Маленькая страна большого молока. СПК «Свитязянка-2003» ставит новые рекорды в надоях
Люблю прыязджаць у гаспадаркі, знаёміцца з іх руплівымі працаўнікамі, цікавымі людзьмі, адданымі сваёй рабоце, ад таго і расказваюць пра яе з вялікай ахвотай. Збіраючыся чарговы раз у Райцу, вырашыў заехаць на ферму, крыніцу малочных рэк СВК “Свіцязянка-2003”. Патэлефанаваў старшыні гаспадаркі Аляксандру Мяцеліцы параіцца, куды лепш накіравацца. Аляксандр Аляксандравіч скіраваў на МТК “Літараўшчына”. Цудоўна! Там я яшчэ не быў.
На ферме пазнаёміўся з цудоўнай жанчынай, брыгадзірам вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі Ганнай Аляксееўнай Міселя. Менавіта яна будзе маім гідам у гэтай маленькай краіне вялікага малака.
— Пагалоўе на нашым комплексе — 405 жывёл, — расказвае Ганна Аляксееўна. — 145 знаходзяцца на бяспрывязным утрыманні, 260 дояцца з дапамогай робатаў, іх у нас чатыры. Таксама тут гадуюцца цялушкі і бычкі да двух месяцаў.
Перш-наперш цікаўлюся лічбамі. За снежань мінулага года на “Літараўшчыне” надаілі 387991 кг малака, адна рагуля дала 958 кг. Гэты вынік на 28 кг больш, чым у снежні 2023 г. Увогуле за мінулы год на ферме надаілі 4718533 кг — на 653 кг больш паказчыка 2023 года. Адразу ўзнікла пытанне: у чым сакрэт такіх выдатных надояў?
— Калі казаць па-руску, то сакрэт поспеху ў трох “К”: “корма”, “кадры” і “качество”, — усміхаецца жанчына. — Кармамі нас забяспечыла агратэхнічная служба. Калектыў у нас вельмі добры, працуе 24 чалавекі, кожны ведае сваю справу, таму і працуем якасна. Усё склалася як мага лепш.
Пра сябе жанчына расказвае няшмат: сама з Брэсцкай вобласці, у гаспадарцы працуе з 1989 года, на “Літараўшчыне” ў мінулым годзе адсвяткавала юбілей — шчыруе тут 20 гадоў:
— Давайце, я вам лепш нашу ферму пакажу.
Крочым у даільную залу. Дойка ўжо скончылася, у зале ціха і прыбрана, але мы сустракаем тут аператара машыннага даення Аксану Жданук.
Жанчына працуе на гэтай ферме крыху больш за паўгода. Да гэтага шчыравала ў Варончы на спіртзаводзе. Дзякуючы абставінам прыйшла на “Літараўшчыну” і аб гэтым не шкадуе: працаваць тут нескладана, заробак годны, калектыў прыязны.
Развітваемся і крочым далей. Прызнаюся, ні разу не давялося бачыць, як дояць робаты, таму ў зале, дзе працуюць гэтыя механізмы, затрымаліся надоўга. Ганна Міселя расказвае, што для гэтай залы не патрэбен нават падгоншчык — рагулі самі ідуць на дойку, бо там іх чакае камбікорм, а камп’ютар счытвае нумар кожнай кароўкі і вырашае, ці неабходна ёй ісці да апарату. Разумны механізм не толькі ведае, якая рагуля стаіць, але і абмывае вымя, здойвае першыя струменьчыкі малака, бачыць, колькі малака даў кожны сасок. Увесь гэты час жывёла проста стаіць у стойле і есць карысны і смачны камбікорм. Мне паказваюць на трубы, якія ідуць пад столлю. Менавіта па ім у кармушку паступае грануляваны камбікорм.
Назірае за працэсам слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання на робатах Андрэй Сак. Ганна Міселя дадае, што робаты лепш раздойваюць жывёл, бо тут цалкам выключаны чалавечы фактар. За ўсімі працэсамі, што адбываюцца на ферме, сочыць камп’ютар, які ведае пра кожную рагулю ўсё: колькі малака яна дае, колькі камбікорму ёй належыць даць, здаровая яна ці захварэла. Гэта незаменны памочнік усіх спецыялістаў: ветурача, тэхніка-асемянатара, селекцыянера.
Час пазнаёміцца з ветэрынарнай службай комплексу. Заходзім у кабінет да ветурачоў і не знаходзім іх на месцы. Нам падказваюць, што жанчыны ў адным з памяшканняў дапамагаюць нарадзіцца маленькаму цяляці. Спяшаемся туды. Звыклымі рухамі ўрачы дапамагаюць кароўцы расцяліцца. Некалькі хвілін — і на свет з’яўляецца нованароджанае цялятка. Жанчыны ўсміхаюцца, абціраюць малое саломай. Затым яго неабходна пакласці пад лямпу, каб абсохла, а таксама даць яму выпіць порцыю малозіва — гэта забяспечыць яго неабходнымі антыцеламі, якія абароняць ад інфекцый. Абавязкова нованароджанае цялятка трэба ўнесці ў камп’ютар.
Накіроўваемся ў цялятнік. Тут у індывідуальных пластмасавых пакоях ляжаць у свежай саломе бычкі і цялушкі да двух месяцаў. Малыя адразу ж цівавяцца гасцямі, цягнуць мызачкі да працягнутай далоні, але, не адчуўшы салодкага паху малака, уцякаюць у свой беласнежны домік.
— Прывагі на цялятках у нас — 882 грамы за мінулы год, — кажа Ганна Міселя. — Гэта плюс 29 грам да ўзроўню 2023 года. Увогуле, мы плюсуем кожны год. І па надоях, і па прывагах. Ідзём толькі з плюсам, а інакш нельга. Мы ўсе разам стараемся шчыра працаваць кожны на сваім месцы, а гаспадарка нас падтрымлівае. Тут створаны ўсе ўмовы для працы і адпачынку. Да таго ж, мы можам адправіцца ў санаторый, на тур выхаднога дня, а гаспадарка ўсё аплаціць.
КАМПЕТЭНТНА
Старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Мяцеліца:
— За 2024 год у гаспадарцы надаілі 23539 тон малака, што на 1039 т больш, чым у 2023 годзе. Надой на адну карову склаў 12059 тон (+370 т да 2023 г). Гатункам «экстра” прададзена 99,1% малака.
Прывагі за 2024 год — 13187 ц (+642 ц да 2023 г.). Сутачныя прывагі — 878 г, што на 37 г больш, чым у 2023 г.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара