82-летняя кореличчанка Мария Жук вяжет тапочки и носки и отправляет их одиноким старикам и детям-инвалидам
Восень. Яна кранае па-асабліваму і заварожвае туманамі і залатымі дыванамі, мы дзякуем матухне-прыродзе за шчаслівыя імгненні. Як і восень жыцця — так называюць жыццё на пенсіі. Яна дае свае магчымасці — чалавек у сталым узросце знаходзіць любімую справу, якая прыносіць асалоду самому і радасць людзям.
Ад родных ніў…
Маленькая радзіма Марыі Іванаўны — вёска Блеўчыцы Копыльскага раёна Мінскай вобласці. Яна са шматдзетнай сям’і, у якой было пяцёра дзяцей. Марыя, самая старэйшая, клапацілася пра меншых і дапамагала бацькам па асабістай гаспадарцы. На летніх канікулах працавала на калгасных палетках: палола буракі, грабла сена — не цуралася ніякай працы.
Пасля заканчэння сямі класаў дзяўчына пайшла працаваць у мясцовы калгас. Праца была нялёгкай, зімой даводзілася нарыхтоўваць кампост. На цяжкасці не скардзілася, найчасцей спасылаючыся на маладосць, якой было ўсё пад сілу.
Нечакана лёс прыпаднёс жыццёвае выпрабаванне — памёр бацька. Дачцы ішоў васямнаццаты год. Старэйшы бацькаў брат Аляксандр прапанаваў пераехаць на Карэліччыну — і дзяўчына дала згоду.
У штодзённых клопатах
На Карэліччыне Марыя набыла другую радзіму, знайшла справу па душы, сустрэла абранніка жыцця. Напачатку працавала на маслазаводзе рабочай. Тут затрымалася нядоўга, перайшла ў грамадскае харчаванне. Незадоўга яе накіравалі ў Масты на курсы, дзе авалодала навыкамі афіцыянткі. Працавала ў рэстаране, які размяшчаўся ў будынку насупраць царквы, і рэстаране «Колас». Выязджала на кірмашы і святы, дзе прапаноўвала розную здобу.
На працягу дзесяці гадоў Марыя Іванаўна шчыравала ў буфеце Карэліцкай аўтастанцыі. Да кожнага наведвальніка імкнулася знайсці падыход, каб пакупнікі пакідалі гандлёвую кропку ў добрым настроі.
— Усё жыццё адносілася да даручанай справы адказна, — гаворыць жанчына. — З мужам Іванам Іванавічам пражылі амаль 48 гадоў, адзін аднаго паважалі і жылі клопатамі кожнага дня.
Майстэрства яе рук
У пакоі кватэры Марыі Іванаўны Жук утульна. Вочы радуе белізна мноства сурвэтак, у кожнай — свае ўзоры.
— Вяжу кручком, — тлумачыць майстрыха. — Вязала касынкі і для нявесткі, і ўнучкі. Дачцы сяброўкі звязала кардыган. Для сябе пачала беласнежную хусцінку, у якой буду хадзіць у мясцовую царкву. Галоўнае ў маёй справе, каб бачылі вочы і не балелі рукі.
Увагу ў зале прыцягваюць і прыгажуны-вазоны. Да іх таксама гаспадыня прыкладвае рукі: пакаёвыя кветкі маюць добры выгляд, а ружа нават зацвіла.
Гэтымі дамашнімі клопатамі жыццё на пенсіі Марыі Іванаўны не абмяжоўваецца: яна наведвае Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Чатыры разы ў тыдзень, з панядзелка па чацвер, пенсіянерка прыходзіць сюды, каб заняцца любімай справай.
— І для рук занятак ёсць, і сярод людзей, — прызнаецца субяседніца і дадае, што ў яе ўзросце гэта не так ужо і мала. У іх групе — пяць чалавек: яна старэйшая, на жыццёвым рахунку — 82 гады, астатнія — 75-77-гадовыя. Паведала і пра тое, што вяжуць тапачкі і шкарпэткі. Яны валанцёры, іх вырабы накіроўваліся ў Жухавіцкі сацыяльны пансіянат «Івушка», Карэліцкі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дом сумеснага самастойнага пражывання ў г.п. Карэлічы.
Яркая зорачка
Марыя Іванаўна ў захапленні ад наведвання свят і ўрачыстасцей, якія праводзяцца ў райцэнтры. Тут можна сустрэцца з даўнімі знаёмымі і сябрамі, паглядзець выступленні самадзейных артыстаў Карэліччыны і сталічных гасцей. Асабліва радуе душу выступленне ўнука Арсенія Знайдзёна. Хлапчук з’яўляецца яркай зорачкай на творчым небасхіле нашага раёна. Бабуля лічыць, што ва ўнука ёсць талент.
— Я адчуваю вялікую радасць са слязьмі на вачах, — з хваляваннем гаворыць яна. — У мяне ёсць шмат фотаздымкаў унука, ён давярае мне свае таямніцы. Гэта радуе маю душу і ўсяляе надзею ў заўтрашні дзень. Хочацца, каб у Арсенія ўсё атрымалася, і каб ён радаваў слухачоў добрымі мелодыямі. Спадзяюся, што яго мары збудуцца.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ