Кореличчанин Александр Демидович вспоминает годы службы в милиции
Для старэйшага пакалення, ветэранаў органаў унутраных спраў 10 лістапада – знакавая дата, звязаная з днём нараджэння і станаўлення савецкай міліцыі. З 2007 года гэтае свята перайменавана ў Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС, які сімвалізуе пераемнасць пакаленняў і глыбокую павагу да лепшых міліцэйскіх традыцый.
Паслужны спіс прафесіянала сваёй справы, ветэрана міліцыі, палкоўніка, былога начальніка Карэліцкага РАУС Аляксандра Дземідовіча можа стаць прыкладам для ўсіх маладых супрацоўнікаў і для тых, хто вырашыў звязаць свой лёс з прафесіяй вартавога правапарадку. Аляксандр Аляксандравіч амаль трыццаць гадоў прысвяціў службе ў органах унутраных спраў і падчас свайго прафесійнага станаўлення прайшоў цікавы шлях. За бездакорнае выкананне сваіх службовых абавязкаў мае шматлікія ўзнагароды і заахвочванні.
Ён нарадзіўся ў 1956 годзе ў Салігорскім раёне Мінскай вобласці. Жыццё не песціла, а склалася такім чынам, што з пятага класа ён вучыўся ў Нясвіжскай школе-інтэрнаце. Быў добрым спартсменам, вельмі любіў валейбол. Пасля заканчэння школы – служба ў арміі.
.
– Аляксандр Аляксандравіч, што ці хто паўплываў на Ваша рашэнне пайсці працаваць у міліцыю?
– Цікавасць да прафесіі падштурхнула мяне да паступлення ў Мінскую спецыяльную сярэднюю школу міліцыі МУС СССР імя М.В. Фрунзе. Да працы прыступіў у 1978 годзе. Дзесяць гадоў адслужыў у аддзяленні крымінальнага вышуку Шчучынскага РАУС. Дзякуючы такому настаўніку як Часлаў Яцкавіч Бяляўскі, пранікся ўсімі тонкасцямі службы, шмат працаваў, удасканальваўся сам, і гэта ўсё разам дазволіла мне стаць лепшым операм Гродзенскай вобласці. На Карэліччыну быў накіраваны намеснікам начальніка міліцыі па аператыўнай рабоце ў 1987 годзе, а праз чатыры гады службы на гэтай пасадзе стаў начальнікам Карэліцкага РАУС, які ўзначальваў на працягу 13 гадоў.
– Ці ёсць у Вашай практыцы нейкая справа, якая асабліва запомнілася?
– У кожнага супрацоўніка ёсць злачынствы, якія запалі ў памяць. І ў мяне амаль за трыццаць гадоў службы, вядома ж, ёсць што ўспомніць. Адна з першых самастойна раскрытых спраў – крадзеж матацыкла, потым забойства. Будучы аператыўнікам, быў у групе захопу, тады і пад кулямі даводзілася хадзіць. І сёння з вышыні пражытых гадоў з упэўненасцю магу сказаць, што ў працы супрацоўніка крымінальнага вышуку вельмі важныя зладжанасць дзеянняў, уменне аналізаваць, аператыўна прымаць рашэнні, прымяняць псіхалагічныя навыкі пры зносінах са злачынцамі. Акрамя таго, трэба заўсёды быць напагатове. Прафесійныя навыкі, уменне працаваць з людзьмі, безумоўна, прыходзяць не адразу. Вопыт назапашваецца з часам, калі ты проста з дня ў дзень добра робіш сваю працу.
– Якія якасці Вы лічыце абсалютна неабходнымі для супрацоўніка міліцыі?
– Адна з самых галоўных якасцяў – гэта гатоўнасць да службы як маральна, так і фізічна, бо даводзіцца вытрымліваць каласальныя нагрузкі. Трэба перш за ўсё любіць сваю работу, быць сумленным, прыстойным, мэтанакіраваным, знаходлівым, адважным і дысцыплінаваным.
– А як Ваша жыццё складаецца на заслужаным адпачынку?
– Дом, сям’я. У дружнай сям’і выраслі сын Сяргей і дачка Ірына, якія атрымалі добрую адукацыю, зараз жывуць і працуюць у сталіцы. А яшчэ дзеці падарылі трох унукаў, якія не даюць сумаваць.
Таксама Аляксандр Аляксандравіч расказаў, што заўсёды побач з ім па жыцці ідзе яго жонка Галіна. Нягледзячы на ўсе нягоды жыцця, яна заўсёды падтрымлівала, адорвала дабрынёй, сагравала клопатам і любоўю іх сям’ю.
У завяршэнні гутаркі ветэран пажадаў усім маладым супрацоўнікам праваахоўных органаў заўсёды быць вернымі свайму абавязку, працаваць на карысць народа і не пераставаць развівацца і ўдасканальвацца.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіва героя публікацыі