Доктор лечит человека, а ветеринар — человечество, или чем живет Кореличская районная ветстанция

Напэўна, не кожны жыхар нашага раёна ведае, што ў нас ёсць свая ветэрынарная служба. Пра гэта добра вядома ў першую чаргу сельскагаспадарчым прадпрыемствам, паколькі ўсе ветэрынарныя мерапрыемствы, накіраваныя на падтрыманне здароўя жывёлы і павышэнне яе прадуктыўнасці, на аб’ектах АПК арганізуюць і праводзяць спецыялісты ДУ “Карэліцкая раённая ветэрынарная станцыя”.  Узначальвае ветслужбу раёна  галоўны ветурач  Сяргей Барыскін. Штат складаецца з 11 дактароў і 3 лабарантаў. Усе яны высокакваліфікаваныя спецыялісты з вялікім вопытам работы.

Ветстанцыя супрацоўнічае з дзевяццю сельскагаспадарчымі арганізацыямі: аказвае дыягнастычную і лячэбную дапамогу жывёлам, праводзіць лабараторныя даследаванні малака і крыві буйной рагатай жывёлы на інвазійныя захворванні, адбірае пробы на  якасць кармоў пры  іх нарыхтоўцы, кантралюе выпуск бяспечнай прадукцыі, а таксама сочыць за ветэрынарна-санітарным станам ферм. Дыягностыка фізіялагічнага стану органаў рэпрадукцыі буйной рагатай жывёлы на наяўнасць паталогій праводзіцца ветэрынарнымі ўрачамі-гінеколагамі з дапамогай сучасных УГД-сканераў.

— Асноўнымі задачамі з’яўляецца дыягностыка захворванняў, правядзенне лячэбна-прафілактычных і супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў. Яшчэ адным важным напрамкам з’яўляецца правядзенне метадычнай і інфармацыйнай работы з насельніцтвам адносна небяспечных відаў захворванняў, якія перадаюцца пры кантакце з хворай жывёлай.  Гэта, вядома ж, афрыканская чума свіней, бруцэлёз і шаленства, — адзначае галоўны ветурач Сяргей Барыскін.

Адзін з галоўных напрамкаў работы ветстанцыі — прафілактыка заразных і незаразных захворванняў дзікіх і хатніх жывёл на тэрыторыі нашага раёна.  На асаблівым кантролі знаходзіцца шаленства, бо гэта агульнае для чалавека і для жывёлы захворванне, прыводзіць у большасці выпадкаў да смяротнага зыходу. Для недапушчэння распаўсюджвання шаленства на тэрыторыі раёна праводзіцца цэлы комплекс мерапрыемстваў: арганізуецца адбор проб паталагічнага матэрыялу жывёлы для лабараторных даследаванняў,  вакцынацыя супраць шаленства адлоўленых жывёл, а таксама інфармаванне насельніцтва, прыём хатніх жывёл для вакцынацыі, кантроль за выкананнем прышчаплення ў гаспадарках.

Акрамя цеснага супрацоўніцтва з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, ветустанова аказвае шэраг паслуг  насельніцтву.  Так, напрыклад,  іх служба выдае  ветэрынарны пашпарт. У аддзел участковай ветэрынарнай лячэбніцы  можна прыйсці на прыём з хатнімі гадаванцамі  падчас  іх хваробы або для таго, каб абрэзаць кіпцюры ў сабакі ці ката. Тут можна зрабіць прафілактычныя прышчэпкі па ўзросце. А звярнуўшыся па тэлефоне, атрымаць вусную кансультацыю спецыяліста па хвалюючай праблеме.  Ветурачы  валодаюць дастатковымі навыкамі і вопытам, каб якасна выканаць  аперацыю па выдаленні палавых залоз шляхам хірургічнага ўмяшання з мэтай спынення рэпрадуктыўных функцый катоў і сабак з поўнай гарантыяй, што аперацыя пройдзе паспяхова. Таксама па звароце грамадзян спецыялісты станцыі на дабрачыннай аснове ратуюць і дзікіх жывёл, якія трапілі ў бяду.

— Вядзём працу з насельніцтвам, —  адзначае суразмоўца. — Людзі прыходзяць у райветстанцыю, пішуць заявы на абследаванне падворка і правядзенне пэўных ветэрынарных мерапрыемстваў. Аказваем паслугі і па дэзынфекцыі памяшканняў.

Калі захварэў дамашні  любімец, вы можаце звярнуцца ў ДУ “Карэліцкая раённая ветэрынарная станцыя” па адрасе: г.п. Карэлічы, вул. Чырвонаармейская, 11А. Тэлефон  ветэрынарнай лячэбніцы 3-15-23.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара