27 декабря Кореличскому льнозаводу — 50 лет. С какими результатами предприятие встречает свой золотой юбилей

27 снежня слаўнаму карэліцкаму прадпрыемству  перапрацоўчай прамысловасці АПК — ААТ “Карэлічы-Лён”, які самастойна вырошчвае самую каштоўную ва ўсім свеце культуру — лён, споўнілася 50 гадоў. Салідная дата ў гісторыі аднаго з лепшых ільнозаводаў Беларусі — выдатная нагода перагартаць летапіс прадпрыемства, успомніць пра ветэранаў і лепшых працаўнікоў.

Ільняная гісторыя Карэліччыны

На беларускай зямлі лён вырошчваўся са старадаўніх часоў. Нашы продкі хутка ацанілі яго карысныя якасці. З валакна ткалі палатно і шылі вопратку, рабілі прадметы побыту, майстравалі цацкі для дзяцей. Ільняную кастру выкарыстоўвалі як уцяпляльнік і паліва. З насення выціскалі алей, з якога выраблялі аліфу і фарбу, а яшчэ яго выкарыстоўвалі для лекавых націранняў і мазяў, ужывалі ў ежу.  Наша Карэліччына не стала выключэннем  і таксама годна з года ў год асвойвала тэхналогію вырошчвання і перапрацоўкі гэтай культуры.

Яшчэ ў думках не было будаваць ільнозавод у Карэліцкім раёне, як мясцовыя льнаводы сталі вядомы далёка за межамі раёна. Чатыром звеннявым ільнаводчых звенняў калгасаў Карэліччыны было прысвоена ганаровае званне Герояў Сацыялістычнай Працы. Іх імёны сталі сімвалам ільняной гісторыі Карэліччыны. Гэта  Ева Карачан,  Вольга Калоша,  Надзея Трускоўская і Яўгенія Юшко.

Будаўніцтва  завода на Карэліцкай зямлі пачалося  ў снежні 1973 года будаўнікамі брыгады ПМК-68 пад кіраўніцтвам Васілія Капуры. Праз год дзяржаўная камісія праверыла стан гатоўнасці да работы ўсіх агрэгатаў і льнозавода, і ўжо ў канцы снежня 1974 года быў падпісаны акт прыёмкі.

Першая прадукцыя – 2275 кілаграмаў валакна — была атрымана зменай пад кіраўніцтвам майстра Тамары Сцяпанавай у сакавіку 1975 года. Гэта была рэкордная выпрацоўка. У цэлым вытворчыя магутнасці завода разлічваліся на перапрацоўку 4300 тон ільнотрасты. Гадавы выпуск ільновалакна склаў 2160 тон, у тым ліку доўгага  – 1130 тон.

З года ў год прадпрыемства не толькі павялічвала аб’ёмы прадукцыі, але і пашырала яе асартымент, абнаўляла тэхналагічнае абсталяванне і тэхналогію вытворчасці. У хуткім часе Карэліцкі льнозавод стаў базай перадавога вопыту для галіновых спецыялістаў былога СССР. Вялікі ўклад у развіццё прадпрыемства ўнеслі першы дырэктар завода Анатолій Бука і галоўны інжынер Анатолій Сцяпанаў. Іх справу працягвалі Віктар Альшэўскі, Васіль Баўдзей,  Сяргей Лейка, Сяргей Тур. З 2020 года калектыў Карэліцкага льнозавода ўзначальвае  Фёдар Мікалаевіч Жук, які ў 2023 годзе  быў удастоены звання “Чалавек года Гродзеншчыны”,  дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу.  Цяжка пералічыць імёны ўсіх тых спецыялістаў і рабочых, якія аддалі шмат гадоў працы на Карэліцкім ільнозаводзе. Але кожны з іх зрабіў свой асабісты ўклад у развіццё льнаводчай галіны Карэліччыны.

Новае жыццё Карэліцкага льнозавода

У 90-я гады карэліцкім ільнаводам, як і большасці перапрацоўчым  прадпрыемствам Беларусі,  давялося працаваць ва ўмовах крызісу эканомікі, спаду вытворчасці, пагаршэння спраў у сельскай гаспадарцы.  Завод  штогод усё больш і больш адчуваў недахоп сыравіны для загрузкі вытворчых магутнасцяў. У сувязі з пастаянным павелічэннем выдаткаў на вырошчванне лёну і недастатковай колькасцю людзей на вёсцы льносеючыя гаспадаркі  раёна рэзка скарацілі пасяўныя плошчы. Каб захаваць кадравы патэнцыял і забяспечыць калектыў працай, у канцы 90-х гадоў на заводзе пачаў стварацца механізаваны атрад па вырошчванні і ўборцы лёну, набывалася сельскагаспадарчая тэхніка. Пачыналі з аказання дапамогі льносеючым гаспадаркам, затым арандавалі плошчы для сваіх пасеваў.

У снежні 1995 года Карэліцкі льнозавод быў ператвораны ў ААТ “Карэлічы-Лён”. Пасля рэарганізацыі льнопрадпрыемстваў Гродзенскай вобласці да яго далучыліся ААТ “Навагрудская льносемстанцыя” і ААТ “Лідлён”, які сёння з’яўляецца вытворчым участкам “Ліда”.

Увядзенне новага абсталявання дазволіла забяспечыць бесперапыннасць перапрацоўкі льнотрасты пасля механізаванай уборкі, поўную ачыстку льнонасення, беражлівы рэжым трапання, выдалення кастрыцы, а таксама знізіць затраты на энерганосьбіты, павысіць прадукцыйнасць і якасць прадукцыі. У выніку рэканструкцыі значна палепшыліся ўмовы працы і знізілася колькасць шкодных выкідаў у атмасферу.

Светлае сёння прадпрыемства

Час ішоў. І зараз прадпрыемства ў поўным аб’ёме забяспечвае сябе сыравінай  – мехатрад вырошчвае гэтую культуру на плошчы 4000 гектараў. І ўсе тэхналагічныя працэсы, пачынаючы ад падрыхтоўкі глебы і заканчваючы ўборкай трасты, праводзяцца выключна ўласнымі сіламі механізаванага атрада льнаводчага прадпрыемства. Да таго ж карыстаецца шырокім попытам іншая прадукцыя карэліцкага льнозавода – ільняны алей, ільнонасенне, вяроўкі і шпагаты, кастрабрыкет, жмых для кармлення буйной рагатай жывёлы, а таксама сшытая на прадпрыемстве спецвопратка.

Аляксандр Сурага падчас вырабу шпагату

Сёлета нарыхтавана 14,2 тысячы тон ільнотрасты пры ўраджайнасці звыш 40 ц/га.  Нумар ільнотрасты – 1,92. Гэта дазваляе атрымаць канчатковую прадукцыю высокай якасці. Валавы збор ільнонасення склаў каля 400 тон.

Зараз завод працуе на поўную магутнасць:  і расійская лінія МТА, і высокавытворчая лінія па выпрацоўцы доўгага і кароткага льновалакна бельгійскай фірмы “Depoоrtere” працуюць у дзве змены. Штодзень перапрацоўваецца ад 50-60 тон ільнотрасты і выпускаецца каля 15-16 тон доўгага і кароткага льновалакна.

Кірыл Антанюк у цэху паглыбленай перапрацоўкі

Токар Сяргей Лістук

– Ураджайнасць лёну-даўгунцу шмат у чым залежыць ад таго, на якіх глебах яго вырошчваюць, – расказвае дырэктар прадпрыемства Фёдар Жук.  –  Работнікі прадпрыемства  заўсёды з  адказнасцю падыходзяць да справы вырошчвання культуры і яе першаснай перапрацоўкі. Калектыў зладжаны, многія ўжо доўга працуюць на заводзе. Ёсць і маладыя працаўнікі, якія сваім запалам, актыўнасцю і энтузіязмам зараджаюць усіх. Менавіта такі сплаў вопыту і маладосці, падмацаваны сучаснымі ведамі, выкарыстаннем новых тэхналагічных прыёмаў, дазваляюць паспяхова павышаць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і ісці ў нагу з часам.

На сённяшні дзень   на заводзе працуюць 330 чалавек. Кіраўніцтва прадпрыемства назвала  прозвішчы тых, хто верны заводу ўжо не адзін дзясятак гадоў. Гэта  бухгалтар  Аксана Агурцова,  начальнік вытворчасці  Лілія Чачотка, майстар змены Святлана Буцкевіч,  вадзіцель Ігар Самец. Зладжана працуюць механізатары машынна-трактарнага парка Аляксандр Рачынскі, Сяргей Ліпскі  і іншыя.

Фёдар Мікалаевіч адзначае, што асноўныя аб’ёмы паставак ажыццяўляюцца на Аршанскі льнокамбінат, дзе вырабляюцца высакаякасныя тканіны. Частка прадукцыі рэалізуецца іншым спажыўцам. Бо лён, акрамя ўсяго іншага, мае вельмі шырокі спектр выкарыстання – ад харчовай да фармацэўтычнай і касметычнай прамысловасці. Трэба сказаць, што на льнозаводзе наладжана практычна безадходная вытворчасць. Нават кастра выкарыстоўваецца для ацяплення ў кацельнях прадпрыемства і некаторых арганізацый раёна.

Сартыроўшчыкі доўгага валакна Наталля Дрозд, Вольга Мялешка, Таццяна Галецкая, Тамара Карповіч, Марына Капытка і Алена Чэмярыс

Сартыроўшчыца доўгага валакна Марына Капытка

Вядома, што вырошчванне і ўборка лёну – самы працаёмкі працэс у галіне вытворчасці паўночнага шоўку. Для атрымання высокіх ураджаяў лёну добрай якасці вялікае значэнне маюць тэрміны выканання работ, дакладнае выкананне якіх забяспечваюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Як бачым, пераважна з такіх людзей і складаецца калектыў ільнозавода. Тут даўгунец гадуюць, песцяць, а прыбраўшы, вырабляюць з яго льновалакно досыць высокай якасці. Пацвярджэннем прафесіяналізму работнікаў прадпрыемства з’яўляецца факт, які сведчыць, што па выкананні прагнозных паказчыкаў Карэліцкі льнозавод ужо не адзін год упэўнена лідзіруе не толькі на раённым, але і на абласным узроўні.

Напярэдадні прафесійнага свята  хочацца пажадаць працоўнаму  калектыву моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, бадзёрасці духу. Няхай на  жыццёвай дарозе будзе шмат сонца і цяпла, а наступны сельскагаспадарчы год будзе шчодрым і багатым як для  прадпрыемства, так і для кожнага яго працаўніка.

Было б  жаданне – усякая праца зладзіцца

Вадзіцель АТТ “Карэлічы-Лён” Аляксандр Пансевіч  прыйшоў на завод  у 1993 годзе. Зараз пра яго можна сказаць:  гэты чалавек адданы працы ўсёй душой. Мой суразмоўца прызнаецца, што любоў да лёну ў яго ў крыві.  Бо і бацька Анатолій Мікалаевіч,   і маці Ніна Васільеўна  ў 1974 годзе стаялі ля вытокаў зараджэння вытворчасці на прадпрыемстве.

Зараз Аляксандр Анатольевіч – кіроўца аўтобуса. Але калі на прадпрыемстве гарачая пара нарыхтоўкі, ён з вялікім задавальненнем перасаджваецца за штурвал  зерняўборачнага камбайна “Ліда-1500”. Мужчына  вельмі цёпла адклікаецца аб калегах, з якімі лёгка знаходзіць агульную мову. З павагай гаворыць і пра дырэктара завода Фёдара Жука: “У меру строгі,  справядлівы кіраўнік, менавіта такі, якім і павінен быць сапраўдны начальнік”.

Інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка льнозавода — гучыць вельмі ганарова. У маім уяўленні гэта важны мужчына сярэдніх гадоў. Такога я і чакала ўбачыць. І якое ж было маё здзіўленне, калі сустрэлася з юнаком з адкрытым тварам і шчырай усмешкай. Павел Бабарыка, нягледзячы на маладосць, граматны спецыяліст, які  ведае сваю справу. Юнак прыйшоў працаваць на завод  у 2020 годзе. Зараз ён добра ўсведамляе, што  паспяховая праца льнозавода залежыць ад многіх фактараў  і  цэнтральнае месца ў гэтым шэрагу займае наяўнасць і спраўнасць тэхнічных сродкаў. Спраўная тэхніка неабходная на любым этапе  вырошчвання лёну, таму гэтаму пытанню надаецца сур’ёзная ўвага.  За добрасумленную працу сёлета Пётр Віктаравіч быў занесены на Дошку гонару прадпрыемства.

Службовыя абавязкі ў Паўла неспакойныя, патрабуюць і часу, і сіл, але маладосць бярэ сваё, энергіі хапае і на любімае захапленне. А гэта спорт. І гэту любоў  ён прывівае  ў калектыве.  Не раз  зборная каманда льнозавода  займала прызавыя месцы на  раённых спаборніцтвах.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара