В Кореличском районе состоялся рейд по домовладениям граждан, состоящих в группе риска
Навагоднія святы любяць усе. Але кожны святкуе іх па-свойму. Для кагосьці — гэта час цудаў і падарункаў, а іншыя адзначаюць прыход Новага года з чаркай у руках. А дзе чарка, там і цыгарэта, і рызыка падпаліць месца, на якім ты спіш. Таму час навагодніх святаў — гарачая пара для выратавальнікаў. Каб папярэдзіць магчымыя трагедыі, Карэліцкі РАНС сумесна з раённым аддзелам унутраных спраў праводзіць прафілактычныя рэйды, падчас якіх наведвае прыхількаў бутэлькі. У адзін з такіх рэйдаў адправіўся журналіст “Полымя”.
Прыязджаем па першым адрасе. Гаспадар гатуе сабе ежу, але ў хаце чуваць пах цыгарэтнага дыму. Тут жа стаіць і попельніца. Начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік папярэджвае мужчыну аб небяспецы курэння ў нецвярозым стане, аднак сам гаспадар запэўнівае выратавальніка, што больш не злоўжывае. Правяраюцца таксама электраправодка, пажарны апавяшчальнік і печ. Аглядае выратавальнік і комін на гарышчы.
Падчас рэйду планавалася наведаць 15 домаўладанняў, аднак на дзвярах некаторых вісеў замок, таму ўдалося праверыць толькі 9 хат. Двое аматараў тытуню прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці за курэнне ў ложку, адзін — за тое, што зняў са столі аўтаномны пажарны апавяшчальнік.
— Дзяржава паставіла Вам апавяшчальнік бясплатна, каб у выпадку надзвычайнай сітуацыі суседзі пачулі яго сігнал і своечасова выклікалі выратавальнікаў, — аргументуе Дзяніс Стадольнік. — Тое, што ў прыборы села батарэйка, не нагода здымаць яго са столі. Ды і сама “крона” каштуе нядорага.
Начальнік РАНС кажа, што работа па прафілактыцы надзвычайных сітуацый сярод прыхільнікаў выпіць, не спыняецца:
— Усяго ў раёне пражывае каля 400 грамадзян, якія ўваходзяць у групу рызыкі. Напярэдадні навагодніх святаў яны пад пільнай увагай супрацоўнікаў РАНС і РАУС. Падчас рэйдаў мы нагадваем аб небяспецы курэння ў ложку, абследуем печы і пажарныя апавяшчальнікі.