Жители Кореличского района рассуждают о секрете популярности белорусских товаров

Беларускае — значыць якаснае, і гэта наш брэнд. Нашы традыцыйныя брэнды грымелі на ўвесь Савецкі Саюз, папулярныя яны і сёння. Спыталі ў карэліччан, у чым сакрэт папулярнасці нашых тавараў і чаму важна купляць беларускае.

Юрый Гаўрош, дрывасек Карэліцкага філіяла КУП па забеспячэнні палівам “Гроднааблпаліва”:

— Заўжды ў магазіне выбіраю беларускія тавары, бо ўпэўнены ў іх якасці. Ды і асартымент у нас багаты, заўжды ёсць з чаго выбраць. Што казаць, калі нават нашы замежныя суседзі прыязджаюць у памежныя гарады купляць прадукты. Часта можна пачуць, асабліва ад расіян, што ў нас вельмі смачнае марожанае, якое падобнае на тое самае, што было ў дзяцінстве. Іх захапляюць густ і разнастайнасць.

Аксана Басюк, загадчык аддзела метадычнай работы ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”:

— Мне і маёй сям’і вельмі падабаюцца беларускія тавары. Што тычыцца харчовых — гэта выключна толькі беларускае! Узяць тыя ж цукеркі і шакалад ад «Камунаркі» і «Спартака» — па смаку і арыгінальнасці не параўнаць з замежнымі канкурэнтамі. А згушчанае малако, вафлі, каўбасная, малочная прадукцыя — можна пералічваць і пералічваць… Па-першае, я дакладна ведаю, што беларускія прадукты — гэта якасць, па-другое, смачныя, па-трэцяе, даступныя. І па-чацвёртае, я лічу, што трэба падтрымліваць беларускіх вытворцаў, таму што гэта павышае дабрабыт нашага народа і цалкам краіны.

Валянціна Марцюшава, ганаровы ветэран Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў:

— Вельмі задаволена якасцю малочнай прадукцыі ад “Навагрудскіх Дароў”, аддаю перавагу навагрудскаму хлебу. Я ўпэўнена ў тым, што ў нас прытрымліваюцца тэхналогіі вырошчвання сыравіны і вытворчасці прадуктаў. У нас вельмі строга сочаць за ДАСТам, таму на выхадзе атрымліваецца якасны, экалагічна чысты прадукт, у якім мінімум кансервантаў і які больш карысны для здароўя. Беларускія тавары важна купляць яшчэ і таму, што гэта падтрымлівае айчынных вытворцаў, павышае іх прэстыж, а значыць заработную плату працаўнікоў.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара і з архіва газеты “Полымя”