Чем живет Кореличская районная библиотека в свой 80-летний юбилей
З нагоды знамянальнай падзеі — 80-годдзя Карэліцкай раённай бібліятэкі, якое адзначаецца 28 снежня, — аб яе справах расказвае дырэктар Лілія Канстацінаўна АРЦЮХ.
— Лілія Канстанцінаўна, з даўніх часоў бібліятэка асацыюецца з Яе Вялікасцю Кнігай. Хто з’яўляецца самымі актыўнымі чытачамі?
— Па-першае, людзі старэйшага ўзросту, якія маюць зараз шмат вольнага часу і могуць чытаць любімыя творы, сярод якіх класіка і сучасная літаратура. Праўда, жанчыны аддаюць перавагу жаночым раманам, а мужчыны чытаюць больш на гістарычную тэматыку, дэтэктывы і фантастыку. Па-другое, частымі наведвальнікамі бібліятэк з’яўляюцца і вучні школ раёна. Іх запыты — на праграмную літаратуру і творы для пазакласнага чытання.
— Сацыяльныя партнёры ў бібліятэк раёна ёсць?
— Гэта клубныя ўстановы, дзіцячыя школы мастацтваў, установы адукацыі, медыцынскія работнікі, работнікі райЦГЭ, супрацоўнікі праваахоўных органаў і рэдакцыя газеты «Полымя». Яны з’яўляюцца ўдзельнікамі сацыякультурных мерапрыемстваў, якія праводзяць бібліятэкі раёна.
— Бібліятэка з’яўляецца і месцам правядзення творчых сустрэч, дыялогавых пляцовак, цікавых мерапрыемстваў. Якое самае значнае можаце назваць?
— Наш брэнд — Міжрэгіянальны фестываль кнігі «ПРОдвижение книги. Библиотечные ступени». Бібліятэка выходзіць за рамкі сваёй звыклай прасторы, каб ахапіць шырэйшую аўдыторыю і зрабіць свае мерапрыемствы больш іміджавымі і прывабнымі. Сустрэчы даюць шмат: знаёмства з пісьменнікамі, іх творчасцю, навінкамі беларускіх выдавецтваў. Для нас, бібліятэкараў, гэта зносіны ў прафесійным плане: удзельнікі мерапрыемства дзеляцца сваімі творчымі прафесійнымі дасягненнямі. Ва ўдзельнікаў фестывалю ёсць магчымасць набыць кнігі па іх густу.
— Бібліятэкараў можна сустрэць і на брэндавых мерапрыемствах раёна.
— У правядзенні брэндавых мерапрыемстваў прымаюць удзел і бібліятэкі раёна. Назаву самыя значныя святы: «Свіцязянская буронка» (аграгарадок Райца), «Лён-фэст» (вёска Баранавічы), «Свет кветак» (аграгарадок Турэц), «Бульбяны разгуляй» (аграгарадок Цырын), «Мірскія соты» (г.п. Мір) і іншыя.
— Што праводзіцца для дзяцей і вучняў школ раёна?
— Падчас вясенніх канікул праводзіцца Тыдзень дзіцячай кнігі. У летні перыяд працуем па праекце «Кніжныя маршруты лета»— карпаратыўны праект па папулярызацыі кнігі і чытання ў летні перыяд.
Шмат мерапрыемстваў праводзіцца па патрыятычным і прававым выхаванні: праекты «Я — патрыёт, я — грамадзянін», «Зберагаючы памяць пра вайну» і іншыя.
Па здаровым ладзе жыцця з медработнікамі і райЦГЭ арганізоўваюцца ўрокі здароўя, гадзіны прафілактыкі, гутаркі па тэме прафілактыкі шкодных звычак.
Праводзім і квэст-гульні для дзяцей: з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — «Ключ Беларусі», у рамках праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі» — «Код здароўя», «ЗЛЖ», «Бібліярукзачок» — для дашкольнікаў. Праходзяць знаёмствы з кнігамі і часопісамі ў дзіцячых садках і пачатковых класах раёна.
— Вашы пажаданні з нагоды юбілею бібліятэкі сябрам бібліятэчнай сістэмы раёна.
— З нагоды 80-годдзя Карэліцкай раённай бібліятэкі і надыходзячага Новага года жадаю ветэранам бібліятэчнай справы, супрацоўнікам бібліятэк раёна, чытачам і наведвальнікам моцнага здароўя, мірнага неба, здзяйснення жаданняў. Сябруйце з кнігай і ўдзельнічайце ў мерапрыемствах!
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ і з архіва Карэліцкай раённай бібліятэкі
З гісторыі
На 1 жніўня 1944 года хаты-чытальні былі ў Запольскім, Ятранскім, Малюшыцкім, Дальнаруцкім, Цырынскім, Варанчанскім, Міратыцкім, Руткавіцкім сельскіх Саветах і чытальня пры Валеўскай машынна-трактарнай станцыі. У населеных пунктах Мірскага раёна: В. Слабада (1949 г.), Жухавічы, Крышылоўшчына, Ярэмічы (1948 г.), Сімакава, Турэц (1946 г.) і Мір.
Восенню 1944 года моладзь і камсамольцы Карэліч пачалі збіраць у насельніцтва кнігі, каб адкрыць у мястэчку бібліятэку. Сярод іх быў Іван Аляксандравіч Шыбут. Бібліятэка пачала дзейнічаць з 28 снежня 1944 года. Асобнага памяшкання не было, і яна размяшчалася ў будынку старога Дома культуры. З 28 снежня 1944 года на пасаду была прызначана Петухова (Гасціла) Надзея Канстанцінаўна. Яна працавала загадчыцай бібліятэкі да 22 лютага 1950 года.
З 22 лютага 1950 года прызначылі на пасаду загадчыка Радзеўскага Віктара (Квінцімона) Іванавіча. З 1 красавіка 1952 года да снежня 1954 года загадчыцай раённай бібліятэкі працавала Радзеўская Анастасія Аксёнаўна. Потым часова выконвала абавязкі загадчыцы Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі Дубіна Алімпіяда Іванаўна. А з 3 студзеня 1955 года да 7 мая 1985 года дырэктарам бібліятэкі працавала Іваноўская Вера Канстанцінаўна.
У 1957 годзе кніг у бібліятэцы стала ўжо больш за 15 тысяч экзэмпляраў. Часцей сталі прыязджаць у раён беларускія пісьменнікі на сустрэчы з чытачамі. Гэта Іван Шамякін, Максім Танк, Алесь Бачыла і іншыя. У 1960 годзе адбылася міжведамасная канферэнцыя бібліятэчных работнікаў. З 1961 года пачала весціся работа для таго, каб кніжны фонд бібліятэкі меў адкрыты доступ для ўсіх чытачоў.
У 1975 годзе бібліятэка становіцца цэнтральнай, аб’яднаўшы ў цэнтралізаваную сістэму 49 бібліятэк раёна з адзіным бібліятэчным фондам больш за 400 тысяч экзэмпляраў. Арганізаваны новыя аддзелы: методыка-бібліяграфічны (загадчык Журылава А. В.), аддзел абслугоўвання (загадчык Турок Т. І.), аддзел камплектавання і апрацоўкі (загадчык Анісім М. І.) Упершыню ў штат бібліятэкі ўведзена адзінка бібліёграфа (Яфрэмава Н. С.).
З 7 мая 1985 года дырэктарам Карэліцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы стала Ніна Сяргееўна Яфрэмава. У гэтыя гады бібліятэка пачала весці вялікую пошукавую работу па гісторыі літаратуры, культуры, выяўляць знакамітых людзей Карэліччыны, складаць пра іх спісы літаратуры, пісаць сцэнарыі і праводзіць мерапрыемствы да юбілеяў знакамітых землякоў.
3 лютага 2024 г. на пасаду дырэктара ЦБС была прызначана Лілія Канстанцінаўна Арцюх.
З 2004 года бібліятэка пачала працаваць у аўтаматызаваным рэжыме па праграмах: «Апрацоўка» і «Аналітыка». З 1 снежня 2004 года ўведзены платныя паслугі на кошт інфармацыі праз Інтэрнэт па запыту чытача. Прыхільнасць чытачоў да бібліятэкі застаецца нязменнай. Яе паслугамі штогод карыстаецца 3,5 тысячы чалавек — 45-46 працэнтаў жыхароў г.п. Карэлічы і навакольных вёсак.
У 2007 годзе былі набыты тры камп’ютары для Цэнтральнай раённай бібліятэкі, створаны мультымедыйны цэнтр. У 2008 годзе для аўтаматызацыі бібліятэчнага абслугоўвання карыстальнікаў Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі быў набыты камп’ютар пад сервер і праведзена лакальная сетка. Набыты праграмы «Рэгістрацыя чытачоў» і «Абслугоўванне».
Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА