Сотрудники Кореличского РОЧС: «Риск ради спасения жизни человека всегда оправдан»
У нашай краіне 19 студзеня адзначаюць прафесійнае свята выратавальнікі – смелыя людзі, заўжды гатовыя прыйсці на дапамогу. Толькі самыя адказныя і трывалыя здольны несці гэтую нялёгкую службу. Менавіта з такімі людзьмі мне і давялося пазнаёміцца напярэдадні іх прафесійнага свята
– Вельмі часта пажарныя першымі аказваюцца на месцы здарэння і пачынаюць дапамагаць людзям. Выратавальнік – не проста прафесія, а лад жыцця, пэўная філасофія, якой я прысвяціў больш за дваццаць гадоў свайго жыцця, – расказвае начальнік асобнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 агр. Цырын Віталій Анісім.
Віталій Аляксандравіч сутыкнуўся са справай пажарніка яшчэ падчас службы ў арміі. Там існавала пазаштатная пажарная дружына, дзе ён быў камандзірам аддзялення. Першы выезд на пажар таксама быў у арміі: гарэла лазня.
– Пасля арміі прапанавалі працаваць у цырынскай часці. Я родам з Варончы, да Цырына недалёка, таму згадзіўся. Сэнс службы быў для мяне зразумелым, я ведаў, якія рызыкі мяне чакаюць.
Першы выезд на пажар адбыўся праз два тыдні пасля таго, як Віталій прыйшоў на службу. Той дзень мужчына памятае вельмі добра: у агр. Лукі гарэў жылы дом. Частка будынка згарэла, але абышлося без ахвяр.
На пытанне, якім павінен быць выратавальнік, Віталій Аляксандравіч адказвае, што галоўнае — фізічная падрыхтоўка, бо нагрузкі на арганізм вельмі вялікія. Сам мужчына рыхтаваўся паступаць у фізкультурны інстытут, сур’ёзна займаўся спортам. У 9 класе быў чэмпіёнам вобласці па цяжкай атлетыцы і стаў пятым на рэспубліканскіх спаборніцтвах, займаўся гіравым спортам, іграў у футбол і валейбол. Некалькі гадоў трэніраваў зборную Гродзенскай вобласці па гіравым спорце.
— У нас увесь пост быў спартыўным, — успамінае Віталій. — Начальнікам паста ў той час быў Аляксандр Аляксандравіч Барысік, ён скончыў фізкультурны інстытут, набіраў да сябе на пост спартыўных хлопцаў. Мы маглі сваім пастом у 5 чалавек паехаць гуляць у міні-футбол, валейбол, адным пастом закрыць спаборніцтвы.
Але адной фізічнай крэпасці для выратавальніка недастаткова. Важна цвёрда ведаць, што неабходна рабіць на пажары, выконваць усё дакладна і зладжана. Да таго ж важнымі застаюцца асабістыя якасці — абыякавы чалавек не зможа рызыкаваць жыццём дзеля іншых.
Расказваючы пра калег, Віталій Анісім адзначае, што выпадковых людзей у іх прафесіі не бывае, а з калектывам, у якім давялося працаваць, у яго звязаны самыя цёплыя ўспаміны.
Наступны мой субяседнік — вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Карэліцкага РАНС Аляксандр Кохан адпрацаваў выратавальнікам больш за 30 гадоў. Успамінае, што на працу яго запрасіў былы начальнік аддзела Мікалай Фёдаравіч Палуносік:
— Тады былі “ліхія” дзевяностыя. Я збіраўся выехаць за мяжу, але вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі выратавальніка. І ні было такога выпадку, каб я пашкадаваў аб прынятым рашэнні.
Аляксандр прызнаецца, што спачатку было складана. Пажараў у той час было вельмі шмат, амаль кожнае дзяжурства прыходзілася выязджаць на барацьбу з вогненнай трагедыяй. Тэхніка была не вельмі добрай — старыя машыны “ЗіЛ” і “ГАЗ”, у якія змяшчалася ўсяго 2,5 тоны вады:
— Толькі прыедзеш, зальеш усё вадой, неабходна ехаць запраўляць бочку. Напэўна, чулі анекдоты аб тым, як пажарныя прыехалі на пажар без вады? Вось яны і ўзнікалі, бо неабходна было ўвесь час папаўняць запас вады. Цяпер, вядома, працаваць лягчэй. Магутныя, высокапраходныя аўтамабілі, дарогі выдатныя — усюды праедзеш, ды і пажараў стала значна менш.
Цікаўлюся ў субяседніка, чаму, на яго думку, вогненных стыхій паменшала.
— Я бачу тры прычыны. Па-першае, добра працуе прафілактыка. Спецыялісты амаль кожны дзень выязджаюць у дзіцячыя садкі і школы, наведваюць пажылых і адзінокіх людзей, завітваюць у шматдзетныя сем’і і да тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. Па-другое, самі людзі сталі больш адказнымі і свядомымі. Мала хто паліць цыгарэты ў доме, амаль усе выходзяць на двор ці ў веранду. У кожным доме ці кватэры стаіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік — людзі разумеюць, што гэта карысная прылада і самі ўсталёўваюць яго сабе і сваім бацькам. Па-трэцяе, усё менш застаецца дамоў з пячным ацяпленнем. Дзесьці падключылі газавае, дзесьці — электрычнае. Гэта і зручна, і бяспечна.
Адной з пераваг працы выратавальнікам мужчына называе калектыў і дадае, што калектыў, у якім яму давялося працаваць, вельмі добры і таварыскі. Такой і павінна быць пажарная каманда:
— Вельмі радуе, што прыходзяць працаваць маладыя хлопцы. Значыць, наша служба падаецца ім цікавай і яны гатовы звязаць сваё жыццё са справай выратавальніка. Зразумела, хтосьці паспрабуе і кідае, але большасць застаецца.
Арцём Кугач якраз з гэтай кагорты. Прыйшоў у Карэліцкі РАНС паўтара года таму па запрашэнні былой супрацоўніцы аддзела. Паспрабаваў — і спадабалася. Ды і калектыў сустрэў вельмі добра, але старэйшыя калегі адразу далі зразумець: проста не будзе:
— Мне дапамаглі ўліцца ў калектыў і прынялі вельмі цёпла, але растлумачылі, што неабходна настройвацца на сур’ёзны рабочы лад. Старэйшыя калегі першы час паказвалі, тлумачылі, што і як неабходна рабіць, як правільна дзейнічаць, дзяліліся каштоўнымі парадамі.
Пытаюся ў Арцёма пра пачуцці, якія адчуваў на першым пажары. І атрымліваю нечаканы цікавы адказ:
— Гэта быў нескладаны выпадак. Гаспадыня вельмі моцна напаліла печку — і пачало тлець рыззё, якое ляжала на гарышчы. Прыехалі, хутка патушылі. Шчыра прызнаюся, што падчас пажару адчуў нейкае душэўнае расслабленне. Не ведаю, як гэта правільна растлумачыць, але, калі працую фізічна, на мяжы магчымасцяў, атрымліваю пэўны зарад адрэналіну і душэўна адчуваю сябе вельмі спакойна.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара