Электромонтер Кореличского РЭСа Владимир Дедуль вспоминает, как устранял последствия летних ураганов

Пасля летніх ураганаў, якія пракаціліся па тэрыторыі Беларусі ў ліпені і жніўні, многія населеныя пункты былі абясточаныя. Дзякуючы кругласутачнай працы энергетыкаў, сітуацыю ўдалося выправіць за даволі кароткія тэрміны. У знак падзякі дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне энергетыкі “Белэнерга” заснавала нагрудны знак, які сімвалізуе зладжанасць энергетыкаў і адданасць абранай справе.

Заслужаныя ўзнагароды работнікам Карэліцкага РЭС уручыў дырэктар філіяла “Лідскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга” Андрэй Конан:


— Прыемна, што нашы супрацоўнікі гатовы ў любы момант дапамагчы калегам у любым пункце нашай рэспублікі. Ліпеньскія падзеі паказалі прафесіяналізм і адказнасць, з якімі нашы спецыялісты кругласутачна працавалі над аднаўленнем энергасістэмы не толькі нашага раёна, але і населеных пунктаў Гомельскай і Віцебскай абласцей.
Згодна з загадам № 456 ад 27 лістапада 2024 года, нагрудным знакам “За аднаўленне энергазабеспячэння” ўзнагароджаны пяцёра работнікаў Карэліцкага РЭС: кіраўнік філіяла Ігар Маковік, галоўны інжынер Ігар Самалюк, вадзіцель Мікалай Таўлуй, электраманцёры Уладзімір Дзедуль і Аляксандр Крупец.

Вадзіцель Мікалай Таўлуй, электраманцёр Уладзімір Дзедуль, начальнік РЭС Ігар Маковік, дырэктар філіяла “Лідскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга” Андрэй Конан, галоўны інжынер Ігар Самалюк, электраманцёр Аляксандр Крупец

Павіншаваў карэліцкіх энергетыкаў з надыходзячым прафесійным святам настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы іерэй Ігар Пірог, які падарыў электрасеткам ікону святой Варвары.


Адным з тых, каму быў уручаны нагрудны знак, стаў электраманцёр па эксплуатацыі размеркавальных сетак 0,4 кВт і 10 кВт Уладзімір Дзедуль. Мужчына дапамагаў устараняць наступствы стыхіі ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласці.


— Мы заўжды гатовы прыйсці на дапамогу нашым калегам, — кажа мужчына. — І яны ніколі не адмаўляюць у дапамозе нам. Кожны разумее, што сучаснаму чалавеку складана без электрычнасці, таму мы прывыклі працаваць аператыўна.
Сапраўды, у сучасным свеце самы дробны збой у электразабеспячэнні выклікае праблемы. Аднак, калі ўсё працуе спраўна, мала хто задумваецца аб такіх пытаннях. Акрамя спецыялістаў, якія абслугоўваюць электрасеткі. Пасля летніх ураганаў на пацярпелыя населеныя пункты было балюча глядзець: дамы і сельскагаспадарчыя аб’екты, якія засталіся без дахаў, дарогі, перакрытыя вырванымі з коранем дрэвамі. Першымі ў барацьбу з наступствамі стыхіі выйшлі супрацоўнікі МНС і энергетыкі.
— Раней такія ўраганы здараліся не так часта, як сёлета, — расказвае мужчына. — Нам прыходзілася не толькі аднаўліваць парваныя лініі, але і ўстанаўліваць новыя апоры. Працавалі кругласутачна.
Уладзімір у Карэліцкім РЭСе ўжо 16 гадоў. Расказвае, што прыйшоў працаваць па парадзе сяброў, якія шчыравалі тут. Справа электраманцёра прыйшлася па душы, таму і застаўся:
— Аб тым, што прыйшоў у РЭС, не шкадую. Нашу работу нельга назваць манатоннай — двух аднолькавых выпадкаў проста не бывае. Да таго ж, у ёй вельмі шмат тонкасцяў.
Цікаўлюся ў Уладзіміра, чым займаюцца спецыялісты яго профілю. Мужчына адказвае коратка: сочаць, каб даверанае абсталяванне працавала бесперабойна і бяспечна.
Пра электрыкаў кажуць, што яны, як сапёры: памыляюцца толькі адзін раз. Таму галоўнае — не грэбаваць правіламі бяспекі. Яны напісаны не проста так. Яшчэ адным важным складнікам мужчына называе работу ў камандзе:
— Я працую ў брыгадзе, а гэта каманда прафесіяналаў, дзе кожны ведае свае абавязкі. Таму з самага пачатку я засвоіў, як важна прыслухоўвацца да сваіх таварышаў, адчуваць пачуццё локця. У любой арганізацыі важны згуртаваны калектыў. У нас ён ёсць, і гэта значны плюс.
Пытаюся таксама і аб тым, што мужчына адчувае, атрымаўшы такую ўзнагароду.
— Зразумела, прыемна, што наша работа не засталася незаўважанай. Але хочацца, каб такіх выпадкаў, калі з зямлі вырывае апоры ЛЭП і рве правады, не здаралася.

Сяргей Столяр
Фота аўтара