На Кореличчине активно проводят сбор подписей в поддержку потенциальных кандидатов в Президенты Беларуси

15 лістапада на пляцоўцы  каля Карэліцкага УКП БАН  працавалі пікеты Карэліцкіх раённых арганізацый  Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, ГА “Беларускі саюз жанчын” і “Белая Русь”.

   Гэты этап выбарчай кампаніі праходзіць даволі актыўна,  людзі настроены прыязна, ахвотна гутараць.

– Карэліччане разумеюць, для чаго яны прыйшлі на пікет, за каго пакідаюць подпіс і навошта наогул удзельнічаюць у выбарчай кампаніі, – адзначаюць члены ініцыятыўнай групы.

Журналіст «Полымя» пацікавілася,  якім жыхары  раёна  бачаць будучыню краіны і Кіраўніка дзяржавы.

– Электаральная кампанія – важная палітычная падзея ў жыцці нашай краіны, – гаворыць бухгалтар  Карэліцкага УКП БАН Таццяна Царук. – Мы выбіраем курс, па якім будзем ісці ў бліжэйшай перспектыве, будуем доўгатэрміновыя планы, якія прадугледжваюць развіццё і росквіт нашай Радзімы. Абавязак кожнага грамадзяніна і патрыёта – прыняць удзел ва ўсіх этапах выбарчага працэсу, зрабіць правільны выбар – выбар на карысць стварэння, міру і светлай будучыні для нашых дзяцей. Таму сёння я стаўлю подпіс за таго, хто, на маю думку, здольны павесці краіну гэтым курсам.

Міліцыянер-вадзіцель групы затрымання Карэліцкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Арцём Хомчык адзначыў:

– Ад таго, хто стане Кіраўніком краіны, будзе залежаць вельмі многае. Важна захаваць тое, што мы сёння маем. Гэта стабільнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні, а галоўнае – мірнае неба над галавой. Галасаваць буду, галасаваць трэба! Я бачу Прэзідэнтам мудрага, руплівага гаспадара і патрыёта сваёй краіны. Са сваім выбарам вызначыўся даўно, і сёння аддаў подпіс у падтрымку мірнага і шчаслівага жыцця ў Беларусі. За ўмовы, што створаны ў нашай дзяржаве, каб яны станавіліся толькі лепшымі.

Старшыня Карэліцкага  раённага камітэта прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Кучко лічыць:

-Я за моцную, жыццярадасную і квітнеючую Беларусь, за нашу шчаслівую краіну. Хачу, каб мір быў на ўсёй зямлі! Ставячы подпіс за патэнцыяльнага кандыдата, я пацвярджаю, што хачу аддаць свой голас за Прэзідэнта, які забяспечыць мір і стабільнасць, захавае магчымасць жыць, працаваць у роднай краіне. Людзі хочуць міру, стабільнасці і спакойнага жыцця. Яны хочуць жыць і адчуваць сацыяльную дзяржпадтрымку.  Нашы грамадзяне ўпэўнены ў заўтрашнім дні  і жадаюць ствараць. У нашай краіны ёсць будучыня, таму што мы адзіныя.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара