22 декабря — День энергетика. Как и чем живет Кореличский РЭС

У самы кароткі светлавы дзень года — 22 снежня, — сваё прафесійнае свята адзначаюць тыя, хто ў адказнасці за святло і цеплыню ў нашых дамах — энергетыкі. Зімой іх работа асабліва неабходная. Больш за тое, менавіта ў гэтую пару года для галіны наступае самы напружаны перыяд, калі энергасістэма працуе ў асабліва складаных умовах. Але, нягледзячы ні на што, гэтыя спецыялісты забяспечваюць бесперабойнае энергазабеспячэнне сваіх спажыўцоў, бо навучыліся праяўляць настойлівасць, ініцыятыву і прафесіяналізм пры любым надвор’і, у будні і ў святы.

Пра работу, праведзеную Карэліцкім раёнам электрасетак, расказвае кіраўнік філіяла Ігар Маковік.


— Падводзячы вынікі года, можна сказаць, што зроблена дастаткова. Праводзілася рэканструкцыі паветраных ліній 10 кВт і 0,4 кВт, усталёўваліся дадатковыя падстанцыі.
Цяпер асаблівая ўвага і Урада, і кіраўніцтва электрычных сетак надаецца павышэнню магчымасці для выдачы тэхнічных умоў грамадзянам для выкарыстання электраэнергіі ў мэтах ацяплення і водазабеспячэння. Але не ва ўсіх вёсках магчыма падключыць электраацяпленне: не ўсюды ёсць тэхнічная магчымасць падключэння спажыўцоў і выкарыстання электраэнергіі для мэт ацяплення ў сувязі з нізкай магутнасцю трансфарматараў і недастатковай прапускной здольнасцю ліній. Таму праводзяцца вялікія аб’ёмы работ па рэканструкцыі сетак 0,4 кВт, якія праходзяць па вёсках.
Сёлета праведзены работы па рэканструкцыі ліній у вёсках Крышылоўшчына Лукскага сельсавета і Аканавічы Цырынскага. Адразу ж пайшлі заяўкі на выкарыстанне электраэнергіі для ацяплення. Людзі чакалі, людзі пыталіся і раней, але не было магчымасці. Сёлета гэтыя вёскі былі ўключаны ў планы і выкананы неабходныя работы. Зімой былі скончаны работы па рэканструкцыі сетак у вёсцы Крынічнае Турэцкага сельсавета. У лістападзе пачаліся работы па рэканструкцыі ліній 0,4 кВт і 10 кВт у вёсцы Горная Рута Красненскага сельсавета. Гэта пазапланавыя работы, звязаныя са зваротамі грамадзян. Адшукалі магчымасці, пазапланава ўключылі гэты аб’ект у работы па рэканструкцыі, якія плануюць завяршыць у сакавіку. Кошт арыенціровачна — мільён рублёў толькі па Горнай Руце.

Тэхнік Наталля Мелюх, майстар Сяргей Шуліцкі, кантралёр Таццяна Трусевіч, намеснік начальніка Іван Лежань, тэхнікі Наталля Драчылоўская і Жанна Кохан, інжынер Андрэй Януш

Электраманцёры Юрый Наумовіч, Дзмітрый Манкевіч, Дзмітрый Дзівак, Уладзімір Дзедуль, майстар Андрэй Зайко, электраманцёры Максім Гурын і Міхаіл Буцкевіч

Дарэчы, у 2024 годзе да электраацяплення падключыліся 109 дамоў.
Акрамя работ па рэканструкцыі, зразумела, неабходна падтрымліваць старыя лініі ў працаздольным стане, таму праводзяцца работы па капітальным рамонце ліній 10 кВт і 0,4 кВт. За 10 месяцаў капітальны рамонт зроблены на працягу 56 км.
У наступным годзе працягнуцца работы па рэканструкцыі ліній у г.п. Карэлічы і Мір, у вёсках Горная Рута і Аюцавічы, аграгарадках Райца і Краснае.
Сёлета выдаўся не зусім спакойны год: па Карэліччыне прайшліся тры ўраганы, якія пакінулі свае наступствы. Для ўстаранення наступстваў стыхіі прыцягваліся калегі з суседніх раёнаў і Брэсцкай вобласці. Былі вялікія аб’ёмы пашкоджанняў, у асноўным звязаныя з валкай, падзеннем дрэў, ламала галіны. Таксама нашы работнікі выязджалі на дапамогу калегам у Гомельскую і Віцебскую вобласці, якія найбольш пацярпелі ад ураганаў. Выязджалі працаваць і ў ноч: у наш час людзі не могуць уявіць сябе без электраэнергіі, таму галоўным было аператыўна ўстараніць наступствы ўраганаў. Нашы работнікі справіліся са сваёй задачай на выдатна.


На сённяшні дзень у нас працуе 76 чалавек, сярод якіх 5 лінейных брыгад, адна брыгада па замене прыбораў уліку. 15 чалавек працуюць у дыспетчарскай службе. Калектыў невялікі, але гэта граматныя і дружныя прафесіяналы, якія добра ведаюць сваю справу. Пра гэта гавораць і ўзнагароды. Сёлета Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў атрымаў вадзіцель Мікалай Крот, Падзячным пісьмом Карэліцкага райвыканкама ўзнагароджаны машыніст бурыльнай і бурыльна-кранавай машыны пятага разраду Мікалай Блакіцкі, Ганаровай граматай РУП “Гроднаэнерга” ўзнагароджаны майстар Сяргей Шуліцкі, Падзяку гэтай арганізацыі атрымаў вадзіцель Валерый Логіш. Ганаровай граматай філіяла “Лідскія электрасеткі” РУП “Гроднаэнерга” ўзнагароджаны электраманцёр Сяргей Ханько, Падзяку атрымалі інжынер Ілья Таўлуй і электраманцёр Максім Гурын.

Напярэдадні прафесійнага свята хацелася б павіншаваць усіх работнікаў Карэліцкага РЭС, калег з іншых раёнаў, нашых пенсіянераў і ветэранаў.

Сяргей СТОЛЯР

Фото аўтара

1