Чем живут Турецкий и Райцевский сельсоветы
Турэцкі сельсавет
Леанід Ярмола – ініцыятар добрых спраў
Стараста вёскі. Праца ў іх ганаровая і цалкам бясплатная. Затое гэта свайго роду маркер аўтарытэту ў роднай вёсцы. Бо людзі ніколі не давераць такую важную пасаду непаважанаму аднавяскоўцу, не будуць лічыцца, не пойдуць за ім у розных справах і пачынаннях. Так што гэтая дзейнасць заслугоўвае асобнай старонкі ў сямейным летапісе, а дзеці і ўнукі маюць поўнае права заўсёды з гонарам гаварыць: “А наш бацька (дзядуля) – стараста вёскі!..” Адным з такіх з’яўляецца Леанід Георгіевіч Ярмола – стараста вёскі Тарасавічы. Ён умее арганізаваць аднавяскоўцаў і сам не стаіць убаку: разам наводзяць парадак на могілках, прыбіраюць смецце, рамантуюць, падкошваюць пустазельную расліннасць, добраўпарадкоўваюць месцы агульнага карыстання. А колькі невялікіх, але вельмі важных спраў застаюцца «за кадрам», але робяцца увесь час! Добры стараста ніколі не пройдзе абыякава міма праблемы вёскі ці бяды канкрэтнага чалавека: ён і ўвагу зверне, і ўнікне, і ўсе сілы кіне на вырашэнне пытання, і сам не марудзячы на дапамогу прыйдзе.
Абновы сельгаспрадпрыемства
Машынны парк ДП “Чарняхоўскі-Агра” папоўніўся новай тэхнікай. Як расказала дырэктар гаспадаркі Наталля Дубкова, новенькі МАЗ 20-тоннік ужо прайшоў тэхнічнае абслугоўванне і гатовы да перавозкі грузаў. Ключы ад новых машын, як правіла, атрымліваюць лепшыя механізатары і вадзіцелі. За руль гэтага аўтамабіля сеў дасведчаны кіроўца Віталій Турко, які заўсёды адказна ставіцца да даручанай справы.
Працоўнаму дэсанту быць
У цэнтры аграгарадка Турэц, па вуліцы Карэліцкай, паміж дамамі №14 і 16, сіламі мясцовага сельвыканкама і работнікамі ДП “Чарняхоўскі-Агра” праводзіцца ачыстка меліярацыйнага канала ад драўнінна-хмызняковай расліннасці, таксама вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі яўрэйскіх могілак.
Райцаўскі сельсавет
Падарыць радасць
Вучні і члены валанцёрскага атрада “Данка” сумесна з навучэнцамі Лукскай сярэдняй школы пабывалі ў Лукскай бальніцы сястрынскага догляду. Рабяты прыйшлі не з пустымі рукамі. Яны ўручылі гасцінцы пацыентам бальніцы, а разам з імі падарылі хвіліны радасці. Таксама валанцёры разам з настаяцелем прыхода храма святой вялікапакутніцы Варвары Аляксеем Шышкіром наведалі дзіцячае аддзяленне Карэліцкай ЦРБ і сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна ў агр. Палужжа.
Цікава і з карысцю
23 студзеня ў Райцаўскай сярэдняй школе імя У.А. Галавача ў рамках праекта ШАГ прайшло мерапрыемства на тэму “Маладосць – час выбару. Куды паступаць вучыцца?”. Госцем мерапрыемства стала навучэнка другога курса Навагрудскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага каледжа Кацярына Дарафей.
Рабяты актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні будучых прафесій, вывучалі магчымасці навучальных устаноў і атрымлівалі карысныя парады ад запрошаных спецыялістаў.
Добра там, дзе не смецяць
У вёсцы Падгайна сіламі работнікаў сельсавета і мясцовых жыхароў ліквідавалі стыхійную звалку. Цяпер каля дома № 17 наведзены парадак. У большасці сваёй тых, хто зладзіў несанкцыянаваную звалку, знайсці цяжка, а прыбіраць прыйшлося ўсім. І тут справа не ў адсутнасці магчымасці выкінуць смецце ў адведзеным для гэтага месцы, а ўсё ж у выхаванні.
Паспець да першага дня вясны
Перыяд падрыхтоўкі да пасяўной — адказны і важны этап у працы ўсёй сельскагаспадарчай галіны. Гэта выдатна разумеюць у СВК «Свіцязянка-2003». Аграномы правяраюць насенны матэрыял, механізатары актыўна рамантуюць тэхніку. Задача — справіцца з усім да сакавіка. Ад спраўнасці машынна-трактарнага парка ў тым ліку залежыць аператыўнасць працы і яе якасць. Кіпіць праца ў рамонтных майстэрнях. За свой агрэгат тут кожны адказвае сам. Усе як адзін прытрымліваюцца думкі, што трэба адрамантаваць так, каб можна было пасяўную адпрацаваць без праблем. Спяшаюцца аграрыі, бо і тэхагляд не за гарамі.
Кацярына КУКАНАВА