Пункт погляду журналіста: Чаму званок з дзяцінства ўскалыхвае душу?
Люблю тэлефонныя званкі з роднай вёскі. Калі яшчэ жылі бацькі, да іх прыязджала штотыдзень. Пазней, калі родная хата апусцела, тэлефанавала суседка Марыя і расказвала вясковыя навіны. У хуткім часе і яе не стала, але сувязь з роднымі мясцінамі не абарвалася. У куточку дзяцінства жыве дачка сяброўкі, якую называю звязуючым звяном з радзімай.
7 студзеня — Нараджэнне Хрыстова. У гэты дзень яна з дачкой наведалі мясцовую царкву, і сустрэча са святыняй аказала на іх вялікае ўражанне. Суразмоўца апавядала пра богаслужэнне і землякоў. Веруючыя атрымалі вялікую радасць з нагоды вялікага свята і сустрэчы з аднавяскоўцамі.
Наша гутарка адбылася ў вячэрні час. За вокнамі стаяла цемень, але ад яе аповеду ў пакоях кватэры пасвятлела. У адзін момант падалося, быццам святло Каляднай зоркі асвяціла ўсё навокал. Вялікая моц была ў яе словах, добры настрой перадаўся і мне. Хацелася слухаць і слухаць…
У шчырым прызнанні маладой зямлячкі існавала акалічнасць, якая з кожнай хвілінай уражвала ўсё больш. З асаблівай пяшчотай яна расказвала пра людзей старэйшага ўзросту, называючы кожнага па імені і імені па бацьку. Яна ведала ўсіх і ўсё да драбіц, а мне гэта было па душы. Я нарадзілася на гэтай зямлі, вырасла сярод вяскоўцаў, падтрымліваю сувязь з родным куточкам. У гэтыя хвіліны ў думках я была зноў з землякамі і пражывала іх жыцці. З пяшчотай успамінала людзей сталага ўзросту: яны шмат гадоў працавалі ў калгасе, увіхаліся па гаспадарцы, гадавалі дзяцей і не заўважылі, як да іх падкралася старасць. У іх яна дагледжаная, дзеці прыязджаюць у бацькоўскую хату — і гэта радуе. У гэты дзень яны наведалі мясцовую царкву.
Маёй знаёмай за трыццаць. У яе моцная сям’я. На радасць бацькам растуць дзеці: дачка — студэнтка ВНУ сталіцы і сын-дашкольнік. Маладая гаспадыня любіць зямлю, на ёй шчыруе з ранняй вясны да позняй восені. Стараецца рабіць гэта жа сумленна, як яе родзічы ў далёкія гады. Сумленная і працавітая, яна імкнецца жыць годна.
…Званок з малой радзімы заўсёды жаданы. Гэта калыска дзяцінства. Яе нічым у свеце не замяніць, як нічога не выкрасліць з памяці. Любоў да роднага куточка ўзрастае з кожным днём.
Галіна СМАЛЯНКА