Журналист «Полымя» сходила в кореличские магазины за новогодней атрибутикой и продуктами к праздничному столу

Чым бліжэй у календары доўгачаканая дата – 31 снежня, тым большае прадчуванне навагодняга цуда ахоплівае дарослых і дзяцей. Прыбраная ёлка, бой курантаў, падарункі і відовішчныя салюты – з дзяцінства абавязковыя атрыбуты Новага года для многіх.  Наяўнасцю якіх тавараў могуць парадаваць магазіны Карэліччыны сваіх пакупнікоў да навагодніх святаў, ці будуць праводзіць акцыі і чым пацешаць аб’екты грамадскага харчавання – гэтыя пытанні высвятляла карэспандэнт газеты “Полымя”.

Да маючых адбыцца святаў для жыхароў краіны падрыхтаваны шматлікія акцыі, распродажы і зніжкі на тавары айчыннай вытворчасці як харчовай,  так і прамысловай групы. Забяспечваецца пастаянная наяўнасць шырокага асартыменту харчовых і нехарчовых тавараў, у тым ліку асабліва запатрабаваных у насельніцтва.

Навагодняя атрыбутыка і падарунак на любы густ і кашалёк

Напярэдадні навагодніх святаў прынята шчодра адорваць падарункамі не толькі самых блізкіх, але і  знаёмых. Пры гэтым сюрпрызы зусім не павінны быць дарагімі: больш важна ўвага і жаданне парадаваць  нейкай прыемнай дробяззю. Што падабраць родным і знаёмым? Мы вырашылі спрасціць вам задачу і зазірнулі ў гандлёвыя кропкі, якія спецыялізуюцца на падарунках.

Пачнём з універмага. Аддзел навагодніх упрыгожванняў  не надта вялікі, аднак ёлачныя шары, гірлянды ў наяўнасці і прычым па мінулагодніх цэнах. А вось  дзіцячых цацак  айчыннага вытворцы “Палессе” – шырокі выбар. Ёсць,  зразумела, і адзенне, і якасны трыкатаж кампаній “Dea Mia”, “Марк Фармэль” і інш. Пры жаданні можна выбраць вырабы  галантарэі,  посуд. Дзейнічаюць зніжкі на некаторыя айчынныя  тавары.

Ну а зараз пройдземся па паліцах   Fix Price, што ў райцэнтры.  Гэты магазін –  рай для аматараў навагодніх упрыгожванняў. Тут вы знойдзеце цацкі з керамікі, шкла, пластыка і дрэва. Такія ўпрыгажэнні дапамогуць вашай лясной госці стаць самай арыгінальнай. Пры гэтым тэматычныя фігуркі, пакрытыя рознакаляровай глазурай, выдатна ўпішуцца ў любы інтэр’ер і, вядома, дададуць святочнага настрою.

Ёсць некалькі серый цацак, кожная з іх выканана ў сваёй каляровай гаме і тэматыцы. Іх можна смела змешваць. У наяўнасці таксама штучны снег і бліскаўкі. Асартымент крамы рэгулярна абнаўляецца, і навагодняя пара толькі спрыяе гэтаму.  А святочныя статуэткі  так і просяць панесці іх з сабой з паліц магазіна. Шмат прыемных дробязяў, якія абуджаюць у любым дарослым маленькае дзіця.

Безумоўна,  прыгадала далёка не ўсе раённыя гандлёвыя кропкі. Як мінімум, ёсць яшчэ багатыя на навагодні тавар магазіны. Але калі і ў гэтым калейдаскопе адрасоў і прапаноў вы вылучылі нешта цікавае, то агляд быў не дарэмны. Збірайцеся на шопінг – і няхай у навагоднюю ноч пад елачкай усе вашы сябры і блізкія знойдуць тое, што іх парадуе!

Спажыўкааперацыя на нізкім старце

Харчовыя магазіны спажывецкай кааперацыі  райцэнтра, як і іншыя гандлёвыя арганізацыі, для максімальнага задавальнення пакупніцкага попыту  ўжо з 15 лістапада  пашырылі асартымент тавараў. Я закрану перш за ўсё хадавыя харчовыя тавары святочнага асартыменту. Упэўнена, што многія з прапанаваных варыянтаў варта ўзяць сабе на заметку. І,  не чакаючы пераднавагодняга ажыятажу, энергічна набыць для свайго незабыўнага свята. Паехалі!

Зазірнула ў магазін “Прадукты” па вул. Гагарына, 2 у г.п. Карэлічы. На мой погляд, усяго хапае: так, напрыклад, сыравэнджаная каўбаса каштуе ад 24 да 30 рублёў, мяса вэнджанае – ад 21 да 30 рублёў. Які Новы год без цукерак?  Рознічныя кошты на такія прэзенты  ад “Камунаркі” вар’іруюцца  ад 11 руб.  да 30; ад “Спартака” – ад 10 да 25 руб.  Радуе вока  і разнастайны асартымет  нефасаваных цукерак  беларускіх вытворцаў.

Традыцыйна ў продажы  прадстаўлены пашыраны асартымент мясной прадукцыі, рыбы, безалкагольных і алкагольных напояў, свежай агародніны і садавіны, садавінагародніных кансерваў, кандытарскіх вырабаў, у тым ліку навагодніх падарункаў, вагавых цукерак, прадукцыі ў навагоднім афармленні.

– Улічваючы назапашаны вопыт  перадсвяточнага гандлю,  мы гатовы да прытоку пакупнікоў у перадсвяточныя дні, – сказала загадчык магазіна Святлана Гейс.

У цэлым можна рэзюмаваць, што з навагодняй атмасферай і святочным настроем у рэгіёне ўсё ў поўным парадку. Агульнымі намаганнямі навагоднія святы проста абавязаны атрымацца чароўнымі!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара

Кампетэнтна

Начальнік аддзела эканомікі Карэліцкага райвыканкама Таццяна Бусько расказала:

— У цяперашні час гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць 152 гандлёвых аб’екта, з якіх 52 размешчаны ў сельскай мясцовасці. Святочным афармленнем вітрын спецыялісты гандлёвых кропак раёна заняліся яшчэ ў канцы лістапада. У харчовых магазінах Карэліцкага філіяла аблспажыўтаварыства, уключаючы вясковыя, завезены навагоднія падарункі беларускіх кандытарскіх фабрык, а таксама цукеркі ў асартыменце. На бачнае месца ў цэнтры залы перамясціліся традыцыйныя святочныя прадукты. Асаблівая ўвага — навагодняму асартыменту ў магазінах малых населеных пунктаў, а таксама ў аўталаўках. Ёсць асартыментны пералік тавараў, спецыяльна распрацаваны для малых населеных пунктаў, дзе пражываюць пажылыя людзі. Напярэдадні свята будзе ўзмоцнены кантроль за забеспячэннем сельскага насельніцтва таварамі, — падкрэсліла яна. — Што тычыцца аўталавак, больш жорсткім будзе кантроль і з боку райвыканкама, каб у населеныя пункты дастаўляўся поўны асартыментны пералік.

Акрамя таго, увесь снежань у гандлёвай сетцы райспажыўкааперацыі праходзіць сацыяльная акцыя “Дары дабро –  стань Дзедам Марозам”. Кожны пакупнік можа паспрабаваць сябе ў ролі добрага чараўніка.

Плануецца, што на тэрыторыі рынку ў г.п. Карэлічы 20 і 27 снежня, а таксама трэцяга студзеня пройдуць  святочныя кірмашы.

Ёлачныя кірмашы будуць працаваць у г.п.  Карэлічы на тэрыторыі рынку 21 і 27 снежня з 9.00 да 18.00. Лясную прыгажуню можна будзе купіць і на тэрыторыі, прылеглай да будынкаў лясніцтваў: Карэліцкага,  у  агр. Палужжа; Ярэміцкага,  у агр. Ярэмічы,  Мірскага,   у г.п. Мір,  Свіцязянскага,   у  в. Міратычы   з 21 па 31 снежня з 9.00 да 18.00.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара