На Кореличчине проведен совместный рейд Кореличской РО ОСВОД и РОЧС по водоемам района
— Яшчэ не ўсе вадаёмы раёна замерзлі як след, трэба мінімум 7 сантыметраў, дзесьці таўшчыня лёду дасягае толькі чатырох сантыметраў, а дзесьці ўвогуле назіраюцца палонкі, — кажа старшыня Карэліцкай РА АСВОД Аляксандр Кандрусік. — Моцных маразоў няма, а месцамі неакрэплы лёд прыпарошаны снегам, што прадстаўляе вялікую небяспеку.
Падчас рэйду выратавальнікі нагадвалі аматарам падлёднай рыбалкі пра неабходнасць захавання бяспекі і нашэння яркіх аранжавых камізэлек. Таксама важна, каб лёд быў таўсцейшым за 7 сантыметраў.
— Звычайна зімовыя курткі цёмных колераў, іх складана заўважыць удаленчыні. Яркія аранжавыя камізэлькі добра відаць на далёкай адлегласці. Многія мадэлі маюць свісток, — тлумачыць Аляксандр Кандрусік.
Аднаго з рыбакоў сустракаем на возеры ў цэнтры аграгарадка Лукі. На пытанні выратавальнікаў пра захаванне бяспекі на лёдзе адказвае, што ведае іх і захоўвае. Сапраўды, мужчына ў аранжавай камізэльцы, лункі прасверлены на адлегласці больш за метр адна ад адной, сам рыбак трымаецца ў далечыні ад участкаў, якія не замерзлі.
Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Карэліцкага РАНС Кацярына Зуза адзначае, што ні адзін вадаём вобласці яшчэ не мае трывалага, бяспечнага для выхаду лёду. Ва ўсіх раёнах вобласці дзейнічае забарона выхаду на лёд, пакуль ён не дасягнуў таўшчыні 7 сантыметраў.