Главный зоотехник СПК «Жуховичи» Александр Коколо на областных «Дожинках» будет награжден нагрудным знаком «За заслуги в сельском хозяйстве»
Галоўны заатэхнік СВК «Жухавічы» Аляксандр Аляксандравіч Кокало прадставіць Карэліччыну на абласных «Дажынках» у Мастах 2 лістапада. Там ён атрымае нагрудны знак адзнакі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання «За заслугі ў сельскай гаспадарцы».
— Аляксандр Аляксандравіч, 2 лістапада Вы паедзеце на «Дажынкі». Што чакаеце ад свята?
— Я першы раз еду на абласныя «Дажынкі». Мяне перапаўняе гонар за ўсіх працаўнікоў вёскі. Еду туды за высокай узнагародай дзякуючы ветэранам гаспадаркі і сённяшнім жывёлаводам — маёй пастаяннай апоры ў штодзённай працы.
На «Дажынках» збяруцца працаўнікі сельскай гаспадаркі вобласці і шмат гасцей, і я хачу падзяліць з імі радасць свята. Разам мы — адна вялікая дружная сям’я, таму разам будзем радавацца агульнаму поспеху і дасягненням кожнага. Спадзяюся, што добра адпачыць дапамогуць нам удзельнікі святочнай праграмы.
— Хутка будзе адзначацца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Што Вы пажадаеце працаўнікам палёў і ферм?
— Самага галоўнага — здароўя ім і іх сем’ям, спакойнага жыцця пад мірным небам. Каб атрымлівалі асалоду ад кожнага пражытага дня і мелі шчасце ў сем’ях. І каб заўсёды спадарожнічаў поспех у штодзённай працы.
— Раскажыце пра Ваш жыццёвы шлях. Адкуль Вашы карані?
— Я з сялянскай сям’і, і гэтым ганаруся. Нарадзіўся ў вёсцы Зіневічы Навагрудскага раёна. Маці працавала паляводам, бацька — жывёлаводам. Закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Працаваў у Мінскай вобласці, затым служба ў арміі. З 1987 года — на Карэліччыне: спачатку быў галоўным заатэхнікам комплексу «Пясочная» калгаса імя Жалезняковіча, а з 1989 г. па сённяшні дзень — галоўным заатэхнікам сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Жухавічы».
— Усё працоўнае жыццё Вы прысвяцілі сельскай гаспадарцы. Толькі ў галіне жывёлагадоўлі ў СВК «Жухавічы» — больш трыццаці гадоў. Якія змены адбыліся ў гаспадарцы за гэты час?
— За трыццаць гадоў вытворчасць прадукцыі павялічылася ў шмат разоў. Калі ў 90-ых гадах ад адной каровы атрымлівалі 3100 кілаграмаў малака, то зараз — 8960 — амаль у тры разы больш. У два разы вырасла дойнае пагалоўе. Валавая вытворчасць малака з 2883 тон павялічылася да 16047 тон — у 5,6 раза, мяса — у 1,4 раза.
СВК «Жухавічы» стабільна дае амаль 19 працэнтаў малака і 30 працэнтаў буйной рагатай жывёлы ў Карэліцкім раёне. У 2010 годзе пабудавалі малочнатаварную ферму «Вялікія Жухавічы» на 800 галоў, якая плюсуе з кожным годам. А ў 2023 годзе ўвялі ў строй МТФ «Кожава» на 610 галоў дойнага статка. Вынікі таксама радуюць, малако рэалізуецца гатункам «экстра». У дасягнутых поспехах — уклад кожнага жывёлавода гаспадаркі, і я ад усёй душы гавару сёння ім: «Шчыры дзякуй!»
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Святланы МАЛАХВЕЙ