В Кореличах поздравили со 100-летием Надежду Антоновну Кистень
7 студзеня свой 100-гадовы юбілей адзначыла адна з доўгажыхарак Карэліцкага раёна – Надзея Антонаўна Кісцень.
Гледзячы на гэтую энергічную жанчыну, якая жыва распавядае гісторыі свайго жыцця, нават не скажаш, што за плячыма ў яе цэлае стагоддзе. Юбілярша – прадстаўнік таго пакалення, якое перажыло нягоды Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенных гадоў, але здолела захаваць любоў да жыцця.
У юбілейны дзень нараджэння ў доме Надзеі Антонаўны было шмат гасцей і шмат кветак. Са стагадовым юбілеем жанчыну прыйшлі павіншаваць старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош, намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш і іншыя госці.
– Надзея Антонаўна, віншую Вас са 100-гадовым юбілеем – з узростам мудрасці і гонару! Жадаю Вам моцнага здароўя, бадзёрасці душы, міру, шчасця і дабрабыту! – звярнулася да юбіляркі Іна Богуш.
Аляксей Гаўрош, звяртаючыся да Надзеі Антонаўны, падкрэсліў, што яе жыццё – годны прыклад для пераймання.
— Ад усёй душы жадаю, каб здароўе не падводзіла, жыццялюбства і аптымізм ніколі не вычэрпваліся, а над галавой заўсёды было мірнае неба. З выдатным стогадовым юбілеем!
Старшыня райсавета дэпутатаў уручыў жанчыне новы пашпарт.
У гонар свайго юбілею жанчына задзьмула свечкі на святочным торце і падзякавала ўсім за праяўленыя да яе ўвагу і клопат.
– Ужо з новым пашпартам грамадзянкі Рэспублікі Беларусь буду галасаваць сёлета за нашага Прэзідэнта, – дадала жанчына.
Кацярына КУКАНАВА
Фота Іны ЛЕЙКІ