В Кореличах прошел районный фестиваль «Христославы-2025»
«Хрыстос нараджаецца – слаўце! Хрыстос з нябёсаў – сустракайце!».
Традыцыйна ў перыяд Каляд праваслаўныя акунаюцца ў атмасферу дабра і радасці. 11 студзеня ў г.п. Карэлічы адбыўся раённы Калядны фестываль «Хрыстаславы-2025», які праводзіцца штогод у рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж аддзелам адукацыі Карэліцкага райвыканкама і Карэліцкім благачыннем Навагрудскай епархіі.
У фестывалі прынялі ўдзел навучэнцы ўсіх дзесяці школ раёна, выхаванцы нядзельных школ. Праз песні, танцы і тэатральныя пастаноўкі хрыстаславы падзяліліся весткай пра тое, што на свет з’явілася Боганемаўлятка: «Хрыстос нараджаецца – слаўце! Хрыстос з нябёсаў – сустракайце!».
З прывітальным словам да прысутных звярнулася начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч, якая адзначыла, што дадзенае мерапрыемства – плод сумеснай работы школы і царквы. З кожным годам яно становіцца больш маштабным і цікавым. Таксама яна выказала словы падзякі ўсім святарам раёна за цеснае супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі раёна ў пытаннях выхавання падрастаючага пакалення.
Настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы Ігар Пірог адзначыў, што свята Нараджэння Хрыстова штогод аб’ядноўвае навучэнцаў устаноў адукацыі раёна на фестывалі-конкурсе «Хрыстаславы». Ён пажадаў удзельнікам, каб кожнае з выступленняў пакінула незабыўны водгук у гледачоў.
– Бог нарадзіўся, і мы славім яго. Праслаўляць нараджэнне Богадзіцяці – гэта тое, што нам неабходна як хрысціянам. Радасцю вялікай падзеі дзелімся з кожным на сваім шляху, – адзначыў Ігар Пірог.
Мерапрыемства ў фармаце музычна-тэатральнага прадстаўлення было напоўнена радасцю і захапленнем. Не менш урачыстым момантам стала ўручэнне юным хрыстаславам памятных дыпломаў і салодкіх падарункаў. Завяршаючым акордам фестывалю стаў святочны агульны салодкі стол.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара