В деревнях Щёново и Хвалово Райцевского сельсовета идет удаление аварийных деревьев
Вёскі Шчонава і Хвалава Райцаўскага сельвыканкама схаваліся ад людскіх вачэй за лесам. Тут лёгка дыхаецца — хаты стаяць насупраць пералеску, уздоўж якога імкліва бяжыць ручаёк.
Апошнім часам сельскі спакой парушае гул бензапілаў і трактароў. Але мясцовыя жыхары не скардзяцца, ведаюць — тут ідуць работы па добраўпарадкаванні вясковай дарогі. Арганізатарам акцыі па добраўпарадкаванні выступіў старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош.
— Уздоўж дарогі раслі аварыйныя дрэвы і хмызняк, якія перашкаджалі ездзіць на аўтамабілі, — расказвае Кацярына Петрукоўская, якая штотыдзень прыязджае ў бацькоўскі дом у в. Хвалава. — Калі былі ўраганы, часам абрывала правады, і электрыкі, стараючыся аднавіць святло ў вялікіх населеных пунктах, прыязджалі да нас у апошнюю чаргу. Тут жывуць у асноўным пажылыя людзі, якім складана пешшу па гразі хадзіць у аўталаўку, а яна не магла пад’ехаць бліжэй. Машына “хуткай дапамогі” таксама даязджала да нас з цяжкасцю. У райвыканкаме паабяцалі, што будуць выкананы работы, і праца закіпела.
Цяпер аб аварыйных дрэвах нагадваюць толькі пні, а вальшчык лесу Карэліцкага лясніцтва Аляксандр Забаўскі расказвае, што засталося спілаваць толькі дзве старыя бярозы. Спіленыя дрэвы ідуць на паліва ў мясцовыя кацельні.
— Асноўнае, што засталося зрабіць — дапілаваць некаторыя дрэвы і навесці парадак, — расказвае старшыня Райцаўскага сельскага Савета Валерый Богуш. — Добраўпарадкаванне выконвалася работнікамі Карэліцкага лясніцтва, мясцовага РЭСа, філіяла КУП па забеспячэнні палівам Гроднааблпаліва, СВК “Свіцязянка” і Райцаўскага сельвыканкама. Затым у вёску зойдуць работнікі ДРБУ-158 і выраўняюць дарогу.
Гледзячы на вынікі работы, Кацярына расказвае, што дзеяннямі мясцовай улады задаволена:
— Адчуваецца добрая зваротная сувязь як з кіраўніцтвам райвыканкама, так і сельвыканкамам. Нас не пакінулі з праблемаю адзін на адзін, а дапамаглі.
Пакуль гутарым з жанчынай, крочым па вёсцы. Яна расказвае, што на беразе гэтага ручая, які пачынаецца з падземнай крынічкі, раней збіралася ўся вёска:
— Кожны год у верасні прязджаў святар і асвячаў крынічку. На беразе ставілі сталы, тут збіраліся ўсе жыхары. Цяпер крынічка зарастае. Але спадзяюся, што ў хуткім часе зоймуцца і яе добраўпарадкаваннем.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара