Новые котельные, артезианские скважины и капремонт жилья. На Кореличчине реализуется программа «Комфортное жилье и благоприятная среда»
На Карэліччыне працягваецца рэканструкцыя кацельных установак.
Па словах намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Дзмітрыя Манілы, згодна з праграмай “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” ў бягучым годзе завершана рэканструкцыя кацельняў ТМА ў аграгарадках Райца (асвоена 252,9 тыс. руб.) і Лукі (асвоена 196 тыс. руб.). У верасні 2024 года ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы Гродзенскай вобласці ў г.п. Карэлічы ўведзена ў эксплуатацыю кацельня па вул. Гагарына. Тут устаноўлены вадагрэйныя васокаэканамічныя катлы на мясцовых відах паліва. Кошт будаўніцтва аб’екта склаў 6018 тыс. рублёў.
Драўляная шчапа і пелеты – альтэрнатыва прыроднаму газу
Аб камфорце працы на абноўленай кацельні па вул. Гагарына, што ў райцэнтры, расказаў аператар Алег Кухарчык.
– Мы адсочваем тэмпературны графік, можам зменшыць падачу паліва, сочым за ціскам. Усе паказчыкі выводзяцца на маніторы. Шчапа падаецца ў бункер, адкуль паступае ў топку, прычым сістэма самастойна вырашае, калі неабходна папоўніць бункер. Попелу ад згарання застаецца няшмат, а гэта сведчыць пра тое, што ўсё расходуецца на выпрацоўку цеплавой энергіі. У змену ў кацельні працуюць аператар, слесар і газаэлектразваршчык. Калі яшчэ нядаўна не жадаючых вучыцца дзяцей бацькі і настаўнікі палохалі, што стануць качагарамі, то зараз і гэтая прафесія патрабуе ведаў, умення працаваць з камп’ютарам. Як не стала на фермах даярак, якія здабываюць уручную малако, дык няма ў кацельнях качагараў, з чорнымі ад сажы тварамі і рукамі. Сучасныя кацельні на мясцовых відах паліва абслугоўваюць рабочыя ў чыстай спяцоўцы, адказныя, граматныя і дысцыплінаваныя.
Шлях вады: з артэзіянскай свідравіны да Краснага
У аграгарадку Краснае пабудавана новая артэзіянская свідравіна, якая хутка будзе уведзена ў эксплуатацыю і дазволіць бесперабойна забяспечваць вяскоўцаў якаснай пітной вадой. На будаўніцтва аб’екта затрачана амаль 148 тыс. рублёў.
Галоўны інжынер Карэліцкага жылкамунгаса Міхаіл Евушка расказвае, што мясцовыя жыхары не раз закраналі пытанне водазабеспячэння аграгарадка вадой. Скардзіліся на тое, што ў кватэрах, асабліва ў летні перыяд, быў слабы напор або зусім яго не было, бо старая свідравіна вычарпала свае рэсурсы.
– Цяпер для жыхароў аграгарадка пабудавана яшчэ адна свідравіна, якая з 75-метровай глыбіні падымае ў гадзіну больш за 12 куб. м вады. Гэтага дастаткова, каб забяспечыць чыстай вадой населены пункт. Старая ж застанецца рэзервовай, – тлумачыць Міхаіл Евушка.
Мясцовы жыхар Мікалай Гавака кажа, што да ўвядзення новай станцыі праблем, асабліва ў летні перыяд, з вадой хапала, часам у кранах увогуле было суха:
– Я, як і ўсе вяскоўцы, спадзяюся, што з ўвядзеннем новага аб’екта ў нас не будзе праблем з водазабеспячэннем.
Пра капрамонт і будаўніцтва
На Карэліччыне ўдзяляецца ўвага своечасовасці правядзення рамонтаў жыллёвага фонду для падтрымання яго ў належным стане. У залежнасці ад года пабудовы, стану жылога дома, з улікам прэтэнзій і зваротаў грамадзян, па выніках аглядаў вызначаецца неабходнасць у правядзенні капітальнага або бягучага рамонту жылога дома.
Агульная плошча ўводу жылля пасля капітальнага рамонту сёлета складае 3300 квадратных метраў. За студзень-верасень бягучага года ў райцэнтры пасля рамонту ўведзены жылыя дамы па вул. Гастэлы 34,36, 38 і вул. 8 Сакавіка 52А і па вуліцы Зорная, 13 у вёсцы Малыя Жухавічы.
Генпадрадная арганізацыя, якая ажыццяўляла работы ў в. Малыя Жухавічы, – ТАА “РомДзімБуд”. На капітальны рамонт дома № 13 па вуліцы Зорная было асвоена 171,763 тыс. рублёў. Карэспандэнт раённай газеты “Полымя” выехала на месца і даведалася, ці задаволены жыхары дома якасцю выкананых работ.
Як адзначылі спецыялісты Карэліцкага РУП ЖКГ, згодна з праектам, у доме замянілі дах і інжынерныя сеткі, адрамантавалі фасады, лоджыі, вокны і дзверы ў месцах агульнага карыстання, вентыляцыйныя шахты, уваходныя групы ў пад’ездах.
Жыхарка дома Ірына Урублеўская адзначыла:
– Камфорт пражывання значна ўзрос. Раней былі праблемы і з вонкавым выглядам, і з камунікацыямі. Цяпер падыходзіш да дома – душа радуецца. Прыгожы фасад, у пад’езд вядуць зручныя прыступкі, месцы агульнага карыстання акуратныя.
Далей шлях трымаем у СВК “Свіцязянка-2003”. У аграгарадку Райца пачалося будаўніцтва 12-кватэрнага жылога дома. Падрадчык работ – ААТ “Гроднажылбуд”. Хутка ключы ад новых кватэр змогуць атрымаць сем’і работнікаў СВК, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Як адзначыў старшыня сельгаспрадпрыемства Аляксандр Мяцеліца, будаўніцтва дома ажыццяўляецца з прыцягненнем крэдытаў банка і сродкаў гаспадаркі. Агульны яго кошт – 2590,8 тыс. рублёў.
Падчас наведвання сельгаспрадпрыемства пабывалі і на будаўніцтве новай МТФ, што недалёка ад вёскі Міратычы, якое пачалося ў жніўні бягучага года. Зараз тут штодня працуюць больш за 20 чалавек і больш за 15 адзінак тэхнікі. Усе работы плануецца завяршыць у жніўні будучага года. Каштарысны кошт будаўніцтва – 13706,39 тыс. рублёў. Аб’ёмы працы – вялікія. Тут прадугледжваецца будаўніцтва двух кароўнікаў на 400 галоў, даільна-малочнага блока пры МТФ “Міратычы”, лагун для выдалення арганікі, арганізацыя пад’язных шляхоў да новых аб’ектаў, падсобных памяшканняў. Як адзначыў Аляксандр Мяцеліца, сельскагаспадарчае прадпрыемства спецыялізуецца на вырошчванні буйной рагатай жывёлы на прамысловай аснове, вытворчасці малака, збожжавых і зернебабовых культур, масланасення рапсу і цукровых буракоў. Лічыць, што калі будзе станоўчая дынаміка па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, вытворчасці малака – вырасце і выручка, а разам з ёй – заработная плата. Пашырэнне плошчаў і ўкараненне сучасных тэхналогій, упэўнены старшыня, для сельскагаспадарчага прадпрыемства – неабходнасць, без якой немагчымы далейшы рост. Новы МТК стане яшчэ адным імпульсам для далейшага развіцця сельгаспрадпрыемства.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і Кацярыны ЖАМОЙДЫ