Жители агрогородка Малюшичи: «Наши улицы привели в порядок, и это очень приятное событие»
На мінулым тыдні дарожны дэсант з катком і асфальтаўкладчыкам высадзіўся ў аграгарадку Малюшычы на вуліцы Садовая. За некалькі дзён вуліцы апрануліся ў асфальт, і стала ў разы камфортней для руху па іх як на аўтамабілі або веласіпедзе, так і пешшу. Як адзначыў галоўны інжынер Карэліцкага ДРБУ-158 Юрый Бабанскі, у аграгарадку новае асфальтавае пакрыццё з’явілася на вуліцах Садовай, Арцюха і перавулку Садовым. Такое пераўтварэнне дарог для вяскоўцаў, вядома, — прыемная падзея. А любое пераўтварэнне заўсёды на карысць. Прыемна ехаць, як і наогул радаваць людзей новым асфальтам, тым больш пазапланавым.
Курс трымаем на вуліцу Садовую. Тут калісьці быў асфальт, але з цягам часу ён разбурыўся, на дарозе ўтварыліся ямы, якія цяжка было абысці, не гаворачы пра язду.
Жыхарка гэтай вуліцы Кацярына Блакіцкая не хавае эмоцый:
— Мы вельмі ўзрадаваліся, калі ўбачылі, што на нашай вуліцы з’явілася тэхніка дарожнікаў. Некалькі дзён з вокнаў дамоў назіралі за працай. Цяпер у нас добрая дарога. І вадзіцелі аўтамабіляў, і дзеці не могуць нарадавацца гэтай абнове. Шкада, што наперадзе зіма, а дзеці яшчэ не паспелі ўдосталь нацешыцца катаннем на роліках, веласіпедах і самакатах па роўненькім асфальце.
У новы асфальт у Малюшычах апрануліся таксама вуліца Арцюха і перавулак Садовы, дзе да гэтага было гравійнае пакрыццё.
— Не раз падчас сустрэч з насельніцтвам мы звярталіся з просьбай да прадстаўнікоў улады, каб нам зрабілі дарогу. Вядома, гэта каштуе нятанна, ды і не адны Малюшычы ў Карэліцкім раёне. Але ўсё ж прычакалі і гэтаму рады. Не будзе цяпер бруду і лужын у міжсезонне. Хацелася б, вядома, каб вуліца была крыху шырэйшая, але і за гэта вялікі дзякуй дарожнікам і раённаму кіраўніцтву, — падзялілася жыхарка вуліцы Арцюха Ала Кузьміч (на фота).
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара