Митинг, посвященный дню рождения Героя Советского Союза Яна Фогеля, состоялся в Кореличском районе

Старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош, члены Маладзёжнага парламента Карэліччыны, першы сакратар Карэліцкага РК РГА “БРСМ” Таццяна Шэўчык,   кіраўніцтва ДП “Малюшычы” і ДП “”Племзавод Карэлічы”,   супрацоўнікі Карэліцкага РАНС, Малюшыцкага сельвыканкама,  прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, моладзь раёна з нагоды дня нараджэня  героя Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі памяць легендарнага камдзіва  Яна Фогеля.

Ян Янавіч Фогель нарадзіўся  24 снежня 1898 годзе ў Латвіі, якая на той момант уваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Прысвяціў сябе вайсковай справе. Прайшоў першую сусветную і грамадзянскую войны, займаў розныя палітычныя і камандныя пасады. Скончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзэ. Камандаваў 38-й стралковай дывізіяй. Апошні свой загад Ян Янавіч Фогель аддаў з 7 на 8 ліпеня 1944 года ў ходзе наступальнай аперацыі ”Баграціён”.  Камдзіў заўсёды быў там, дзе вырашаўся зыход бітвы. 8 ліпеня 1944 года ў баі пад в. Малюшычы ён быў смяротна паранены. Пахаваны 9 ліпеня ў г. Дзятлава. За адвагу і гераізм пры выкананні баявых задач камандавання ў красавіку 1945 года яму пасмяротна прысвоена  званне Героя Савецкага Саюза.

Па прысутных звярнуўся Аляксей Гаўрош:

— Сімвалічна, што сёння, у дзень нараджэння гэтага легендарнага чалавека, мы сабраліся, каб у чарговы раз выказаць словы пашаны Яну Фогелю. Сёлета, дзякуючы грамадзянскай ініцыятыве, быў распрацаваны праект “Памяць беражліва захоўваем”. Удзел у рэалізацыі дадзенага праекта прынялі ДП ”Малюшычы” і “Племзавод Карэлічы”, Навагрудскі лясгас, прыватнае ўнітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг “Добрая паслуга”, Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт, Малюшыцкі сельвыканкам. Агульнымі намаганнямі праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні гэтага памятнага месца: адрэстаўрыраваны помнік, пакладзена тратуарная плітка каля яго, зроблена  дарожка, якая вядзе да помніка. Увесну была высаджана  алея вечназялёных дрэў і кустоў. Мы павінны захоўваць гістарычную памяць аб гераічным подзвігу і шанаваць  герояў, якія ўнеслі свой уклад у вызваленне краіны і Вялікую Перамогу.

Падчас мітынгу выступіла намеснік дырэктара  па ідэалагічнай рабоце  ДП “Малюшычы” Святлана Казак, якая  сказала, што мы заўсёды будзем памятаць тых, хто стаў ахвярай той страшнай  вайны, будзем памятаць,  якой цаной  дасталася перамога. Нізкі паклон усім загінулым ад нас, удзячных нашчадкаў.

Старшыня Малюшыцкага сельскага Савета Віктар Дзірвук  выказаў словы  падзякі ўсім, хто прыняў удзел у добраўпарадкаванні  тэрыторыі і памятнага знака ў гонар Яна Фогеля.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць героя хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі  да помніка.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара