Кореличские старшеклассники приняли участие в областном новогоднем балу

Новы год хутка пастукаецца ў кожны дом і прынясе цудоўныя імгненні. А для навучэнцаў  сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы Ягора Секача і Дар’і Бязмен  свята ўжо наступіла. У рамках рэспубліканскай акцыі ”Нашы дзеці” ў Гродзенскай абласной філармоніі прайшоў навагодні баль. Юныя кавалеры і  дамы — усяго 36 пар — кружыліся ў танцы, захапляючы прысутных гасцей урачыстасці. Мерапрыемства было заяўлена як “белы баль” – адсюль і адпаведны дрэс-код. Аднак уражвалі не толькі пышныя сукенкі і ўрачыстыя фракі, бо на паркет выйшлі лепшыя прадстаўнікі маладога пакалення Гродзеншчыны.  Сярод іх і юныя карэліччане. Карэспандэнт газеты “Полымя” пацікавілася  ў рабят, якія ўражанні ў іх пакінуў навагодні баль, што найбольш запомнілася і парадавала.

– Мы з Ягорам прайшлі праз вялікую колькасць рэпетыцый. Усё для таго, каб  паказаць сябе з найлепшага боку, бо гэта бліскучы баль, таму і выглядаць трэба гэтак жа, —  падзялілася дзесяцікласніца Дар’я. — На Гродзеншчыне ёсць цудоўная традыцыя – абласны баль. Білетам на яго заахвочваюцца рабяты, якія дасягнулі пэўных поспехаў у вучобе, творчасці і спорце. У іх ліку апынуліся і мы. З упэўненасцю скажу, што гэта адно з самых прыгожых і запамінальных мерапрыемстваў. Немагчыма перадаць словамі эмоцыі! Прыгожая музыка, атмасфера, дзяўчыны ў элегантных сукенках, юнакі ў касцюмах — усё гэта быццам пераносіць у іншую эпоху. Напрыканцы свята нам уручылі падарункі і павіншавалі з надыходзячым Новым годам. Я шчаслівая, што апынулася ў ліку запрошаных на маштабнае мерапрыемства абласнога ўзроўню і атрымала зарад пазітыўных эмоцый.

– Хоць  ужо не першы раз прымаю ўдзел у падобным мерапрыемстве, уразіла святочная абстаноўка, – гаворыць адзінаццацікласнік Ягор. – Было цікава акунуцца ў часы сапраўднай арыстакратыі. Для ўсіх удзельнікаў і гасцей  былі даступныя яркія фотазоны. Музычнае суправаджэнне ўрачыстасці было ў выкананні эстраднага аркестра “Арт-каледж BAND”. Таленавітыя музыканты з Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў стваралі непаўторную атмасферу, іграючы інструментальныя навагоднія і калядныя творы. З упэўненасцю скажу, што падобныя мерапрыемствы – гэта своеасаблівы масток паміж сучаснасцю і мінулым. Спадабалася таксама забаўляльная праграма, гульні і падарункі. Хачу выказаць падзяку ўсім арганізатарам і  ўдзельнікам, гэта было па-сапраўднаму выдатна!

Кацярына КУКАНАВА

Фота Алы ШУРАК