Проект «Школьный меридиан»: о жизни учреждения образования рассказывают учащиеся Турецкой средней школы
Бераг маёй мары – мая родная зямля
У чысціні азёр, у хвалях рэк, у шэпце лістоты маладых бяроз я чую аповед пра цудоўную гісторыю маёй малой радзімы. Прыгожыя акуратныя дамы, царква на ўзгорку, працавітыя людзі, што ўпрыгожваюць зямлю тварэннем сваіх рук. Калі птушкі пачынаюць спяваць з раніцы, душа трымціць ад асалоды. Пад спеў птушак прыходзяць мары аб тым, што я сама шмат чаго магу зрабіць для сваёй роднай зямлі, каб яшчэ лепш жылося маім землякам. Радасна ад таго, што мне прыйшлося нарадзіцца на слаўнай зямлі, што мне ёсць чым ганарыцца, ёсць свае каштоўнасці, якія трэба берагчы, як самы найдаражэйшы скарб.
З самага ранняга дзяцінства перад маімі вачамі паўстаюць купалы Турэцкай Свята-Пакроўскай царквы. Узнікае такое адчуванне, што царква сустракае ўсіх, хто едзе з Мінска або ў Мінск. Памалу яна праплывае ўслед, і яшчэ доўга-доўга відаць яе абрысы. Лічу яе сімвалам маёй малой радзімы, так як і людзей, якія жывуць тут доўгія гады, памятаюць усё адзін пра аднаго, захоўваюць сваю гісторыю.
У марах і думках я заўсёды знаходжуся побач са сваімі слаўнымі землякамі, хачу навучыцца так, як яны, адчуваць цану таму, што знаходзіцца блізка, адчуваць адказнасць за лёс аграгарадка, за яго будучае. Хачу застацца тут назаўсёды, і тым быць шчаслівай. У душы жыве ўпэўненасць, што толькі на радзіме можна здабыць душэўны спакой і радасць, таму што жыццё, працу прысвяціў аднавяскоўцам, сваёй зямлі. Яны так і крочаць па жыцці разам са мной, мае землякі, чыё працалюбства, талент, сардэчнасць прызываюць маю душу памятаць іх, захапляцца іх штодзённымі подзвігамі.
У гісторыка-краязнаўчым музеі ўстановы адукацыі знаходяцца карціны мясцовага мастака-краязнаўцы Паўла Аляксеевіча Абадзінскага, на якіх адлюстраваны выявы старажытнага Турца, архітэктурныя помнікі 19 стагоддзя і сучасны Турэц – абноўлены аграгарадок з шырокімі, светлымі вуліцамі. Па карцінах гэтага мастака можна вывучаць гісторыю сваёй малой радзімы.
З вялікай цікавасцю чытаю творы Янкі Брыля, паэта Анатоля Дзеркача. Гэта мае слаўныя землякі. З хваляваннем у душы вывучаю біяграфію Янкі Маўра, разам з тым уважліва шукаю звесткі пра той перыяд, калі ён жыў і працаваў у мястэчку Турэц. Менавіта тут нарадзіўся яго сын, будучы Герой Сацыялістычнай працы Фёдар Іванавіч Фёдараў. І зноў я мару, мару быць падобнай да сваіх землякоў, акунуцца ў іх дабрату, у іх бязмежную любоў да сваёй роднай зямлі. А на Паштовай вуліцы аграгарадка Турэц прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады сусветна вядомага спевака Пятра Конюха. Яго голас закранаў душы мільёнаў людзей на ўсёй планеце. Так склаўся лёс, што не гучалі яго песні на роднай зямлі. Але ж памяццю, сэрцам ён заўсёды быў разам са сваёй Радзімай.
Частым госцем Турца і ўстановы адукацыі з’яўляецца яе выпускнік, вядомы вучоны ў свеце эксперыментальнай біялогіі раслін Мікалай Афанасьевіч Ламан. Ён напісаў кнігу, прысвечаную гісторыі Турца і Турэцкай школы “Крыніцы разумнага, добрага, вечнага”. Ён заўсёды звяртае ўвагу нас, сучасных вучняў, на тое, што трэба ганарыцца сваімі мясцінамі, быць назаўсёды прывязанымі да іх і працаваць у будучым як на карысць краіны, так і на карысць сваёй маленькай радзімы.
Бераг маёй мары – родная зямля. Тут незвычайным спевам будзяць мяне кожную раніцу птушкі, тут згадваю вобразы маіх славутых продкаў. А аблокі плывуць па нябёсах у бязмежную далеч, накіроўваючы мае думкі ў будучыню, якая будзе звязана навек з мясцінамі, дзе я нарадзілася.
Марына Абрамовіч, вучаніца 11 класа, удзельнік пошукавай групы “Патрыёты”
Гістарычная памяць аб подзвігу нашага народа
Вельмі часта бываем ля помніка загінулым воінам, які знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка Турэц. Тут пахаваны тыя, хто прымаў удзел у вызваленні нашага мястэчка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усе знакавыя святы адзначаем каля помніка, прыходзім, каб кожны раз аддаць даніну памяці героям. Пра гісторыю помніка даведаліся з крыніц, якія захоўваюцца ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі. Вучні ўстановы адукацыі даследчай дзейнасцю пачалі займацца даўно, яшчэ да стварэння музея. Адным з заданняў для іх было – адшукаць родных і блізкіх тых, хто пахаваны ў брацкай магіле. Удзельнікі групы “Пошук” пад кіраўніцтвам піянерважатай Брылевіч Лідзіі Мікалаеўны адшукалі адрасы родных і блізкіх, напісалі пісьмы, папрасілі выслаць фатаграфіі і біяграфіі тых, чые прозвішчы змешчаны на помніку. На працягу трох месяцаў атрымалі фатаграфіі больш як ад дваццаці пяці сем’яў сваякоў загінулых воінаў. Гэта былі лісты-падзякі, якія ўсхвалявалі душы і дзяцей, і дарослых. «Мы вельмі вам удзячныя, што вы свята шануеце памяць загінулых воінаў, якія аддалі сваё жыццё за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, і разам з тым вельмі жадаем завязаць з вамі перапіску і даведацца пра ўсё, што нас і вас цікавіць», — пісала дачка Ляшэнка Паўла Антонавіча. І яшчэ радкі з ліста Ніканенкі Алены Міхайлаўны: «Дзякуй вам вялікі за вашу працу. Як добра, што на брацкай магіле, дзе пахаваны і наш бацька, заўсёды ляжаць кветкі, вянкі, што каля падножжа помніка часта збіраецца шмат людзей, каб ушанаваць памяць нашых родных і блізкіх».
Тут нядаўна адкрылі памятны знак выпускніку нашай установы адукацыі, удзельніку вайны ў Афганістане Георгію Анатольевічу Татуру, імя якога носіць піянерская дружына нашай школы. Выпускнікі школы пры сустрэчах часта ўспамінаюць яго маці, Таісію Іосіфаўну, якая прыходзіла ў школу, расказвала пра свайго сына, пра яго чалавечнасць, мужнасць. Вельмі глыбока, ад усёй душы краналі прысутных такія сустрэчы. Яны вучылі разумець, якое значэнне для чалавека маюць такія паняцці, як гонар, мужнасць, эталон душэўнай прыгажосці.
Кожны куток роднай Беларусі ганарыцца сваімі сынамі – воінамі-абаронцамі, навукоўцамі, педагогамі, дзеячамі культуры, усімі, хто сваёй любоўю да роднай зямлі, працавітасцю і самаахвяраваннем здабываў мір, дабрабыт нашаму народу, захоўваў і памнажаў лепшыя традыцыі, гістарычную памяць. Ганарымся і мы, што нарадзілся на слаўнай зямлі.
Вераніка Чамбровіч, вучаніца 9 класа, удзельнік клуба “Патрыёты Айчыны”
З гонарам і ўдзячнасцю ў душы
З разуменнем значнасці і важнасці справы стараюся прымаць актыўны ўдзел у пошукавай дзейнасці ў рамках рэспубліканскага праекта “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”. Гэта работа вельмі цікавая для мяне і маіх сяброў.
Адчуваю запатрабаванасць дадзенай акцыі, праз удзел у якой далучаемся да вялікай гераічнай эпапеі нашага народа. Добра разумею, што мы не маем права забываць людзей, якія прайшлі праз страшную вайну, зрабілі ўсё для таго, каб мы жылі пад чыстым небам, захапляліся навакольнай прыгажосцю, маглі спакойна вучыцца, марыць пра шчаслівую будучыню на сваёй роднай зямлі. Сярод ветэранаў і імя майго прадзядулі Жарнака Васіля Браніслававіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, які ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, а таксама медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслуг”, “За ўзяцце Кенігсберга”, “За Перамогу над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”. Я ганаруся сваім прадзядулем.
Мы, удзельнікі піянерскай пошукавай групы, вывучаем музейныя дакументы, гутарым з блізкімі і знаёмымі, вывучаем газетныя артыкулы, удакладняем атрыманыя звесткі, каб адрадзіць усе імёны, не забыць ветэранаў вайны, захаваць гістарычную памяць аб гераічных подзвігах, гісторыі і лёсе кожнага беларуса, які ўнёс свой уклад у вызваленне краіны і ў Вялікую Перамогу.
Дар’я Ходар, вучаніца 7 класа, удзельнік пошукавай групы “Патрыёты”
Гераічныя абаронцы маёй малой радзімы
У нашай краіне па-сапраўднаму няма ніводнай сям’і, якую б вайна не закранула сваім чорным крылом. Хтосьці прайшоў праз цяжкасці партызанскага жыцця, хтосьці не дачакаўся з фронту бацьку і пасля вайны рос сіратой, абдзелены яго любоўю і ласкай… Нехта згубіў у полымі ліхалецця ўсю сям’ю. А хтосьці ваяваў сам, як, напрыклад, цудоўны чалавек, былы старшыня калгаса, жыхар вёскі Браносава, што знаходзіцца ў Турэцкім сельскім Савеце Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, Саўка Уладзімір Уладзіміравіч.
Па ўспамінах аднавяскоўцаў, сваё жыццё Уладзімір Уладзіміравіч дзяліў на дзве часткі: тое, што было да вайны, і тое, што пасля яе. А вайна – гэта як чорная рыска, правал, глыбокі яр, які нельга засыпаць, пра які нельга забыць. Ён добра памятаў, як наступалі нямецкія акупанты, як ляжалі на дарозе дзве маладыя забітыя жанчыны, а каля іх малое дзіця – трохгадовая дзяўчынка. “Мы забралі з сабою гэту дзяўчынку, — з болем у голасе ўспамінаў Уладзімір Уладзіміравіч, — яна была з намі больш як два тыдні, а потым мы завезлі яе ў медсанбат.”
Дарогі вайны – цяжкія, палітыя крывёй. У 1942 годзе Уладзімір Уладзіміравіч быў паранены ў нагу, потым служба ў 483 палку 177 Любанскай дывізіі. Былы франтавік ізноў жа ўспамінаў: “Першы раз пайшлі мы ў разведку і вярнуліся ні з чым. Быў моцны вецер, непагадзь, і мы заблукалі, з цяжкасцю адшукалі сваіх баявых сяброў. А вось наступная аперацыя прайшла з поспехам. На лясной паляне нашым салдатам сустрэлася невялічкая зямлянка. З асцярожнасцю зайшлі туды і ўбачылі 12 нямецкіх сувязных і афіцэра. Іх абяззброілі, прывялі ў свой полк. Невялікае здарэнне вайны. А колькі было такіх здарэнняў за доўгія чатыры гады”.
Пасля вайны Уладзімір Уладзіміравіч вярнуўся ў сваю родную вёску. Патрэбна было аднаўляць разбураную гаспадарку, паступова загойваць, хай сабе і невылечныя раны вайны. Дзень Перамогі для сапраўднага абаронцы Радзімы Уладзіміра Саўкі, як і для ўсіх ветэранаў, быў заўсёды днём пазбаўлення ад цяжкасцей, голаду, слёз, гора; гэта самае светлае свята на ўсё жыццё.
Ужо шмат гадоў нас аддзяляе ад той іхняй маладосці, што зведала і партызанскія зямлянкі, і франтавыя акопы, налёты авіяцыі і артабстрэлы, кроў, слёзы, смерць. За ўсіх нас, цяперашніх, яны ахвяравалі сваёй маладосцю. І як па-рознаму склаўся іх лёс! Адны, прайшоўшы ўсё пекла вайны, сустрэлі жаданую Перамогу, дайшлі да таго прамяністага Мая, другія так і засталіся маладымі назаўсёды, упісаўшы залатымі літарамі свае імёны ў вечнасць.
Кірыл Шуляк, вучань 9 класа, удзельнік пошукавай групы “Патрыёты”