна Віктара Аўдакушына адбылася каардынацыйная нарада па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй па пытаннях забеспячэння захавання буйной рагатай жывёлы ў сельгаспрадпрыемствах раёна.
Сярод удзельнікаў – члены каардынацыйнай нарады, старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Манько, галоўны ветурач ДУ «Карэліцкая ветэрынарная станцыя» Сяргей Барыскін, старшыні сельгаспрадпрыемстваў раёна і прадстаўнікі заатэхнічных і ветэрынарных служб.
Віктар Аўдакушын адзначыў, што ў мэтах выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы пытанні захаванасці пагалоўя жывёлы і папярэджанне невытворчага выбыцця буйной рагатай жывёлы знаходзяцца на пастаянным кантролі ў пракуратуры.
– Паводле статыстычных дадзеных, за 2023 год у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна загінула 673 галавы буйной рагатай жывёлы, што на 79% менш, чым у 2022 годзе. Разам з тым, у студзені-верасні 2024 года гэты паказчык у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыўся з 469 да 474 галоў. У большасці выпадкаў адбылася страта маладняку БРЖ – 303 галавы, што складае 64% ад агульнай колькасці народжаных цялят. Рост страты маладняку назіраўся ў СВК «Маяк-Заполле», «Жухавічы», ДП «Малюшычы», «Лукі-Агра», «Племзавод Карэлічы», – адзначыў пракурор раёна.
Сярод асноўных прычын падзяжу БРЖ, устаноўленых падчас наглядна-аналітычных мерапрыемстваў, Віктар Аўдакушын назваў парушэнні тэхналогіі ўтрымання і кармлення жывёлы, невыкананне ветэрынарна-санітарных правіл, нядобрасумленнае выкананне работнікамі працоўных абавязкаў.
На думку кіраўніка раёна Андрэя Гардзея, факты безініцыятыўнасці і нядбалага стаўлення да сваіх працоўных і службовых абавязкаў дапускаюцца на ўсіх этапах арганізацыі працоўнага працэсу, што не дазваляе ў належнай меры забяспечыць эфектыўнае функцыянаванне прадпрыемстваў. Андрэй Валер’евіч звярнуў увагу кіраўнікоў, заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў гаспадарак раёна на якасную падрыхтоўку да зімова-стойлавага перыяду ўтрымання БРЖ. А таксама паставіў задачу стварыць больш камфортныя ўмовы для работнікаў, што дапаможа ў рэалізацыі мер па зніжэнні падзяжу маладняку БРЖ.
Па выніках каардынацыйнай нарады, з улікам крытычных заўваг пракуратуры, былі прыняты рашэнні, рэалізацыя якіх пад кантролем упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і Карэліцкай райветстанцыі дазволіць стабілізаваць сітуацыю ў гэтай сферы.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара