65 лет вместе. Секрет семейного счастья раскрывают Мария Александровна и Евгений Георгиевич Дрик из деревни Рапьёво
У гэтыя лістападаўскія дні ў сям’і Марыі Аляксандраўны і Яўгенія Георгіевіча Дрык з вёскі Рап’ёва Турэцкага сельсавета адзначаюць 65-годдзе сумеснага жыцця.
Восень — шчодрая пара
Вечар паціху апускаўся на зямлю. Закончыўшы хатнія справы, Марыя Аляксандраўна прысела і ўзяла ў рукі сямейны альбом, у якім сабраны фотаздымкі, паштоўкі, віншаванні, прызнанні ад дзяцей і ўнукаў. Яна любіць у такія хвіліны ўспомніць мінулыя гады і паразважаць аб жыцці-быцці.
Хутка бяжыць час. Не заўважыла, як і гэты юбілей надышоў. Здаецца, нядаўна адзначалі ўсёй сям’ёй 50-годдзе сумеснага жыцця, а ўжо дачакаліся і 65-годдзя. Як ні кажыце, значная падзея: зроблена і перажыта нямала, ёсць што ўспомніць, у думках выказаць падзяку восені за такую вялікую ўвагу.
Залатая пара аказалася шчодрай і літасцівай: у лістападзе прынесла тры падарункі. Тры слаўныя даты прыпадаюць на гэты месяц: 1 лістапада споўнілася восемдзесят восем гадоў яе спадарожніку жыцця Яўгенію Георгіевічу, 7 лістапада, 65 гадоў таму, ён пасватаўся, 10 лістапада паехалі разам у Турэцкі сельсавет і зарэгістравалі шлюб. 31 студзеня павянчаліся ў мясцовай царкве. Вось так і крочаць па жыцці шэсцьдзясят пяць гадоў, дзеляць радасці і горычы, радуюцца дасягненням дзяцей і ўнукаў.
Чалавек працай моцны
«Чаго ў жыцці было больш?» — жанчына задала сабе пытанне і адразу знайшла адказ: «Працы». «А як жа інакш, без яе чалавек нічога не варты ў жыцці», — разважала яна далей і пачала ўспамінаць на гэты конт народныя прымаўкі. Яны заўсёды былі на вуснах вяскоўцаў, і ў іх закладзена шмат мудрасці: «Выходзь на поле з расой, дык будзеш з ядой», «Хто працуе, той і мае», «Гультай за работу — мазоль за руку», «Вачам страшна, а рукі возьмуць і зробяць», «Сон на заўтра адкладзі, а работу сёння зрабі» — гэтыя і іншыя выслоўі круціліся ў галаве. «Мудрасць ёсць мудрасць, ні дабавіць, ні адняць», — зазначыла жанчына.
Успаміналіся гады працы ў мясцовым калгасе, у асаблівасці, калі працавала звеннявой па лёне. Гэтую сельскагаспадарчую культуру вяскоўцы любілі, хоць з ёй было шмат клопатаў, лён лічылі сапраўдным багаццем і ад душы шчыравалі на льняных палетках.
Марыя Аляксандраўна была радавой працаўніцай калгаса імя Чарняхоўскага, і яе рукі не цураліся ніякай працы на зямлі. Яна палола буракі, грабла сена, сярпом жала жыта, пшаніцу, ячмень — усяго немагчыма нават пералічыць. Гэта была яе праца, нялёгкая і няпростая, але яна ні разу не пашкадавала аб тым, што трэба было рана ўстаць і позна легчы, усё хацелася давесці да ладу, каб яно, як гаварылі ў народзе, было, як у вяночку.
Яўгеній Георгіевіч таксама добры гаспадар. Да працы прызвычаіўся з дзіцячых гадоў, калі касіў на сенажаці і вазіў снапы. Працаваў механізатарам, тэхнікам-асемянатарам на ферме «Лыкавічы» калгаса імя Чарняхоўскага. Мае званне «Заслужаны калгаснік».
Марыя Аляксандраўна перагарнула яшчэ адну старонку альбома — і яе позірк спыніўся на надпісе «Нашы будні» з двумя фотаздымкамі. На адным — муж побач з канём, а на другім — яна лашчыць карміцельку-кароўку. Сям’я Дрык руплівая, любіць ўвіхацца па асабістай гаспадарцы. Лёгкай ношай гэтую працу не назаве, затое конь дапамагаў выконваць розныя сялянскія работы, а карова была карміцелькай для ўсёй сям’і. Многія вяскоўцы ў той час трымалі асабістую гаспадарку — і гэта для іх было нормай жыцця.
Ад любячых сэрцаў
Жанчыа гартала альбом, падрыхтаваны да 50-годдзя сумеснага жыцця, і з фотаздымкаў на яе глядзелі знаёмыя і дарагія сэрцу родзічы, ад іх немагчыма было адвесці позірку. За пятнаццаць гадоў адбыліся горкія і радасныя змены: не стала любага сына Анатолія і зяця Віталія, а пазней вялікая і дружная сям’я павялічылася. Яна спыніла позірк на надпісе «Дзеці»: Толя, Тома, Маша, Наташа. Перагарнула яшчэ адну старонку — і на яе ўжо глядзелі зяці: Віця, Коля, Сярожа, а на наступнай — нявестка Ніна. Яны заўсёды былі і застаюцца для маці і бацькі надзеяй і апорай у жыцці.
…А вось і родныя анёлы, якія саграваюць сэрца, кім заняты яе думкі: унучкі Кацюша, Інка, Ксюша, унукі Дзімка, Сашка, Дзёмік, Герман. І гэты залаты спіс не заканчваецца, зараз у бабулі і дзядулі 9 унукаў і 16 праўнукаў. Гэта вялікае шчасце для людзей у паважаным узросце, калі яны збіраюцца разам у бацькоўскай хаце і прызнаюцца ў любові да родных людзей, прысылаюць паштоўкі да знамянальных падзей.
«Дзякуй вам за тое, што вы ў нас ёсць, і за тое, што вы такія ёсць! Дзякуем за дапамогу, якую вы пастаянна аказваеце ўсім нам. Будзьце здаровыя на доўгія гады!» — у каторы раз перачытвае маці словы падзякі ад дзяцей і ўнукаў у альбоме пад назвай «Ад любячых сэрцаў».
У гэтым жа альбоме — прызнанне ў любові ад дачкі Наташы. Калі маці іх чытае, слёзы радасці набягаюць на вочы: «Да гэтага часу я маю магчымасць, як і раней, у дзяцінстве сустракацца і гутарыць з бацькамі, якія падарылі мне жыццё. Я чацвёртае па ліку дзіця ў сям’і: не кожны чалавек вырашыцца на такі ўчынак, а мае мама і тата вырашыліся! Але не толькі нарадзілі, але і выхавалі ў дастатку, далі ўсім нам адукацыю, дарэчы, нядрэнную: дваім — педагагічную, двум другім — медыцынскую, справілі нам вяселлі (кожнаму!), і да гэтага часу абярагаюць нас, як і раней, і за гэта асобны дзякуй. Нікому з нас не пярэчылі ў выбары — гэта прыклад для нас. А якое шчасце чуць і ўсведамляць тое, што цябе да гэтага часу ёсць каму назваць «дачушкай». Адразу становіцца на душы, як у дзяцінстве, лёгка і бесклапотна…»
Заканчваецца прызнанне словамі: «Гавораць, што калі чалавек нараджаецца, Бог дае яму два крылы — гэта тата і мама. І пакуль яны ёсць — мы лятаем. Але вельмі цяжка лятаць з адным крылом, а тым больш ісці пешшу. Дай Бог нам усім ляцець як мага далей на двух крылах. А для гэтага мы павінны берагчы сваіх бацькоў.»
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Святланы МАЛАХВЕЙ і з архіва сям’і ДРЫК.