Престижная премия «Народная марка» впервые присуждена продукции Кореличского сырцеха
Ёсць на свеце прадукты вельмі смачныя. Ёсць дзіўна карысныя. І хоць першае не заўсёды спалучаецца з другім, шчаслівыя супадзенні ўсё ж такі бываюць. Сыры, вырабленыя на Карэліччыне, — адны з такіх. Яркім сведчаннем гэтаму з’яўляецца ганаровы тытул народнай любові і прызнання “Народная Марка”, які сёлета ўпершыню прысвоены прадукцыі, вырабленай карэліцкімі сыраробамі. У прэміі “Народная Марка” адсутнічае прафесійнае журы, і толькі спажыўцы вырашаюць, якія брэнды могуць прэтэндаваць на высокі статус народнага прызнання.
— “Народная Марка” — штогадовая прэмія спажывецкага прызнання, якая вызначае лідзіруючыя брэнды тавараў і паслуг краіны, — гаворыць начальнік Карэліцкага сырцэха “Навагрудскія дары” ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” Ларыса Рапавец. — Асаблівую значнасць ёй надае тое, што прагаласаваць можа кожны жадаючы. Быць у ліку фіналістаў народнага прызнання для мяне асабіста і ўвогуле для ўсяго нашага калектыву з’яўляецца сапраўдным гонарам. З кожным годам вытрымліваць канкурэнцыю становіцца больш складана. Аднак мы не здаёмся і годна ўваходзім у лік лепшых сыраробаў вобласці і краіны дзякуючы назапашанаму вопыту і традыцыям, якіх мы прытрымліваемся з году ў год. І галоўнае — усё, што мы робім, робім з душой.
Без любові, без працы немагчыма выпусціць якасны прадукт. І з гэтым немагчыма не пагадзіцца: 2024 год паклаў у скарбонку карэліцкіх сыраробаў не адну ўзнагароду. Так, у жніўні, падчас малочнага фестывалю–2024 “Паспрабуй якасць на смак”, які прайшоў у г. Навагрудак, Карэліцкі сырцэх быў удастоены прэстыжных узнагарод. Сёлета адразу два сыра — “Адыгейскі класічны“ і “Сулугуні класічны“— удастоены Дыпломаў І ступені. На міжнароднай выставе-кірмашы ў сталіцы нашай краіны “Прадэкспа-2024” у лістападзе сыр “Адыгейскі” стаў уладальнікам залатога медалю.
Толькі за апошнія трыццаць гадоў шмат што змянілася ў вытворчасці сыроў у Карэлічах. У першую пяцігодку прэзідэнцтва дзеючага Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі пачалося будаўніцтва і адкрыццё цэху, дзе пачалі вырабляць паўцвёрдыя сыры. У 2001-2005 гадах пашырылася геаграфія экспарту прадукцыі: прадпрыемства пачало прадаваць за межы краіны казеін. Гэта дазволіла ўмацаваць свае пазіцыі. У 2006-2010 гадах акцэнт быў зроблены на людзей: яны атрымалі стабільны сацыяльны пакет. У 2011-2015 гадах у сем’ях 44 работнікаў цэха выхоўвалася 36 дзяцей. Заўсёды для дзяцей работнікаў ладзіліся навагоднія ранішнікі, як і зараз, аказвалася матэрыяльная дапамога шматдзетным сем’ям, бацькам, якія выхоўвалі дзяцей з інваліднасцю, а таксама маці, якія выхоўвалі дзяцей адны.
Карэліцкі вытворчы ўчастак філіяла “Навагрудскія дары” ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” сёння паспяхова працуючае прадпрыемства. Павялічаны штат работнікаў, а на вытворчых месцах усё часцей можна бачыць моладзь. Прадукцыя карыстаецца попытам і ў раёне, і ў краіне, і за яе межамі.
– Вынікам працы бягучага года задаволены, – расказвае Ларыса Рапавец. – Працуем на поўную загрузку – а гэта і канчатковы прадукт, і заработная плата працаўнікоў.
Вытворчая магутнасць участка – 100 тон малака ў суткі. За 10 месяцаў бягучага года на перапрацоўку паступіла 17229 тон малака, у тым ліку 9117 тон з Карэліцкага раёна. Выраблена 281 тона сыроў, 674 тоны казеіну.
Безумоўна, візітнай карткай Карэліцкага сырцэха з’яўляюцца сыры “Адыгейскі класічны” і “Сулугуні класічны”. Попытам таксама карыстаюцца “Пікантны з прыправамі”, “Адыгейскі вэнджаны”, а таксама “Саломка сырная да піва”. Папулярны і экспартуецца за межы нашай краіны вырабляемы ў нас казеін.
– Увогуле, работнікі імкнуцца, трымаюць марку, – адзначае начальнік цэха. – Наша прадукцыя карыстаецца шырокім попытам. Трэба сказаць, 100% вырабляемай прадукцыі, пераважна сыроў, рэалізуецца на ўнутраным рынку краіны. Казеін жа ідзе на экспарт. На рынку моцна замацаваліся пазіцыі мяккіх сыроў. Калектыў настроены на выніковую працу. У нашай справе кажуць: калі сыр плача, майстар смяецца. Гэта значыць, у сыры шмат тлушчу. Вось і мы будзем старацца рабіць так, каб наша прадукцыя часцей пускала слязу. А значыць, была якаснай і запатрабаванай спажыўцом.
Праца на вытворчым участку вядзецца бесперабойна. Малако ператвараецца ў сыры. І робяць гэта сыраробы, лабаранты, аператары лініі і наладчыкі абсталявання вытворчасці харчовай прадукцыі, машыністы вакуум-упаковачнай машыны, аператары ЭВМ, слесары і вадзіцелі. Працуюць па-майстэрску.
– З прыёмнай лабараторыі сыравіннага падраздзялення пачынаецца вытворчы працэс, – расказвае інжынер-лабарант Марына Хілімон. – Мая задача правесці ўваходны кантроль малака: вызначыць кіслотнасць, шчыльнасць і гэтак далей. Калі ўсе паказчыкі ў норме, малако прымаецца. Сёння ўвесь працэс камп’ютарызаваны. Аднак гэта не здымае адказнасці з чалавека.
Лабараторыя спрацавала – за справу прымаецца прыёмшчык малочнай прадукцыі Святлана Пукелік.
Сыравіну падабралі – далей пайшоў працэс: паспяванне малака, падрыхтоўка да згортвання, прэсаванне, пасолка, паспяванне, упакоўка – сыр гатовы! І ўсё пад пільным кантролем сыраробаў.
Паспяховая праца сырцэха – гэта вынік зладжаных дзеянняў дружнай каманды, якая ведае і любіць сваю справу. Па словах Ларысы Рапавец, самыя сучасныя тэхналогіі, добрыя ўмовы працы і побыту, дастойная заработная плата, сацыяльныя гарантыі, магчымасць прафесійнага росту і творчага патэнцыялу работнікаў – вось той капітал, з якім можна ўпэўнена крочыць у будучыню. Сённяшні калектыў – гэта вопытныя работнікі, і кожны з іх добрасумленна працуе на карысць прадпрыемства.
Калі прафесія – справа ўсяго жыцця
Заўсёды захапляешся цярпеннем, працавітасцю і ўпартасцю тых, хто ўсё жыццё працуе на адным месцы. Сёння не часта сустрэнеш людзей з адным запісам у працоўнай кніжцы, і такімі работнікамі можа пахваліцца далёка не кожнае сучаснае прадпрыемства. А вось у Карэліцкім сырцэху сярод «доўгажыхароў» – кладаўшчык склада гатовай прадукцыі Іна Міхайлоўская. Жанчына добра ведае сваю справу. Яно і зразумела: больш за 35 гадоў працуе на прадпрыемстве.
Родам жанчына з в. Забалацце Карэліцкага раёна. Пасля заканчэння школы вывучылася на лабаранта хіманаліза ў г. Навагрудку, потым вырашыла ўдасканаліцца ў прафесіі і паступіла ў Пінскі тэхнікум мяса-малочнай прамысловасці.
– Прыйшла на працу ў 1988 годзе – і засталася на ўсё жыццё. Тут усё роднае і знаёмае да драбніц. За гэты час давялося працаваць на розных участках: была сыраварам, потым працавала ў маслацэху, была і прыёмшчыкам малака. Каб сёння мне прапанавалі змяніць месца працы, то не змагла б, бо ўжо душой і сэрцам прыкіпела, – гаворыць суразмоўца.
Прадпрыемству давялося перажыць розныя часы і пераадолець розныя шляхі свайго развіцця. У 2012 годзе прайшла маштабная мадэрнізацыя вытворчасці: быў зроблены капітальны рамонт вытворчых памяшканняў, з’явілася новае абсталяванне, якое дазволіла аўтаматызаваць працу прадпрыемства. А дзякуючы калектыву, лічыць жанчына, удалося выстаяць і атрымаць новы віток развіцця.
Цяжкай сваю працу яна не лічыць, галоўнае — правільна засяродзіць свае ўнутраныя сілы, а вось паслядоўнасць, уважлівасць і адказнасць — у прыярытэце.
Па стажу працы на ўчастку Іна Рыгораўна — адна з самых дасведчаных і граматных работнікаў, заўсёды гатова прыйсці на дапамогу пачынаючым, камунікабельная, умее ладзіць з людзьмі. Гэта цэняць калегі па працы, паважаюць у калектыве. Акрамя таго, яе праца неаднаразова адзначалася кіраўніцтвам прадпрыемства.
— Поспех людзей у працы — камандны поспех, — лічыць жанчына. — Усё трымаецца на правільным кіраўніцтве, а майстры сваёй справы — залаты фонд прадпрыемства.
Іна Міхайлоўская прызнаецца, што любіць сваю прафесію, хоць тут не заўсёды бывае лёгка. А лепшы адпачынак для яе — праца на свежым паветры, вечар сярод родных і блізкіх людзей.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара