Жители Кореличского района на пикетах ставят подписи за стабильность и мир в своей стране

11 лістапада ў 13 гадзін на пляцоўцы каля Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці ажыўлена. Гучаць беларускія мелодыі ў выкананні работнікаў культуры. Тут жа арганізаваны пікет па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты нашай краіны. Да столікаў падыходзяць карэліччане, каб паставіць свае подпісы.

Пенсіянерка, жыхарка райцэнтра Таіса Данько прызнаецца, што выкарыстала добрае надвор’е і прыйшла на пікет: «Мне хочацца, каб былі мір на зямлі і блакітнае неба над галавой. Каб нашы ўнукі радаваліся кожнаму новаму дню, а пра пенсіянераў клапаціліся дзяржава і моладзь».

Намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Яўген Чычкан адзначае, што прыйшоў паставіць подпіс за мір, далейшае развіццё незалежнай дзяржавы, утульнасць для кожнага грамадзяніна нашай краіны.

Гутару з начальнікам адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Яўгеніем Гарлуковічам. «Як чалавек ваенны, я за мір і спакой на зямлі. Каб ніхто і ніколі не змог пасягнуць на нашу незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць. Каб наша Беларусь квітнела з кожным годам», — сказаў Яўгеній Янавіч.

Накіроўваюся на наступную пляцоўку пікета, якая знаходзіцца па вуліцы Гагарына, 2, каля гандлёвага цэнтра ў г.п. Карэлічы. Сюды прыходзяць жадаючыя, каб паставіць свае подпісы за патэнцыйнага кандыдата ў Прэзідэнты нашай краіны.

Дырэктар прыватнага прадпрыемства «РАТОВ» з вёскі Даўгінава Ярэміцкага сельсавета Уладзімір Ратаў апавядае:

— У мяне свая справа — займаюся вырошчваннем слімакоў і вытворчасцю паўфабрыкатаў з іх, чаму прысвяціў дзесяць гадоў. І гэта дзякуючы сваёй ініцыятыве і веры ў сваю справу, а таксама падтрымцы дзяржавы. У нашай дзяржаве чалавек можа заняцца любой справай, калі ёсць жаданне. Усе магчымасці ў Беларусі для гэтага ёсць.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ