Набажэнства, абрад асвячэння вады і купанне ў вадаёме прайшло ў праваслаўнае свята Вадохрышча бліз аграгарадка Краснае
Традыцыі Хрышчэння, ці як яго яшчэ называюць праваслаўныя веруючыя Богаяўлення, у Беларусі вельмі моцныя. Штогод 19 студзеня ладзяць Вадохрышчанскія купанні. Хтосьці акунаецца ў аздараўленчых мэтах, хтосьці па асабістай традыцыі, іншы нырае ў ледзяную ваду для таго, каб праверыць сябе, а хтосьці верыць, што пры гэтым змываюцца грахі. Сёлета ў святочны дзень цэнтрам сапраўднага паломніцтва на Карэліччыне стаў бераг возера аграгарадка Краснае, дзе да праваслаўнага свята была абсталявана вадохрышчанская купель.
Урачыстасць на беразе вадаёма пачалася святочнай літургіяй, якую адслужыў настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы Ігар Пірог. Пасля святар правёў чын асвячэння купелі.
— 19 студзеня ўвесь праваслаўны свет адзначае адно з самых шануемых святаў — Вадохрышча. Дзень, калі хрысціяне праводзяць ачышчэнне душы і цела, купаючыся ў святой вадзе. Лічыцца, што вадохрышчанская вада прыўносіць у дом мір і спакой, змываючы ўсё негатыўнае. Святая вада не толькі матывуе нас да новых здзяйсненняў, але і нагадвае нам пра маральныя каштоўнасці, міласэрнасць і спагаду. Я шчыра жадаю шчодрай Божай ласкі, духоўнага натхнення, цвёрдасці душэўных і цялесных сіл на доўгія гады. Моцнага здароўя, міру і згоды ў жыцці, — павіншаваў прысутных святар.
Каля возера была разгорнута палатка для пераапранання. Работнікі СВК “Маяк-Заполле” і ДП “Малюшычы” арганізавалі палявую кухню з гарачай кашай і гарбатай.
Бяспеку правядзення мерапрыемства забяспечылі супрацоўнікі Карэліцкага РАНС, работнікі вадалазна-выратавальнай і медыцынскай службаў раёна, а падбадзёрвалі прысутных святочныя мелодыі.
На Вадохрышча ў сваё прафесійнае свята аднымі з першых здзейснілі абрад акунання выратавальнікі Карэліцкага РАНС. У кожным з іх моцны дух, мужнасць і адвага, падмацаваныя высокай фізічнай і прафесійнай падрыхтоўкай.
– Да акунання падрыхтаваны. Першы раз акунуўся, калі служыў у арміі, практыкую ўжо на працягу дзесяці годоў. Сімвалічна і тое, што гэта адбываецца ў наша прафесійнае свята,– падзяліўся эмоцыямі супрацоўнік Карэліцкага РАНС Арцём Лапата.
Са слоў Дзмітрыя Куліцкага з райцэнтра, ён сёлета ўпершыню вырашыў акунуцца, і калі зайшоў у ледзяную ваду, то адкрыў для сябе зусім новыя пачуцці, якія складана паддаюцца апісанню:
– Рэзка адольвае люты холад, дыханне сціскае, з’яўляецца адчуванне, што паветра ў лёгкіх няма, а калі выйшаў, хутка апрануўся, то рэзка стала цёпла, быццам я дзве секунды таму і не быў у ледзяной вадзе. Гэта трэба адчуць самому.
За імі парадку дзесяці ахвотнікаў з малітвай трохразова апускаліся ў «крыніцу нятлення, збаўлення хвароб, ачышчэння душ і целаў».
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара