В Кореличах состоялся День правового приема граждан

Сустрэча адбылася ў ТАА «Глорыя-Эглес», удзельнікамі якой сталі работнікі гэтай арганізацыі і Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Да іх завітаў старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва Станіслаў Жалудок. Тэма яго выступлення: «Віды і парадак прадастаўлення працоўных і сацыяльных водпускаў».


Прамоўца засяродзіў увагу на калектыўным дагаворы, пытаннях прадастаўлення водпускаў, выплаце адпускных, перапынку для прыёму ежы і іншых. Таксама паведаміў аб рабоце абласной прафсаюзнай галіны, галоўнай задачай якой з’яўляецца абарона інтарэсаў членаў прафсаюза. «Усе спрэчкі і скаргі нараджаюцца, калі бакі не дамаўляюцца. Прафсаюзы павінны згладжваць канфлікты, праводзіць растлумачальную работу сярод наймальнікаў і работнікаў», — адзначыў Станіслаў Станіслававіч. Удзяліў увагу і пытанню аховы працы, адзначыўшы, што трэба ўважліва адносіцца да свайго здароўя і жыцця.
Станіслаў Жалудок закрануў і тэму перадвыбарнай кампаніі: «Прыходзьце на выбарчыя ўчасткі і галасуйце. Ад Прэзідэнта дзяржавы залежыць не толькі лёс краіны, але кожнага з нас. Перыяд адказны, і трэба зрабіць правільны выбар».
На сустрэчы пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын расказаў аб адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў экстрэмісцкай накіраванасці і парушэння парадку правядзення і арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Віктар Васільевіч заклікаў прысутных падчас правядзення галасавання быць пільнымі, не паддавацца на правакацыі, дэталёва правяраць інфармацыю ў сацыяльных сетках і рабіць свае высновы.
Прысутныя цікавіліся, якія льготы існуюць для аплаты пуцёўкі ў санаторыі. На дадзенае пытанне абласны прафсазны лідар даў тлумачэнне.
У правядзенні Дня прававога прыёму грамадзян прыняла ўдзел старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Пянькоўская. Яна адзначыла важнасць мерапрыемства: сустрэчы ў калектывах даюць магчымасць работнікам даведацца шмат карыснай інфармацыі і атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ