Девиз ЦБУ №411 ОАО «АСБ Беларусбанк» в г.п. Кореличи — качественное оказание услуг!
У першую нядзелю студзеня прафесійнае свята адзначаюць работнікі банкаўскай сістэмы і фінансісты. Гэта людзі, якія працуюць непасрэдна з грашыма і дакументамі. Тыя, каго мы прывыклі бачыць, калі наведваем аддзяленні банкаў.
Супрацоўнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг № 411 ААТ “ААБ Беларусбанк” г.п. Карэлічы падышлі да прафесійнага свята з добрымі вынікамі: спрацавалі з прыбыткам, выканаўшы практычна ўсе даведзеныя прагнозныя паказчыкі, што ў сённяшніх няпростых эканамічных умовах мае вялікае значэнне. Гэта вынік напружанай, адказнай працы ўсіх структурных падраздзяленняў ЦБП, правільна наладжанай арганізацыі дзейнасці калектыву пад кіраўніцтвам дырэктара цэнтра Вольгі Марцуты. У мінулым годзе ёй даверана кіраўніцтва Цэнтрам банкаўскіх паслуг № 411. І яна апраўдвае гэты давер. Напярэдадні прафесійнага свята ёй слова:
— Немагчыма гаварыць пра станоўчыя вынікі ЦБП, не адзначыўшы галоўнае: без сумесных намаганняў каманды прафесіяналаў, зацікаўленых у высокай якасці працы, абысціся проста нельга. Наш калектыў — гэта вялікая згуртаваная каманда граматных спецыялістаў, якія адказна выконваюць пастаўленыя перад банкам задачы. Асноўны груз адказнасці кладзецца, безумоўна, на кіруючы склад ЦБП. Гэта людзі, стараннасць якіх уплывае на канчатковы вынік дзейнасці ўсяго калектыву.
На “выдатна” працуе сектар рознічнага і карпаратыўнага бізнесу пад кіраўніцтвам Наталлі Крывапуст. У іх абавязкі ўваходзіць аказанне шырокага спектру банкаўскіх паслуг як для насельніцтва, так і для юрыдычных асоб. Актыўна вядзецца работа, накіраваная на выдачу крэдытаў. Так, напрыклад, усё часцей кліенты банка афармляюць крэдытную лінію на тавары айчыннай вытворчасці “На родныя тавары”.
Аперацыйны аддзел адказвае за абслугоўванне насельніцтва. Яго ўжо шмат гадоў узначальвае Святлана Штурма. Знайсці правільны падыход да чалавека, дапамагчы парадай, даць слушную кансультацыю кліенту — з гэтага складаюцца будні спецыялістаў аддзела.
Нельга не сказаць і аб рабоце нашых аддзяленняў у сельскай мясцовасці. Яны функцыянуюць у шасці аграгарадках раёна і г.п. Мір. Спектр банкаўскіх паслуг у іх з года ў год пашыраецца і мала чым адрозніваецца ад паслуг, што аказваюцца ў райцэнтры. Прыём плацяжоў, валютна-абменныя аперацыі, абслугоўванне банкаўскіх пластыкавых картак, праца з тэрміновымі ўкладамі і каштоўнымі паперамі — вось далёка не поўны спіс відаў аказання паслуг вяскоўцам.
Адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці банка — прыцягненне грашовых сродкаў насельніцтва ва ўклады. Прычым кліенты банка актыўна іх робяць не толькі ў нацыянальнай валюце, але і ў расійскіх рублях, кітайскіх юанях.
Стала паўсядзённай нормай картачная сістэма. Шырокім попытам карыстаюцца SMS-банкінг, М-банкінг, Інтэрнэт-банкінг. Дзякуючы прасоўванню гэтых і іншых банкаўскіх прадуктаў ажыццяўляецца галоўны наш падыход у працы — даступнасць незалежна ад пражывання.
Напярэдадні Дня банкаўскіх і фінансавых работнікаў хачу павіншаваць увесь калектыў ЦБП № 411, ветэранаў банкаўскай справы, нашых кліентаў і калег з аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” г.п. Карэлічы і фінансавага аддзела райвыканкама з Новым годам і Калядамі! Жадаю, каб у наступным годзе праца прыносіла вам пачуццё поўнай самарэалізацыі, здароўя, радасці, міру і дабрабыту.