Гісторыя школы ў Скрышаве

У 1939 годзе, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, на цяперашняй тэрыторыі раёна арганізоўвалася сістэма пачатковага навучання, якая ўключала пачатковыя школы і пачатковыя класы няпоўных сярэдніх і сярэдніх агульнаадукацыйных школ. Але Вялікая Айчынная вайна парушыла паступальнае развіццё пачатковай школы. За гады акупацыі школы былі разбураны або знаходзіліся ў паўразбураным стане. Абсталяванне школ, вучэбна-наглядныя дапаможнікі, падручнікі былі амаль поўнасцю знішчаны. Пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны паўсталі не толькі задачы аднаўлення народнай гаспадаркі, але і тыя, рашэнне якіх было адкладзена ў ваенны перыяд. Адной з найважнейшых задач было адраджэнне сістэмы адукацыі.

Школьныя гады — адна з самых запамінальных старонак у жыцці кожнага чалавека. Усё галоўнае ў лёсе чалавека пачынаецца са школы. Гісторыя школы — гэта жывыя старонкі жыцця людзей, вялікіх і маленькіх, вясёлых, гарэзных, імклівых, сур’ёзных і важных. Галоўныя арыенціры жыцця, шмат у чым вызначаючыя далейшы лёс чалавека, дае школа. Менавіта тут ён вызначаецца ў выбары сваіх захапленняў, сваёй будучай прафесіі, знаходзіць сяброў, упершыню сутыкаецца з жыццёвымі цяжкасцямі і радуецца сваім першым перамогам. Школа надоўга застаецца ў памяці кожнага чалавека светлым этапам жыццёвага шляху.
Мой аповед — аб адраджэнні Скрышаўскай васьмігадовай школы пасля вызвалення цяперашняй тэрыторыі раёна ад акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі. А адбывалася гэта так. У вёсцы Скрышава жыў былы настаўнік польскай школы Мянькоўскі Мікалай Мікалаевіч. Пры падтрымцы старшыні Міратыцкага сельсавета У. А. Шушкевіча ён і стаў арганізатарам пабудовы школы ў вёсцы. Цяжкі быў тады час і вырашаць гэтыя цяжкасці дапамагло насельніцтва вёсак Забердава, Скрышава, Сёгда, Караліны, Печышча (з 30.06.1964 года Францішкова). Будаўніцтва было закончана ўлетку 1947 года. Школа была пабудавана з дрэва і крытая саломай, пры ўваходзе — невялікі калідор, прама была настаўніцкая, а злева і справа на ўсю шырыню будынка класы. Школьная мэбля і абсталяванне былі выраблены гаспадарчым спосабам, у якасці асвятлення выкарыстоўваліся газавыя лямпы. Абаграваўся ўвесь будынак дзвюма печкамі, якія прапальвала Сакольчык Таццяна, і яшчэ яна ручным званком апавяшчала пачатак і заканчэнне кожнага ўрока.
У верасні гэтага ж года дзеткі з названых вёсак пайшлі ў першы клас Скрышаўскай пачатковай школы. Праўда, гэты першы клас у сувязі з усеагульным абавязковым пачатковым навучаннем быў рознаўзроставы і адзіным настаўнікам быў Мікалай Мікалаевіч. Не хапала падручнікаў, сшыткаў, школьных прылад. Але агульная бяда згуртавала ўсіх, дзеці падтрымлівалі адзін аднаго, дапамагалі, вельмі вялікім было жаданне вучыцца, пазнаваць новае. На наступны навучальны год у школу былі накіраваны настаўнікамі Бабровіч Вольга Андрэеўна і Арцюх Вера Мікалаеўна. У 1949 годзе была прынята пастанова аб пераходзе на абавязковае сямігадовае навучанне. Гэты пераход з-за многіх аб’ектыўных прычын, якія ў кароткі тэрмін пераадолець было немагчыма, праходзіў амаль да паловы 50-х гадоў.
Паступова наладжвалася сітуацыя ў сельскай гаспадарцы на аснове дробных індывідуальных гаспадарак, пачалі ўмацоўвацца эканамічныя сувязі індывідуальных сялянскіх гаспадарак з дзяржаўным гандлем і сістэмай спажывецкай кааперацыі. Мірнай працы ў першыя пасляваенныя гады перашкаджалі шматлікія банды былых нямецкіх прыслужнікаў, што дзейнічалі ў наваколлі. Доўга не арганізоўваліся калектыўныя гаспадаркі. Зямельныя надзелы здрабняліся ўсё больш і больш у выніку сямейных падзелаў, і толькі ў канцы 40-х у кожнай вёсцы пачалі стварацца калгасы. У 1951 годзе яны былі аб’яднаны ў адзіны калгас імя Якуба Коласа з цэнтрам у вёсцы Міратычы, а Міратыцкі сельсавет у 1954 годзе быў аб’яднаны з Райцаўскім. Гэтыя перамены да лепшага спрыялі далейшаму развіццю адукацыі. Сельсавет і гаспадарка пачалі аказваць дапамогу па ўмацаванні матэрыяльнай базы школы.
На гэты час у школе навучаліся два класы з колькасцю вучняў больш за 15 чалавек, павялічылася колькасць настаўнікаў. Дырэктарам школы быў прызначаны Лушчык Аляксандр Васільевіч і накіраваны настаўнікамі Хваль Алена Іванаўна і Калевіч Соф’я Іванаўна. Узнікла неабходнасць пашырэння школы, у сувязі з гэтым было арандавана памяшканне ў прыватным доме, размешчаным побач са школай.
Колькасць дзяцей у навакольных вёсках працягвала павялічвацца, і ўзнікла неабходнасць пабудовы яшчэ аднаго будынка. У 1958 годзе была прынятая пастанова аб пераходзе на абавязковае васьмігадовае навучанне. Гэты пераход быў здзейснены да пачатку 60-х гадоў. Дзякуючы дапамозе гаспадаркі і сельсавета ў 1959 годзе быў пабудаваны яшчэ адзін школьны будынак, дзе размясціліся два класы. Значна павялічылася колькасць настаўнікаў. Дырэктарам быў прызначаны Гацкі Генадзій Антонавіч і накіраваны настаўнікамі Алексіевіч І.І., Алексіевіч А.В., Беняш С.М., Будзейко А.П., Каляда З.Т., Кулініч І.І., Пахолак М.І. Некаторыя прадметы выкладалі настаўнікі з Міратыцкай пачатковай школы.
У 1962 годзе Скрышаўская сямігодка была ператворана ў васьмігадовую школу. Першы выпуск восьмага класа быў у 1963 годзе. Паступова, з года ў год, павялічвалася колькасць дзяцей і з’явілася неабходнасць павялічыць колькасць памяшканняў для правядзення іх навучання. У 1969 годзе ў раёне было прынята рашэнне аб будаўніцтве новай Скрышаўскай васьмігадовай школы. Да 1971 года новая двухпавярховая школа была пабудавана і навучальны год пачаўся ў прасторных і светлых класах. Школа была пабудавана з цэглы, мелася спартыўная зала, майстэрні, цэнтральнае ацяпленне і вадаправод. Побач быў пабудаваны двухпавярховы жылы дом для настаўнікаў, кацельня. Настаўнікамі былі накіраваны Бухавец В.І., Бяльчыцкі В.А., Гавіна У.У., Гавіна Л.В., Ждан Л.М. Дырэктарамі школы прызначаліся Кулініч І.І., Гавіна У.У., Алексіевіч А.В.
За прайшоўшы час пасля вызвалення ўмацавалася і працягвала развівацца народная гаспадарка, з кожным годам паляпшаецца жыццё людзей. Уладкаваліся навакольныя вёскі і напоўніліся смехам дзяцей, вясковае жыццё ўваходзіла ў свой звыклы стан. Многія выпускнікі школы ўпэўнена пачалі самастойнае жыццё. Веды, атрыманыя ў школе, садзейнічалі іх далейшаму развіццю і выбару прафесіі, многія былыя вучні Скрышаўскай школы ў далейшым сталі спецыялістамі і работнікамі розных сфер народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы. Так, Ціхановіч А.П. з вёскі Сёгда стаў кандыдатам эканамічных навук, Каралько А.А. з вёскі Скрышава — кандыдатам тэхнічных навук. Парушанае вайной мірнае жыццё наладзілася і працягвала развівацца далей.

Баляслаў НАВІЦКІ,
ветэран працы,
краязнаўца